Вы тут

Якія сакрэты хаваюць курсы хуткага чытання?


Кожны з нас штодня сутыкаецца з вялікай колькасцю інфармацыі. Мы праглядаем навіны ў інтэрнэце, імкнёмся «праглынуць» новы папулярны бестселер, каб хутчэй даведацца ў чым развязка, удумліва ўнікаем у інструкцыю, бо трэба запомніць, як і што рабіць. Напэўна, не існуе такога чалавека, які б за дзень не прачытаў ніводнага сказа. А тыя, хто чытаюць шмат і залпам, непазбежна задумваюцца, як навучыцца гэта рабіць яшчэ хутчэй.


На за­ня­тках па хут­кім чы­тан­ні ў пер­ша­класні­каў.

Аб'явы курсаў хуткага чытання сустракаюцца даволі часта — значыць, попыт на іх ёсць. Як правіла, на занятках абяцаюць не толькі паскорыць тэмп чытання, але і ўсебакова развіць памяць, увагу, мысленне. Праводзяцца яны і для дзяцей, і для дарослых.

Вядома, для вучняў малодшых класаў чытанне — амаль галоўны навык. Калі дзіця дрэнна чытае, гэта адбіваецца на вучобе ў цэлым. Якім чынам курсы хуткага чытання могуць паўплываць на паспяховасць? У пошуках адказу я звярнулася ў адзін са сталічных адукацыйных цэнтраў, які ладзіць заняткі па адпаведным кірунку.

— Цяпер у школьнікаў існуе занадта шмат спакусы, — лічыць інтэлект-трэнер цэнтра Кацярына САМУСЕВА. — Тэлевізар, камп'ютар, гульні на планшэтах і ў тэлефонах адцягваюць увагу ад вучобы, не даюць дзіцяці сканцэнтравацца на ведах. Так губляецца цікавасць да кнігі, чытання ўвогуле. Мы дапамагаем адрадзіць інтарэс.

Пры гэтым сярод наведвальнікаў адукацыйнага цэнтра нямала і тых, хто хоча натрэніраваць памяць, каб з лёгкасцю засвойваць школьную праграму.

— Прыходзім на курсы ўжо другі раз, — кажа бацька вучня 4-га класа Аляксея. — У мінулым годзе таксама наведвалі заняткі. Былі ўражаны вынікам. Сын пачаў лепш вучыцца. Хадзілі на курсы і летам, каб пасля доўгага перапынку Лёшу было лягчэй брацца за вучобу.

Навучыць дзяцей хутка чытаць — гэта не асноўная мэта. Кацярына падкрэслівае, што галоўнае, каб дзіця чытала правільна і разумела, аб чым гаворыцца ў тэксце, магло пераказаць яго.

Зазіраю на заняткі да першакласнікаў. Пачынаюць з размінкі — робяць дыхальную і артыкуляцыйную гімнастыкі, чаргуюць іх з чытаннем услых невялічкіх тэкстаў. Потым праверка дамашняга задання, сярод якога і вымаўленне скорагаворак.

— Іншы раз дзеці прыходзяць да нас не з самым вялікім жаданнем, але займаюцца потым усе з задавальненнем, на ўроках у нас не сумна, — кажа Кацярына.

На занятках сапраўды цікава. Вучням прапануюць прачытаць апавяданне на хуткасць, запомніць змест і адказаць на пытанні; знайсці пэўныя літары ў сказах і падкрэсліць; выпісаць маленькія або вялікія літары, каб атрымалася слова; намаляваць тое, пра што гаворыцца ў тэксце і шмат іншага. Зразумела, для старшых класаў заданні больш складаныя.

Адны дзеці спраўляюцца з практыкаваннямі хутка, іншым патрабуецца больш часу. Але праз 5-6 заняткаў ужо можна заўважыць вынік у кожнага. Усяго курс складаецца з 10—15 урокаў працягласцю 1-1,5 гадзіны. Працуюць таксама групы выхаднога дня. Займаюцца па 5—10 чалавек.

Так, з дапамогай, на першы погляд, нескладаных практыкаванняў дзеці навучацца арыентавацца ў тэксце, хутка вылучаць галоўнае і ўлоўліваць сэнс. Акрамя таго, у вучняў відавочна паляпшаецца ўвага, мысленне, вымаўленне.

Натуральна, каб захаваць вынік, трэба працягваць рэгулярна займацца дома. На гэта робіцца акцэнт. І тут ужо ўсё залежыць ад бацькоў. Дарэчы, увесь працэс навучання пабудаваны на ўзаемадзеянні педагог—вучань—бацькі. У апошніх нават ёсць спецыяльныя дапаможнікі, якія змяшчаюць падрабязнае апісанне методык навучання. Пасля кожных заняткаў праводзіцца бацькоўскі сход. Выкладчык расказвае, чаму навучыліся на ўроку, і тлумачыць дамашняе заданне. Дарэчы заданні даволі аб'ёмныя, і каб выканаць іх да наступных заняткаў (а яны ўжо заўтра!) спатрэбіцца не адна гадзіна.

У Цэнтр хуткага чытання звяртаюцца не толькі дашкольнікі і вучні 1—11 класаў. Як адзначыў дырэктар адукацыйнага цэнтра Ігар ШЫМАНСКІ, курсы хуткага («вертыкальнага») чытання карыстаюцца вялікім попытам сярод дарослых. Іх, дарэчы, 30% ад усіх навучэнцаў. Звычайна гэта студэнты, якім трэба засвойваць вялікую колькасць вучэбнага матэрыялу, або спецыялісты, чые прафесійныя абавязкі звязаны з апрацоўкай інфармацыі.

Аднак меркаванні аб карысці падобных курсаў для дарослых у тых, хто іх наведваў, разыходзяцца. Адны лічаць, што хуткасць чытання сапраўды павялічваецца, але без рэгулярных трэніровак навык губляецца. Праўда, чытаць «вертыкальна» можна толькі лёгкія тэксты, а ў навуковых або з вялікай колькасцю тэрмінаў, гэты метад не працуе.

Другія сцвярджаюць, што курсы хуткага чытання ўвогуле бессэнсоўныя, хутчэй толькі ствараюць ілюзію поспеху, а не рэальныя дасягненні, бо па меры павелічэння ўзроўню, заданні наўмысна палягчаюцца.

Іншыя кажуць, што вынік залежыць перш за ўсё ад уласных намаганняў і рэгулярных трэніровак, і цудаў чакаць не трэба, бо на курсах толькі знаёмяць з методыкай. Таму навучыцца чытаць старонкамі, а не сказамі, можна і самастойна, калі знайсці спецыяльную літаратуру і пазаймацца.


Наталля СЯЛЕЦКАЯ, настаўніца пачатковых класаў сталічнай сярэдняй школы №1: «Курсы патрэбны хутчэй бацькам, а не дзецям»

— Тэхніка чытання ў першым класе амаль не правяраецца, бо не з'яўляецца паказчыкам ведаў. Галоўнае, каб вучань разумеў, пра што чытаў, мог адказваць на пытанні. Праверыць хуткасць можна хіба толькі, каб выявіць дынаміку. У сувязі з гэтым лічу, што першакласнікам наведваць курсы хуткага чытання няма сэнсу. Больш за тое, хлопчык з майго класа хадзіў на адпаведныя заняткі, але ніякага відавочнага паляпшэння не адбылося, ён па-ранейшаму чытаў слаба.

Да таго ж існуе верагоднасць, што наведванне курсаў можа яшчэ пагоршыць сітуацыю. Дрэннае чытанне для дзіцяці таксама праблема. А калі яго вымушаюць наведваць курсы хуткага чытання на канікулах (дарэчы, так было і ў майго вучня)... У дзіцяці гэта можа выклікаць стрэс. Я раю «адпусціць» сітуацыю. Падчас канікулаў дзіцяці лепш адпачыць, поўнасцю абстрагавацца ад чытання, пераключыцца на тое, што яму даспадобы. Карысці будзе больш. Не ўзводзьце дрэннае чытанне ў абсалют. Рана ці позна дзіця дасягне пэўнага ўзроўню. Дарэчы, сваіх дзяцей на такія курсы я не адправіла б.

Што датычыцца тых, хто чытае добра, але імкнецца навучыцца рабіць гэта яшчэ лепш. Справа індывідуальная. Але трэба разумець, навошта? Настаўнікі, натуральна, не зацікаўлены яшчэ больш паглыбляць розніцу паміж вучнямі.

Іншая справа старшакласнікі, у якіх праграма значна большая. Заняткі на курсах могуць дапамагчы хутчэй спраўляцца з аб'ёмамі літаратуры.

— Ці можа школа выправіць сітуацыю?

— Насамрэч у вялікіх класах, дзе вучняў 30 і больш, нельга навучыць усіх чытаць аднолькава добра. У першакласнікаў урок доўжыцца 35 хвілін, лічыце па хвіліне на кожнага. Ва ўсіх дзяцей розныя здольнасці. Як правіла, тыя, хто адразу добра «стартуюць», ужо не паляпшаюць вынік у канцы года, а ў каго спачатку не атрымліваецца, паступова наблізяцца да сярэдняга ўзроўню.

Але выправіць сітуацыю з дрэнным чытаннем магчыма, асабліва калі рабіць гэта ў тандэме з бацькамі. Галоўная задача настаўніка — матываваць, зацікавіць дзіця кнігай. У мяне, напрыклад, на стале заўсёды ляжыць кніга, і на перапынках дзеці бачаць, як я яе часам чытаю. Добра, калі дома чытаюць бацькі. Але разумею на ўласным прыкладзе, што ў чарзе бясконцых клопатаў цяжка знайсці час, каб пачытаць, і часцей за ўсё робіш гэта ўвечары, калі дзеці ўжо ляглі спаць. Але заўсёды прыкметна, калі бацькі цікавяцца літаратурай, а калі ў хаце нават кніжнай палічкі няма. Лічу, няцяжка выкраіць паўгадзіны, каб разам з дзіцем пачытаць цікавае апавяданне.

Існуе шмат методык, якія дапамагаюць заахвоціць да чытання. Напрыклад, я выкарыстоўваю «Гару поспеху». Адпаведна колькасці прачытаных кніг вучань адзначае сябе на пэўным узроўні гары, тым самым паступова падымаецца на яе вяршыню.

Калі дзеці пачынаюць добра чытаць, мы праводзім спаборніцтвы. За кожнае выкананае заданне вучню прысвойваюць значок «машынку». Хто набярэ больш «машынак», той хутчэй апынецца на фінішы. Усе гэтыя «гульні» патрэбны толькі спачатку. Калі вучань адчуе смак чытання, яго захопіць цікавасць да прыгодаў, ніякіх стымулаў ужо не трэба.

— Чым, на ваш погляд, абумоўлена папулярнасць курсаў хуткага чытання? Няўжо дзецям так цяжка даецца школьная праграма?

— Сёння існуе даволі значная праблема — гонка за паказчыкамі. Заўсёды здзіўляе фраза бацькоў: «У гэтай настаўніцы высокія паказчыкі. У яе вучняў амаль стапрацэнтнае паступленне ў ВНУ». У пагоні за высокімі паказчыкамі бацькі імкнуцца адправіць дзяцей на курсы ўжо з маленства, а некаторыя нават наймаюць рэпетытараў. І часцей за ўсё гэта трэба менавіта бацькам, а не дзецям. Здаецца, такім чынам яны кампенсуюць пастаянную занятасць і немагчымасць удзяляць дзіцяці час. Хацела б перасцерагчы бацькоў: дадатковыя заняткі або курсы ў першым класе — занадта вялікая нагрузка.

На самай справе, галоўным паказчыкам павінна быць вялікае жаданне дзіцяці наведваць урокі, імкненне атрымліваць веды. Маці майго вучня аднойчы ў разгубленасці пісала мне, што яе сын збіраецца ісці ў школу з тэмпературай 39. Хлопчык тлумачыў, што ў іх будзе цікавы ўрок, і ён не можа яго прапусціць. Вось вам паказчык!

Здзіўляе, што многія вучні і іх бацькі незадаволеныя адсутнасцю адзнак у першым і другім класах, бо становіцца незразумела, якія поспехі ў дзіцяці. На жаль, «дзявятка» ў дзённіку бацькам кажа шмат больш, чым размова з дзіцем аб тым, што новага ён пачуў у школе.

Раней у вучобе акцэнт рабіўся на якасць, глыбіню ведаў, а сёння больш на адзнакі. Лічу, няхай лепш вучань атрымлівае «сямёркі», але ведае, навошта ён вучыцца. Чым у дзённіку будуць адны «дзявяткі», а за імі — нічога, акрамя «вызубранага» ўрока. Увогуле бянтэжыць, што некаторыя бацькі заахвочваюць дзяцей матэрыяльна, плацяць за адзнакі адпаведныя сумы грошай.

— Як ставіцеся да курсаў хуткага чытання для дарослых?

— Для дарослых, напэўна, яны апраўданыя. Новыя веды дапамогуць хутка спраўляцца з апрацоўкай вялікай колькасці інфармацыі. Я веру, што нават навуковыя тэксты можна навучыцца чытаць хутка і разумець змест. Сама цяпер вучуся ў аспірантуры і ведаю, наколькі важна ўмець хутка працаваць з інфармацыяй, улоўліваць сэнс. Але відавочна ў далейшым, як любыя іншыя навыкі, калі іх не практыкаваць, здольнасць хутка чытаць можа згубіцца.

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Хутка чытаць — больш ведаць?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.