Вы тут

Сямейная пошта


Заўсёды чакаю i чытаю звяздоўскую «Сямейную газету». Падабаюцца яе ўступныя калонкi, даверлiвыя размовы з цiкавымi людзьмi, гiсторыi з фатаграфiямi, «беларусiкi»... Але ж адзiн артыкул мяне насцярожыў: у нумары за 13 кастрычнiка газета пералiчыла 15 прадметаў з нечаканымi тэрмiнамi прыдатнасцi i па сутнасцi прапанавала нам, чытачам, кожны квартал выкiдваць зубныя шчоткi, кожныя два — хатнiя тапачкi, кожны год — расчоскi i парфуму, праз 2-3 гады мяняць падушкi i ручнiкi...


Наконт асобных «прадметаў» з газетай можна пагадзiцца: спецыi i сапраўды страчваюць свой водар, адкрыты перакiс вадароду — лекавыя якасцi, а выпечка са старой мукi — смак, аднак iншае...

Да мяне на вяселле, напрыклад, некалi прыязджала родная цётка з Украiны i ў падарунак прывезла вялiкую падушку. Для таго каб зрабiць яе, яна сама вырошчвала гусей, сама адбiрала пух, шыла навалочку...

Колькi гадоў прайшло, той цётачкi ўжо на свеце няма, а падарунак яе ўсё яшчэ служыць. На гэтай падушцы некалi спалi мы з мужам, потым — нашы дзецi...

Не згодна я выкiдваць i свае ручнiкi, бо, па-першае, большасць з iх таксама падарункi, па-другое, мы не такiя багатыя, а па-трэцяе, дзе логiка? Газета пiша, што заводзяцца ў iх нейкiя бактэрыi, якiя не гiнуць нi ў кiпенi, нi пад гарачым прасам? Дык давайце тады ўсё павыкiдваем, бо дзе гарантыя, што ў шафе тыя бактэрыi з ручнiка не «перасялiлiся» на прасцiны альбо на нашу бялiзну?..

Магчыма, я памыляюся, але так аберагаючы свой арганiзм ад розных мiкробаў i бактэрый, мы распешчваем яго, робiм няздольным супрацьстаяць нават самай дробнай небяспецы, якая падпiльноўвае нас па-за сценамi дома. I чаго тым самым даможамся?

Тамара К., г. Асiповiчы.

Шаноўныя чытачы, мы ўдзячныя вам за тое, што знаходзiце час i дасылаеце ў «Сямейную пошту» свае водгукi i парады. Шчыра радуемся кожнаму лiсту (яны дапамагаюць зразумець, якiя тэмы вас хвалююць, i натхняюць на наступныя нумары) i з нецярпеннем чакаем новых.

Загаловак у газеце: Выкiнуць можна ўсё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?