Вы тут

Хто павінен даваць урокі пяшчоты: сям'я ці школа?


Як выхоўваць сваіх дзяцей, на што звярнуць увагу бацькам і настаўнікам? Адказы на гэтыя пытанні паспрабавалі даць удзельнікі «круглага стала» «Моцная сям — моцная дзяржава: маральныя асновы грамадства і дзяржавы», што прайшоў падчас Тыдня маці ў сталічным храме-помніку ў гонар Усіх Святых. Міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ падчас уручэння ўзнагарод пераможцам рэспубліканскага творчага конкурсу сярод друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі «Моцная сям — моцная дзяржава» падкрэсліла вялікую ролю газет, тэлебачання і інтэрнэт-рэсурсаў у фарміраванні каштоўнасцяў, як грамадства ў цэлым, так і кожнай канкрэтнай асобы ў прыватнасці. І заклікала журналістаў не гнацца за страшнымі гісторыямі, а паказваць станоўчыя прыклады, каб прывіваць дзецям маральнасць і духоўнасць, павагу да сваіх бацькоў, святыняў, гісторыі, традыцый.


Настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны выказаў думку, што нядрэнна, каб у школах з'явіліся ўрокі пяшчоты: «Шмат гора прынесла вайна беларускаму народу. Цяпер жа нам не пагражае ні француз, ні немец, ні італьянец, затое пагражае падлетак-мізантроп з бензапілой ці з сумкай, набітай узрыўчаткай, які вырашыў здабыць славу першага беларускага тэрарыста. Гэта трывожныя званочкі ў тым ліку і аб тым, якія каштоўнасці навязвае нашым дзецям медыяпрастора. Мы рухаемся, паўтараючы лякала іншых краін, карыстаемся чужымі каштоўнасцямі — і атрымліваем такі ж вынік. У нас з'яўляюцца свае «Брэйвікі», якія вяршаць лёсы людзей. Нам трэба будаваць сваю моцную інфармацыйную прастору. Трэба выхоўваць беларусаў, а не людзей глабальнага свету. Мы не можам дазволіць сваёй краіне растраціць свае духоўныя арыенціры. Неабходна тэрміновая рэабілітацыя інстытута сям'і, цяпер ён часткова страціў сваё значэнне. Калі я чую, што дзіця, якое не ходзіць у сад, не адаптаванае да соцыуму (я, дарэчы, таксама ў дзяцінстве не хадзіў у сад), то магу запярэчыць: не адаптаванае тое дзіця, якое не мае паўнавартаснай сям'і. І калі дзеці не паважаюць бацькоў і настаўнікаў, то грамадства ўпэўнена каціцца пад адхон, парушаючы пятую, самую простую, запаведзь «Шануй бацьку твайго і маці тваю...» Менавіта ў сям'і дзіця вучыцца пяшчоце і душэўнай цеплыні (бо пры ўсім мностве школьных факультатываў у школе няма пакуль урока пяшчоты). У сям'і чалавек пераадольвае эгаізм і спасцігае, што такое сапраўднае дараванне, трэніруе цярпенне. Не будзе сям'і — не застанецца на зямлі ніводнага цярплівага чалавека. Напэўна, і такое паняцце, як цярпенне, знікне. Неяк у сацсетках з'явіліся здымкі адной пары. «Як вам удалося пражыць столькі гадоў разам?» — пытаецца ў іх журналіст. «Мы жылі ў той час, калі нічога не выкідалі», — адказалі яны. Галоўнае правіла моцнай сям'і — любоў. Не тая любоў, якую называюць цяпер цягай, жарсцю. А тая, якая, па словах апостала, «даўгацерпіць, уміласціўляецца, не зайздросціць, не праслаўляе сябе, не ганарыцца, не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе зла, не радуецца з няпраўды, а разам цешыцца з ісціны; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць».

Жанна РАМАНОВІЧ, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама: «Усё пачынаецца з сям'і. Я па родзе сваёй дзейнасці часта назіраю, як дзеці крыўдзяць сваіх бацькоў. Калі прыходзіць сын і пачынае табе даказваць, што маме дрэнна з ім дома, а ў інтэрнаце будзе добра, бо там развітыя камунікацыі і шмат зносін. Калі сям'я адмаўляецца забіраць тату з інтэрната, куды прыстроіла яго на месяц, каб з'ездзіць у адпачынак. Кажуць: «Разумееце, мы выкінулі яго спальнае месца»... Адкуль такое стаўленне да сваіх бацькоў?.. Трэба змалку прывіваць дзецям павагу да старэйшых. Важна паказваць станоўчыя прыклады, расказваць пра сям'ю, дзе 13 дзяцей і ў кожнага — у адной руцэ скрыпка, у другой — ракетка, а за спінай — мальберт. Дзе кожнае дзіця думае пра тое, як дапамагчы меншым, каб было лягчэй бацькам. Такія гісторыі павінны быць на першых старонках газет. У школе таксама варта вучыць дзяцей, як правільна ствараць сям'ю, тлумачыць, што шлюб — гэта адказнасць за свайго партнёра, дзяцей. Мы шмат кажам пра абавязкі жанчыны ў шлюбе. Лічу, што больш павінны казаць пра абавязкі мужчыны. Вельмі радуе, што больш з'яўляецца прыкладаў свядомага бацькоўства, што з'яўляюцца тата-школы. Важна актывізаваць ролю таты ў выхаванні свайго дзіцяці».

Антаніна МОРАВА, сустаршыня Беларускага саюза жанчын: «Тата-школам трэба выступіць з ініцыятывай аб зацвярджэнні дня таты ў краіне. Як наш саюз жанчын калісьці выступіў з ініцыятывай, каб у нашай краіне быў дзень маці. Тут гучала такая думка, што ў шчаслівай сям'я растуць шчаслівыя дзеці, я яшчэ дадала б — і ў поўнай. Прыемна, што памяншаецца колькасць дзетак, якія нарадзіліся па-за шлюбам. Сёлета такіх 10%».

Раіса СІДАРЭНКА, намеснік міністра адукацыі: «Займацца выхаваннем майго сына (дачкі) павінна школа, бо большую частку часу ён (яна) праводзіць там», — кажуць некаторыя бацькі. «Мая асноўная задача даць дзіцяці тыя веды, якія дазволяць яму здаць цэнтралізаванае тэсціраванне ды паступіць у ВНУ», — лічаць некаторыя настаўнікі. Але дазвольце не пагадзіцца ні з адной, ні з другой пазіцыяй. Бо галоўная мэта і ў бацькоў, і ў сістэмы адукацыі адна — выгадаваць дзіця годным чалавекам, які будзе кіравацца ў жыцці духоўнымі каштоўнасці. Таму трэба ўзаемадзейнічаць. А калі пачнём размяжоўваць ролю сям'і і школы ў выхаванні — нічога добрага з гэтага не атрымаецца.

Што тычыцца ўрокаў пяшчоты і дабрыні, дык гэтымі пачуццямі павінны быць прасякнуты ўсе ўрокі, незалежна ад таго, літаратура гэта, гісторыя ці мова».

Надзея ЕРМАКОВА, намеснік старшыні «Беларускага саюза жанчын»: «Не сакрэт, што дабрыня выратуе свет. Таму важна з пялюшак прывіваць дзецям гэтую якасць. Бо калі ў некага разумненькая галава, але ўнутры, у душы, пасяліўся благі дух — ніколі ад яго дабра не будзе. Ён можа быць прафесіяналам у сваёй справе і ў той жа час благім чалавекам. Як прывіць тое дабро? Я лічу, што трэба ў школе ўводзіць урокі веры, вывучаць Біблію, Закон Божы. Гэта і ёсць адзін з элементаў урокаў пяшчоты».

Вікторыя МЯНАНАВА, старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі: «Сучасныя дзеці сядзяць у гаджэтах, сацыяльных сетках, іх бацькі ў гэты час стараюцца зарабіць як мага больш грошай. Задача нашых грамадскіх ініцыятыў, у тым ліку, нагадваць, што духоўнасць, людскасць і зносіны павінны быць на першым месцы. У межах валанцёрскага руху «Добрае сэрца» мы ладзім дабрачынныя марафоны.
І такім чынам дапамагаем сем'ям, у якіх дзеці маюць патрэбу ў дарагіх аперацыях, апаратах для далейшай жыццядзейнасці. Так, дзякуючы нашай падтрымцы, была зроблена аперацыя па перасадцы ныркі Лізе Мароз з Маладзечна. Сёння гэтая дзяўчынка — сімвал нашага праекта, які існуе 7 гадоў. Праз месяц такі марафон адбудзецца ў Гомелі ў падтрымку 3-гадовай Кіры, якой патрэбна аперацыя коштам 250 тысяч долараў. Зразумела, што адным мерапрыемствам мы не збяром усю суму, але грамадскі рэзананс выклічам. Нашы валанцёры дзяжураць на сельскагаспадарчых кірмашах і актыўна дапамагаюць пажылым людзям дастаўляць дадому мяшкі з бульбай. Валанцёрскія праекты дапамагаюць разварушыць у людзях такія якасці, як спачуванне і міласэрнасць. Цудоўна, калі прыклад грамадскіх арганізацый падмацоўваецца бацькамі дома. Калі, напрыклад, мама і дачка адбіраюць адзенне, з якога дзяўчынка вырасла, і нясуць яго ў сацыяльны прытулак дзеткам, якія маюць патрэбу. Гэта таксама элементы ўрокаў пяшчоты і дабрыні».

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Урокі пяшчоты

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.