Вы тут

Экс­ліб­рыс «Звяз­ды». Першае каханне: аповесці і апавяданні


Першае каханне: аповесці і апавяданні. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2016. — 479 с.


Пабачыўшы на паліцах кнігарняў і бібліятэк гэтае выданне, многія, безумоўна, узрадуюцца. Гаворка перш за ўсё пра вучняў і школьных настаўнікаў беларускай літаратуры. Кніга, з якой пачалася выдавецкая серыя «Пазакласнае чытанне» (і назва цалкам адпавядае яе прызначэнню), сапраўды дапаможа ў вучобе. Пазбавіць неабходнасці доўга корпацца ў зборах твораў ды томіках выбранага асобных аўтараў, насіць у сумцы цяжкія таміны, з якіх «карысныя» і актуальныя ў пэўны момант навучання — толькі некалькі дзясяткаў старонак, і дасць магчымасць атрымаць усё і адразу. Гэта вельмі ўдалы падыход нават з пункту гледжання маркетынгу: чытачу патрэбна даваць усё і адразу, «хапаць» яго ўвагу яркасцю, універсальнасцю і вычарпальнасцю зместу.

Таму і кніга «Першае каханне» мае на мэце ў першую чаргу прывабіць школьніка творамі нашых класікаў, а яе назва гаворыць сама за сябе: пад увагу ўкладальніцы зборніка, вядомай паэткі Аксаны Спрынчан, трапляюць у асноўным празаічныя творы, што расказваюць пра самыя першыя сімпатыі школьнікаў да сваіх сябровак-аднакласніц ці хаця б даюць тонкі намёк, што пачуццё вось-вось народзіцца. Ну і ў адпаведнасці з задумкай серыі, гэты зборнік пазнаёміць з творамі беларускіх класікаў, якія прапануюцца школьнікам для самастойнага пазакласнага чытання. Як кажуць, выданне дапамагае сумясціць прыемнае з карысным.

І калі для школьнікаў гэтую кнігу можна назваць выданнем актуальным і своечасовым, то нельга сцвярджаць, што для дарослых яно не мае ніякіх прывабных рыс. Тут працуе іншы падыход — настальгічны. Знаёмыя з дзяцінства ці юнацтва творы нібыта пераносяць нас у часе і дазваляюць сустрэцца з сабой — тымі, якімі былі дзесяць-пятнаццаць-дваццаць гадоў таму. Аповесць Міхася Лынькова «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» і апавяданне «Васількі» (ці не пісалі мы паводле яго дыктоўку на ўроках беларускай мовы?), рамантычна-шчымлівая «Насцечка» Кузьмы Чорнага і незвычайная «Вайна ля Цітавай копанкі» Івана Навуменкі... Гэтыя творы — як старыя сябры, якіх даўно не бачыў, якія згубіліся ў часе, але ты заўсёды ведаеш, што яны цябе чакаюць. У любы момант можна вярнуцца, завітаць у госці да іх і разам з тым — да сябе.

Дарэчы, вельмі карысным будзе гэтае выданне і для пісьменнікаў-пачаткоўцаў, якія спрабуюць свае сілы ў жанры кароткага апавядання ці аповесці. Бо ў гэтых тэкстах выяўленыя фактычна ўсе рысы, за якія прынята хваліць айчынную класіку. Не, гэта не традыцыйныя звароты да тэм вайны і вёскі. Гэта неймаверная дэталёвасць апісанняў, багацце мовы (гэта тычыцца перадусім назваў раслін, птушак, разнастайнасці эпітэтаў і метафар — тых элементаў, якія часам губляюцца ў творах сучаснікаў), дакладная перадача пачуццяў герояў. Таксама ў творах са зборнікаў не адчуваецца страху аўтараў падацца наіўнымі, яны ўмеюць нават банальныя сюжэты расказаць цікава і захапляльна.

Так, не пакіне раўнадушнымі падборка апавяданняў Уладзіміра Аляхновіча. Гэта кароткая, але вельмі змястоўная проза, за якой хаваецца і мудрасць жыцця, і назіральнасць, і ўменне аўтара трымаць інтрыгу да апошняга моманту. Героі гэтых твораў — вучні 5—8 класаў, якія толькі пачынаюць самастойна спасцігаць свет і асэнсоўваць сваё месца ў ім. Нехта дзеля першага кахання не баіцца пераходзіць раку падчас крыгаходу і атрымаць запаленне лёгкіх, а нехта з задавальненнем клапоціцца пра пару лебедзяў, што засталіся зімаваць на лясным возеры. Хтосьці смела рушыць за некалькі кіламетраў, каб адшукаць зорку, што ўпала з неба яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Часам чытач нават не вагаецца: такія смелыя шукальнікі-даследчыкі сваю зорку абавязкова знойдуць, пераадолеўшы ўсе перашкоды на шляху.

Хай тая зорка нават будзе проста сімвалічнай — радасцю ад спаткання з каханай, блізкага знаёмства са светам прыроды ці проста вяртання любімай бабулі шчасця жыць — задавальненне ад сустрэчы з марай ад гэтага меншым не стане.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Місія: знайсці зорку

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.