Вы тут

Калі жыць, як набяжыць


Два з паловай гады таму ў нашай газеце расказвалася пра шматдзетную сям'ю з Брэстчыны, у якой прапала 9-гадовая дзяўчынка. Гэта гісторыя тады нарабіла шмат шуму. Дзіця тыдзень шукалі праваахоўныя органы дзвюх дзяржаў, валанцёры, сваякі. Маці сямейства, назавём яе Ганна, адразу заявіла, што дачку забрала з сабой знаёмая жанчына, якую гаспадыня дома прытуліла ў сябе. Сітуацыя ўскладнялася тым, што госця нават на апошніх месяцах цяжарнасці не пакідала асацыяльны лад жыцця, яна даўно пазбаўленая бацькоўскіх правоў, а бадзяжніцтва стала ўлюбёнай справай. Зразумела, чаму на інтэрнэт-форумах многія выказвалі апаску, што распусная жанчына можа недзе прадаць дзіця ці проста пакінуць дзяўчынку ў Расіі. Паводле шэрагу ўскосных прыкмет, выкрадальніца накіроўвалася менавіта ў суседнюю краіну. Там у яе, дарэчы, жывуць сваякі.


Але праз тыдзень, даведаўшыся, што Кацю шукаюць, шалапутная пастаралася вярнуць дзіця на радзіму. Навошта забрала малую, яна толкам і патлумачыць не змагла: так, для кампаніі, для весялосці. Але ж кабета без цара ў галаве, без абавязкаў і ўсялякіх маральных абмежаванняў працяглы час жыла ў шматдзетнай сям'і. Гэты факт асабліва насцярожыў работнікаў органаў адукацыі і сацыяльнай абароны. З'явілася інфармацыя, што малодшых дзяцей Ганны хочуць забраць у прытулак. І зноў жа інтэрнэт узарваўся гнеўнымі каментарыямі на адрас чыноўнікаў, якія могуць разлучыць маці з дзецьмі.

Праўда, ніхто нікога забіраць не стаў. Нават з'явіліся добрыя людзі, якія пастараліся дапамагчы сям'і ў сувязі са складанымі матэрыяльнымі абставінамі. Ганна ж адна гадавала семярых дзяцей.

...Як пішуць часам у мастацкіх фільмах, прайшло два гады. Правільней сказаць, два з паловай. Ганна цяпер — маці васьмярых дзяцей. У яе нядаўна нарадзіўся хлопчык. Праўда, з мужчынамі маці-адзіночцы не вельмі шанцуе, таму яна па-ранейшаму ў пошуку. Старэйшыя дзеці падраслі і ўладкоўваюць сваё жыццё, як лічаць патрэбным. У вёсцы расказваюць, што дачка Ганны, якой тады было сямнаццаць з паловай гадоў, зацяжарала і, адзначыўшы паўналецце, стала мамай. Нават хлопец знайшоўся, які быў гатовы прызнаць бацькоўства і аформіць шлюб. Але бацькі яго настаялі на генетычнай экспертызе, якая і стала індульгенцыяй для няўдачлівага кавалера. Ад радасці ён збег так хутка, што пяты заблішчэлі. Ды маладая матуля доўга не сумавала, знайшла другога. З ім жыццё не атрымалася, але дзіцятка яшчэ адно засталося. Цяпер без малога дваццацігадовая жанчына жыве з трэцім чалавекам, ад якога чакае дзіця.

Сын Ганны, тады шаснаццацігадовы навучэнец прафтэхвучылішча, пайшоў жыць да жанчыны з чатырма дзецьмі, як толькі яму споўнілася васямнаццаць. Аднойчы ён папаўся за дробнае правапарушэнне, і яго разам з маці выклікалі на адміністрацыйную камісію. Адна жанчына там не вытрымала і папракнула Ганну за тое, што яна ўсё нараджае бязбацькавічаў. Тая прыгразіла судом за спробу грубага ўмяшальніцтва ў яе асабістае жыццё.

І сапраўды, хто мае права дыктаваць іншаму, як яму жыць? Наша гераіня любіць сваіх дзяцей, яны галодныя не ходзяць, у яе заўсёды ёсць прадукты ў халадзільніку. Яна ж не п'е гарэлку, падсобную гаспадарку трымае. Не скажаш, што гультайка. Проста жыве крыху ў іншым вымярэнні, а навакольныя яе не разумеюць. Не зразумелі многіх учынкаў прадстаўнікі органаў апекі, што тады з гарачкі хацелі забраць дзяцей. Не разумее родная маці, з якой пастаянныя канфлікты выліваюцца ў гады маўчання з прычыны менавіта ганнінай шматдзетнасці. Не вельмі разумеюць аднавяскоўцы, у фармат чыіх уяўленняў пра жыццё яна не ўпісваецца. Галоўная яе бяда, што не ўмее арганізаваць сябе і свой побыт. Хату, якую купіла за льготны крэдыт, паспела запусціць. Няма мужчынскай рукі, каб прыкласці да хатняй гаспадаркі, а ручкі ў дзвярах чамусьці рэгулярна адвальваюцца. Нават сваім бюджэтам яна распараджаецца не вельмі лагічна. У вёсцы смяюцца, што старэйшаму сыну купіла ў крэдыт мабільнік за 900 рублёў. Яна не вельмі кіруе сваім жыццём, у яе атрымліваецца жыць, як набяжыць.

Думаю, можна зразумець і органы апекі, калі яны паставілі пытанне рубам пасля таго, як у сям'і прапала дзяўчынка. Яшчэ раней яны патрабавалі не дапускаць гэтую жанчыну ў дом да дзяцей. Ды і цяпер для Ганны пэўным стрымліваючым фактарам служыць кантроль з боку раённых службаў. Таму дасць бог, вырастуць усе яе дзеці дома, без інтэрнатных устаноў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».