Вы тут

Што прынясе прыняцце ўказа па абмежаванні продажу алкаголю?


Да 1 лістапада ў Савет Міністраў будзе ўнесены праект указа «Аб асобных пытаннях рэгулявання рознічнага гандлю алкагольнымі, слабаалкагольнымі напоямі і півам». Чарговым этапам зніжэння даступнасці такога тавару абураецца гандаль, які запэўнівае грамадства ў абавязковых дзяржаўных стратах, калі прапанаваныя меры будуць прыняты.


Дзевяць літраў абсалютнага алкаголю ў год прыпадае ў нашай краіне на душу насельніцтва, а паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, і пры васьмі ўжо можна весці размову аб дэградацыі грамадства. Першая лічба не так даўно была яшчэ вышэйшая.

Дзякуючы існуючым абмежавальным мерам — забароне ўжывання піва і слабаалкагольных напояў у грамадскіх месцах, наданню мясцовым органам улады права абмяжоўваць месца і час продажу, — удалося дасягнуць зніжэння на працягу года на 5 працэнтаў колькасці пастаўленых на ўлік у наркадыспансерах, змяншэння выпадкаў алкагольных псіхозаў, а таксама зафіксаваць менш злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення.

«Аднак сітуацыя застаецца складанай, бо ў агульнай структуры злачыннасці па-ранейшаму кожнае чацвёртае злачынства і кожнае трэцяе цяжкае злачынства ўчыняюцца ў п'яным стане, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей КРАСУЦКІ. — Алкаголь у свядомасці нашых грамадзян прыроўнены ўжо да прадуктаў харчавання. Ён знаходзіцца ў крамах побач з хлебам, малаком і цукеркамі. Мы вырошчваем пакаленне, якое ўспрымае алкаголь не як штосьці забароненае, а як штосьці нармальнае і неабходнае... Калі мы наогул не прададзім ніводнай бутэлькі спіртнога, дзяржава толькі павысіць свой даход!»

Праведзеныя ў нас і за мяжой даследаванні паказваюць, што даходы, атрыманыя ад такога гандлю, у два разы меншыя за тыя расходы, якія дзяржава атрымлівае ў выніку спажывання напояў з градусам. Новы нарматыўна-прававы акт вызначае пазіцыі, прадугледжаныя дзяржпраграмай «Здароўе народа» і Дырэктывай №1, якія маюць на ўвазе паэтапнае зніжэнне спажывання алкаголю насельніцтвам. Цяпер прадугледжваецца забарона рэалізацыі алкагольных напояў з 22.00 да 9.00 (або начны гандаль), а таксама забарона гандлю там, дзе для гэтага адсутнічаюць асобныя аддзелы (пакуль толькі для тых гандлёвых арганізацый, плошча якіх большая за 400 кв. м, аднак пазней плануецца пашырыць забаронную практыку і для іншых крам).

А вось спробы гандлёвага лобі прыпыніць гэты працэс нічога не вартыя. Іх асноўны аргумент пра «дзірку» ў бюджэце — проста падмена разуменняў. У сапраўднасці могуць упасці даходы толькі канкрэтных гандлёвых крам і сетак. А што павінна страціць дзяржава, калі чалавек патраціць «алкагольныя» грошы на любыя іншыя тавары?

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бюджэт толькі выйграе!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.