Вы тут

Афрыканскія перспектывы: цяжкасці і дасягненні


Днямі міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей па выніках перамоў з намеснікам прэм'ер-міністра — міністрам міжнародных адносін і супрацоўніцтва Намібіі Нетумба Нандзі-Ндаітвай заявіў, што Беларусь разлічвае павялічыць аб'ём тавараабароту з краінамі Афрыкі. Як цяпер развіваецца Афрыка і якія праблемы стаяць перад Беларуссю на гэтым шляху?


Насельніцтва Афрыкі перавысіла па выніках 2015 года адзін мільярд жыхароў. Кожны год кантынент прырастае 25—27 мільёнамі. Пры гэтым эканамічнае развіццё Афрыкі пакідае жадаць лепшага. 65 працэнтаў рабочых месцаў на кантыненце створана ў сферы сельскай гаспадаркі. Падобная сітуацыя была ў многіх еўрапейскіх краінах сто гадоў таму, што наглядна сведчыць аб эканамічнай адсталасці кантынента. У наяўнасці і сур'ёзныя праблемы ў медыцыне. Калі ў Беларусі смерць парадзіхі ўспрымаецца як надзвычайнае здарэнне нацыянальнага маштабу і адбываецца вельмі рэдка, то ў Афрыцы гэта ўсё яшчэ штодзённасць — на 190 родаў прыпадае адна смерць парадзіхі. Ёсць адставанне ў адукацыі. Пісьменнымі з'яўляюцца толькі 66 працэнтаў маладых дзяўчат і 76 працэнтаў хлопцаў. Рэсурсамі інтэрнэту карыстаецца толькі 22 працэнты жыхароў кантынента. Таксама больш чым палова насельніцтва пазбаўлена доступу да электрычнасці.

Найбольшую цікавасць у Афрыцы прадстаўляюць велізарныя запасы карысных рэсурсаў на яе тэрыторыі, частка якіх ужо знаходзіцца ў распрацоўцы. Так, у сусветным рэйтынгу па вытворчасці нафты Нігерыя стаіць на 13 месцы, Ангола — на 16-м, Егіпет — на 27-м, а Лівія — на 30 месцы. У вытворчасці газу Алжыр знаходзіцца на 7 месцы, Лівія — на 14-м. Па здабычы вугалю ПАР знаходзіцца на 7 месцы, а Мазамбік — на 28-м. У сусветных рэйтынгах па здабычы золата ПАР займае 7 месца з 140 тонамі ў 2015 годзе, а Гана — 10-е з 85 тонамі здабычы. Таксама на кантыненце здабываюцца алюміній і медзь, алмазы, уран, а таксама іншыя каштоўныя рэсурсы.

Беларусь мае дыпламатычныя адносіны з 48 з 54 краін Афрыкі. Адной з галоўных праблем у развіцці адносін з'яўляецца няздольнасць афрыканскіх дзяржаў фінансаваць утрыманне пасольстваў у краінах, падобных па памеры насельніцтва на Беларусь, што абцяжарвае ўзаемадзеянне ў розных сферах. Пераважная большасць паслоў афрыканскіх дзяржаў акрэдытавана ў Беларусі па сумяшчальніцтве, і яны досыць рэдка з'яўляюцца на нашай тэрыторыі. У сваю чаргу беларускія пасольствы мы можам трымаць толькі ў краінах, якія з'яўляюцца самымі важнымі партнёрамі. Яны функцыянуюць у Егіпце, Нігерыі, Эфіопіі і ПАР. Палепшыць узаемадзеянне дапамагае інстытут ганаровых консулаў Беларусі. Яны на цяперашні момант прадстаўляюць Беларусь у Гане, Нігерыі і Судане. Таксама падтрымліваць і развіваць адносіны з краінамі кантынента дапамагае статус назіральніка ў самых важных арганізацыях — Афрыканскім саюзе і Лізе арабскіх дзяржаў.

Важнай задачай з'яўляецца нарошчванне тавараабароту з краінамі Афрыкі, перш за ўсё, беларускага экспарту. Па асобных дзяржавах рэгіёна за 2015 год удалося дасягнуць істотных поспехаў. Так, беларускі экспарт у Анголу ўзрос у шэсць разоў (да 31,2 мільёна долараў), у Камерун — у два разы (да 8,5 мільёна долараў), у Кот-д'Івуар і Судан — у паўтара раза (да 23,6 мільёна долараў і 41,4 мільёна). На жаль, рэзка знізіўся экспарт у ПАР, Уганду, Кенію і Егіпет.

Росту беларускага экспарту ў афрыканскія краіны перашкаджае рэзкае зніжэнне тэмпаў эканамічнага развіцця кантынента ў апошнія гады — калі ў 2014 годзе ён складаў 4,5 працэнта, то па выніках 2015 года знізіўся да 3 працэнтаў, а па выніках 2016 года чакаецца не больш за 2,5 працэнта. Негатыўную ролю адыгрывае таксама неабходнасць везці беларускія тавары і камплектуючыя некалькі тысяч кіламетраў да бліжэйшай афрыканскай краіны. Акрамя гэтага, многія жыхары проста па сваіх даходах не могуць дазволіць сабе купляць імпартныя беларускія тавары. Так, па самых апошніх звестках, колькасць афрыканцаў, якія жывуць менш чым на 1,9 долара ў дзень, дасягае 42,7 працэнта насельніцтва. У Беларусі, як і ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы, з-за ўласцівых рэгіёну высокіх выдаткаў, цяжка вырабляць танныя тавары, якія будуць па кішэні досыць бедным людзям. У выніку на афрыканскім рынку робіць усё большыя поспехі Кітай, які выпускае танныя тавары вялізнымі партыямі спецыяльна пад рынкі з нізкай пакупной здольнасцю насельніцтва ва ўсім свеце.

Зыходзячы з гэтых фактараў, прымальнай формай для развіцця тавараабароту з'яўляецца стварэнне зборачных цэхаў буйных беларускіх экспарцёраў на тэрыторыі афрыканскіх краін. Лідарамі ў гэтым напрамку выступаюць МТЗ і МАЗ. Здабыча прыродных рэсурсаў на тэрыторыі Афрыкі таксама паслужыла б развіццю тавараабароту, але ад гэтых планаў пакуль што даводзіцца адмаўляцца праз адсутнасць патрэбных вялікіх укладанняў.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.