Не ўкрадзі!



...Які гэта быў год? Хутчэй за ўсё — 1994-ы. Мы з жонкай, падгадаваўшы дзяцей, сталі пакрысе абжывацца, сталі радавацца, што зводзім канцы з канцамі — нарэшце...

Але ж не тут тое было, альбо не з намі: высветлілася, што начальства ў мяне на працы «падмітусілася« і «прабіла» такі пытанне з выдзяленнем зямлі, з арганізацыяй садовага таварыства. У калектыве толькі і размоў стала, што месца для дачы дужа прывабнае, што зусім недалёка ад Мінска, што кіраўніцтва даведкі бярэ, афармляе крэдыты... «Можа, і нам «прыдбаць зямлю, займець свой кут?..» — спытаўся я ў жонкі словамі класіка.

Адчуваў: яна мяне разумее і, што называецца, абедзвюма рукамі «за». Але ж грошай у нас — кот наплакаў, а на тое, каб будавацца, іх спатрэбіцца шмат.

На сабе пераканаліся: вочы баяцца, а рукі робяць. Уступілі мы ў той кааператыў, атрымалі на 10 гадоў тры тысячы яшчэ савецкіх рублёў крэдыту і сталі дзейнічаць. Дапамагчы нам падрадзіліся нашы вясковыя сваякі. Усімі праўдамі (а дзе, відаць, і няпраўдамі) яны выпісвалі лес нібыта на дровы і з яго складалі нам зруб.

І з падмуркам пашанцавала: побач з домам зносілі невялічкую краму і нам за лічаныя капейкі аддалі бетонныя блокі.

Глядзіш — расце наш дом, пад страхой стаіць! Трэба, значыць, брацца за столь ды падлогу?

«Разведка» данесла: адзін чалавек ездзіў у Сібір на заробкі і прывёз адтуль ці не цэлы вагон дошак — шырачэзных, даўжэзных. Да таго ж не з нейкай там елкі альбо сасны, а з сапраўднай сібірскай лістоўніцы!.. Да пары да часу гэта багацце ён трымаў у чужым гаражы, каб потым прадаць. Але ж з вялікімі грашыма пакупнікі не трапляліся, а гараж трэба было вызваляць...

Нам, карацей, ён добра саступіў, у выніку чаго на ўчастку ля нашай дачы з'явілася цэлая машына дошак.

У хуткім часе прыязджаем «парадкаваць», гэта значыць, падбіваць столь. І вось жа ліха — нічога рабіць не можам. Галоўнае — з-за драбязы: няма чым нацерці шнур, каб адбіць лініі ды абрэзаць дошкі — галавешка замокла. Што рабіць? Ну вядома ж, шукаць новую: побач свецяцца вокны, дым віецца над вогнішчам, цыркулярка звініць. Суседзі, значыць, таксама нешта пілуюць...

Пераступаю іхні парог і заўважаю, ШТО: дошка ў руках «станочнікаў» шырачэзная, даўжэзная — да бабкі не хадзі — мая!

Гляджу на яе, на тых суседзяў і сказаць нічога не магу: мову адняло! І мужчыны знямелі, бо ведаюць, у каго гэтых дошак набралі.

...Не скажу, колькі мы «трымалі паўзу» (цыркулярку мужчыны адразу ж выключылі), колькі мы адно на аднаго глядзелі. І першым абазваўся не я:

— Ну гавары ўжо!.. Чаго маўчыш?! — глянуўшы з-пад ілба, загадаў мне сусед не сваім нейкім голасам.

— Галавешкі трэба, — «успомніў» я.

— Дык так бы і сказаў, — з палёгкай выдыхнуў гаспадар, і мы з ім пайшлі да вогнішча, дзе мяне чакала яшчэ адно «адкрыццё»: увачавідкі ўбачыў, што агонь гэты сусед спецыяльна расклаў, каб спаліць... абрэзкі маіх дошак і тым самым замесці сляды.

Але ж я прыйшоў не для таго, каб іх шукаць. Мне галавешка патрэбна была, каб пачаць работу...

Распачалі і ў хуткім часе скончылі. Хапіла дошак і на столь, і на падлогу... Значыць, пра тыя, украдзеныя, можна было б забыцца?

І сапраўды, я пра іх, тым больш праз гады, не ўспамінаў бы, калі б не любімая звяздоўская рубрыка і калі б не... пачуццё віны. Так-так, маёй віны перад тым суседам. Бо калі б мяне не панесла тады па галавешку, сусед бы не спалохаўся, калі б ён не спалохаўся, то, магчыма, не захварэў бы, а калі б не захварэў, — жыў бы дагэтуль...

А што да нас з маёй палавінай, то на фінішы будаўніцтва нам зноў пашчасціла: грошы (быў такі перыяд) сталі катастрафічна абясцэньвацца. Так што крэдыт у памеры трох тысяч рублёў мы лёгка аддалі. І з таго часу спім спакойна, асабліва — на любімай дачы, дзе можна і папрацаваць, і на славу адпачыць.

І.А.

г. Мінск.


Што занадта, тое нездарова

У студэнтаў-будатрадаўцаў свае ўспаміны і свае прыгоды. Мы некалі ездзілі ў Пскоўскую вобласць, брыгадай з 8-9 чалавек залівалі пляцоўку пад чарговы птушнік. Бетон для гэтага нам прывозілі на машынах, а вось разносіць яго пад кудахтанне белагаловых чубатак з суседніх карпусоў птушкафабрыкі даводзілася на насілках, разраўноўваць — таксама ўручную, з дапамогай шуфля... Праца гэта вельмі цяжкая, нават для маладых здаровых хлапцоў!

І гэта шчасце, што ў ёй здараліся перапынкі: то па дарозе машына сапсуецца, то на раствора-бетонным вузле якая паломка... У нас тады іншай работы не было: мы, у чаканні новага рэйса, што называецца, лынды білі: нехта гуляў у карты, нехта загараў, нехта блукаў па наваколлі і, здаралася, прыходзіў — нават са здабыткамі.

Дык вось. Неяк раз вяртаецца на аб'ект наш сябрук Уладзя і здалёк крычыць:

— Налятай, славяне! Я вам падмацунак прынёс!

Гэты заклік (а тым больш перад абедам ды пасля цяжкай фізічнай працы) двойчы паўтараць не прыйшлося: на яго тут жа адгукнуліся ўсе — сышліся, паглядзелі ў вядро, што ж там прапануецца ў якасці падмацунку і...

Хлопцы гарадскія адразу скіслі, закруцілі насамі, адвярнуліся: маўляў, сырыя яйкі (а гэта былі яны, прычым — амаль поўнае вядро!) есці нельга. А вось вясковыя і сапраўды наляцелі. Нехта ў ахвоту выпіў два, нехта — тры. І на гэтым, відаць, не спыніліся б, але больш без солі проста не лезла.

Уладзя паглядзеў на вядро і спахмурнеў: знаку амаль не зрабілі, поўнае яно — як было, так і засталося. А спаражніць жа трэба... І тады сябрук выгукнуў:

— Хлопцы, а давайце на яйкі ў «дурня» гуляць! Хто прайграў — куляе яечка, хто атрымаў «пагоны» — усе два!

— Давай!

Гэту прапанову падтрымалі ўсе, нават тыя, хто карты ў рукі не браў! Цесным колам мы абступілі ігракоў, перажывалі — ва ўсе вочы глядзелі, хто як ходзіць, хто чым адбіваецца, а найбольш, вядома ж, — хто і з якою мінаю прабівае, пракалупвае дзірачку ў чарговым яечку, каб потым, пад крыкі «Давай!», «Смялей!», можа, сем разоў скрывіцца, але ж прылажыцца да яго і выпіць.

Рогат стаяў на ўсю ваколіцу! Азарт гульні ўсё больш нарастаў! Машыны з бетонам, як на ліха, на дарозе не было. Ды і хто туды глядзеў?!

І, тым не менш, як нашы «дурні» ні стараліся, колькі ні гулялі, усе яйкі спажыць не змаглі: з паўвядзерца прынеслі на будатрадаўскую кухню.

Яешню з іх (голад не цётка) потым елі, амлет і мачанне — таксама, а вось на сырыя яйкі нават глядзець не маглі...

Праўду людзі кажуць, што задужа — тое нездарова, што занадта, тое і свінні не ядуць.

В. Сабалеўскі,

г. Узда.


Усё прадаецца? Ды не ўсё купляецца!

Гэта гісторыя магла адбыцца ў любой з краін былога Савецкага Саюза.

Дзе адбылася? Мой сваяк казаў, што ў іх, ва Украіне.

Жыў там, значыць, адзін багацей, які не проста казаў, ён даказваў асабістым прыкладам, што «пытанне толькі ў цане», а так усё чыста, маўляў, прадаецца і ўсё чыста купляецца.

Вось ён і купляў — кватэры, машыны, дачы, гаражы, новыя фірмы, дзяўчат... Адзінае, чаго сам сабе дазволіць не мог, гэта... моднага абутку. У тым сэнсе, што купіў бы яго (можа, нават разам з фабрыкай па вытворчасці!), але вось абуць...

Галоўнае — з-за драбязы: з-за вялікага пазногця на левай назе. І не сказаць каб ён балеў альбо нарываў, — проста з характарам быў: свабоды «прасіў» у мяккім абутку. А варта было прыдбаць ды прыбрацца ў нешта мадэльнае (а крый бог яшчэ з вузкім носам!), і ўсё — канцы, хоць на сценку лезь: як цвік пад скуру загналі!

Зносіць гэта багацей не мог: звярнуўся да найлепшага хірурга, паказаў яму сваю левую нагу і праблемны палец, спытаў:

— Зможаш дапамагчы?

Той аж пакрыўдзіўся:

— Ды раз плюнуць... Мясцовы наркоз, хвілін 20 работы...

— Не-е, брат, мне гэтак не трэба, — перапыніў яго багацей. — Я болю змалку не цярплю. І крыві баюся. А таму наркоз ты мне зробіш агульны, каб я ціха заснуў, а пасля прачнуўся і пайшоў дадому. Можаш гэтак зрабіць?

— Магу.

— Аперацыя нескладаная?

— Не.

— Вынік гарантуеш?

Хірург пакрыўдзіўся яшчэ раз.

— Тады вось табе 500 еўра. Столькі ж дам пасля аперацыі. Калі лажыцца?

— Ды хоць зараз...

Патрэбы спяшацца ў багацея не было. А таму ў бліжэйшы панядзелак ля аперацыйнага стала сышліся найлепшы хірург, найлепшы анестэзіёлаг і найлепшыя медсястрычкі. Усе яны былі, што называецца, папярэджаны, усе «завостраны» на канчатковы разлік і таму за справу ўзяліся з найбольшай адказнасцю.

...Магчыма праз гэта і пайшло ўсё неяк не так, прычым з першых крокаў: анестэзіёлаг, імкнучыся зрабіць як найлепей, мусіць, перастараўся з наркозам: прыборы тут жа сталі паказваць, што ў пацыента рэзка падскочыў ціск, пачалася арытмія, а потым і наогул...

— Мы губляем яго! — з жахам заўважыў хірург і скамандаваў: — Штучнае дыханне!..

Рабіць яго кінуўся анестэзіёлаг. І няйнакш, як з таго перапуду не разлічыў свае сілы: адчуў, што пад рукамі хруснула рабрына... А можа, і не адна.

Але ж думаць пра такую «драбязу» тады не выпадала: трэба было ратаваць жыццё, запускаць сэрца...

Хай не адразу, але ж, дзякаваць богу, гэта ўдалося.

Шкада, што лепей дыхаць пацыент...не стаў.

Значыць, яго, прычым тэрмінова (бо бок стаў сіні), трэба было везці на рэнтген — глядзець, што там з рэбрамі.

Для гэтага мігам падкацілі каталку, спехам сталі перакладваць на яе пацыента і...

Не, гэта дакладна: беды па адной не ходзяць. Можа, таму, што спяшаліся, можа, таму, што важыў той мужык, як... баба з байкі Крапівы (гэта значыць, сем пудоў — не меней!), людзі ў белых халатах не ўтрымалі яго — выслізнуў на падлогу, прычым вельмі ж няўдала — зламаўшы (у двух месцах!) правую нагу.

У выніку хірургу гэтак жа тэрмінова прыйшлося складваць косці, гіпсаваць іх, потым — туга бінтаваць грудную клетку з паламанымі рэбрамі.

Карацей, у гэты дзень да пазногця чарга не дайшла: хворага (а дакладней, ледзьве жывога!) на той самай каталцы завезлі ў рэанімацыю.

І вось праз нейкі час ён там адыходзіць ад наркозу, пачынае вяртацца да жыцця. Першае, што адчувае — гэта неймаверны, невыносны боль ва ўсім целе! Спрабуе ўздыхнуць — і чамусьці не можа, мацае левы бок, свае грудзі — усё забінтавана...

Нарэшце прадзірае вочы. І ім жа не хоча верыць, бо проста перад ім — нага, як быццам яго, правая, але чамусьці ў гіпсе і на выцяжцы... А левая голая, босая і пазногаць на ёй — як быў, так і застаўся «ўрослым»...

Што далей было, гісторыя замоўчвае. Адзінае, што дакладна вядома: той багацей больш нікому не кажа, што купіць можна ўсё. Бо дакладна ведае: здароўе — не прадаецца, нават за вельмі вялікія грошы.

А. Волкава,

г. Маладзечна.


Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».