Вы тут

Жыхар Магілёва знайшоў пад сваім гаражом чалавечыя косці


Дзяніс Манкевіч і зараз прыгадвае гэтую гісторыю з нейкім трапятаннем. Пачаў капаць у гаражы яму для агляду машыны, раптам зямля асела і з пяску паказаліся падэшвы чыіхсьці спарахнелых ботаў з чалавечымі косткамі. Ён аж скалануўся ад нечаканасці. Чуў, што падчас вайны тут ішлі баі, але нават не падазраваў, што яго гараж стаіць на костках.


Ідэнтыфікаваць немагчыма

Гаражны кааператыў, дзе 15 гадоў таму Дзяніс набыў нерухомасць для свайго «Мерседэса», знаходзіцца прама ў рове за пяціпавярховікамі па вуліцы Лазарэнкі. Адсюль рукой падаць да маленькай рачулкі Струшня. Некалькі гадоў таму мужчына зрабіў да гаража прыбудову, падняў дах. А сёлета дайшлі рукі і да машыннай ямы. Вырашыў, што справіцца сам, без памочнікаў. Прабіў цэмент у падлозе, адкінуў рыдлёўкай насыпаны зверху рачны пясок — тут усё і адкрылася. «Напэўна, не хапіла некалькі сантыметраў, каб яго знайсці, калі тут будаваліся гаражы», — мяркуе гаспадар.

Убачыўшы косткі, ён адразу ж пачаў біць трывогу. На сігнал прыехалі пашукавікі, міліцыя, прадстаўнікі з ваенкамата, гарвыканкама. Яны выказалі здагадку, што гэта пахаванне часоў вайны, апячаталі гараж і запрасілі спецыялістаў 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна. Праз некалькі дзён яны прыехалі і правялі раскопкі. Знайсці атрымалася астанкі толькі аднаго чалавека. На жаль, яго імя так і застанецца невядомым.

— Адзінае, што можна дакладна сказаць, ён быў вельмі вялікі — вышэйшы за два метры. І ва ўзросце паміж 30 і 40 гадамі, — кажа кіраўнік абласнога клуба ВІККРУ, пісьменнік і пашукавік Мікалай БАРЫСЕНКА. — Але дакладна сцвярджаць, апалчэнец гэта або немец, немагчыма. Акрамя падэшваў ад ботаў, пры ім знайшлі некалькі гільзаў — савецкую і нямецкую. І гэта ўсё.

З комы сябра так і не выйшаў

Месца раскопак і зараз стаіць некранутае. «Сумняваецеся, што пад вашым гаражом быў пахаваны толькі адзін чалавек?» — цікаўлюся я.

Уладальнік гаража паціскае плячыма: пошукавікі нікога болей не знайшлі, а яны людзі вопытныя. Але, кажа, адчуванні ўсё роўна трывожныя. Ніякіх тагасветных галасоў і прывідаў ён тут не чуў і не бачыў. Але, прызнаецца, калі спускаешся ў роў да свайго гаража, сэрца пачынае міжволі трапятаць.

А пасля таго як пад падлогай гаража выявіліся чалавечыя астанкі, сталі ўзгадвацца ўсе няшчасці, якія так ці інакш тут здараліся. Амаль кожны год прыходзілася мяняць машыны, прызнаецца Дзяніс. Яны то ламаліся, то траплялі ў нейкія дарожна-транспартныя здарэнні. Вось і зараз машыны няма. Незадоўга да страшнай знаходкі аўто пабывала ў аварыі, і яго прыйшлося прадаць па запчастках. Але аднымі машынамі няшчасці не абмяжоўваліся. Была справа — абакралі гараж. А аднойчы ў ім нават сябра Дзяніса памёр.

— Непадалёк ад гаража страціў прытомнасць, мы яго на руках прыцягнулі ўнутр, паклалі на канапу, — успамінае суразмоўца падрабязнасці той жудаснай гісторыі. — Але ён пасля таго, як упаў у кому, так з яе і не выйшаў. Зусім малады хлопец быў яшчэ — 25 гадоў. Не хварэў, не піў. Скардзіўся, праўда, на моцны галаўны боль.

Не проста дрэнная энергетыка

Мясцовыя ўфолагі да такіх падазрэнняў аднесліся скептычна. Маўляў, увесь зямны шар пакрыты чалавечымі косткамі, але ж нічога, жывём сабе спакойна. Тым не менш тэма для разваг ёсць.

Намеснік дырэктара абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава Святлана СТРОГІНА, напрыклад, нагадала, што ў Сярэднявеччы, калі тут яшчэ было зусім бязлюднае поле, гэты роў стаў месцам пакарання ўніяцкага свяшчэнніка. Шмат крыві тут пралілося і ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

«Падчас абароны ў гэтым куце немцы расстрэльвалі савецкіх патрыётаў, — сведчыць Мікалай Барысенка. — У 500 метрах ад гаража, дзе знайшлі чалавечыя астанкі, ёсць брацкае пахаванне апалчэнцаў. А пазалетась непадалёк ад сёлетняга месца пахавання былі паднятыя астанкі яшчэ чацвярых чалавек. Іх таксама не атрымалася ідэнтыфікаваць. Захаваліся абцасы з падкоўкамі, як у немцаў. Але ж нашы таксама маглі насіць такі абутак. Наогул, у гэтым месцы цяжка знайсці нейкі карысны для пашукавікоў матэрыял. Тут доўга была смеццевая яма і ўсё перамяшалася.

Аляксандр ТОМАЎ, дацэнт кафедры агульнай фізікі МДУ імя Куляшова, таксама аднёсся да гісторыі сур'ёзна:

— Наконт таго, што ў гаспадара гаража ламаліся машыны, нічога сказаць не магу. Бо ў тагасветныя сілы не веру. А вось наконт таго, што камусьці ў гаражы стала кепска, можна выказаць здагадку. Аналагічны выпадак аднойчы адбыўся ў Херсоне. Уявіце сабе высокі бераг і яры, якія доўгі час засыпаліся смеццем. Потым на гэтым месцы пачалі будаваць прыватныя дамы і капаць падвалы. Людзі заходзілі ў тыя падвалы і паміралі. Пачалі высвятляць, у чым справа, і асноўнай версіяй гэтых смярцей стала тое, што нешта ўнізе гніе і ўтвараюцца газы, якія цяжэйшыя за паветра і могуць назапашвацца ў нізінах, падвалах і гэтак далей. Не выключэнне, што і тут падобны выпадак. Калі быў яр і ў гэтым месцы нешта засыпалі, раўнялі, то тут трэба весці сябе вельмі асцярожна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: На дне яра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».