Вы тут

Пад крыламі ластаўкі


Першы том выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі» ў чатырох тамах — адна з самых доўгачаканых сёлетніх кніг. Пастанова Савета Міністраў пра апублікаванне творчай спадчыны паэтэсы была падпісана яшчэ ў 1990 годзе. Мінула шаснаццаць гадоў — і вось на блакітна-нябеснай вокладцы лунае белая ластаўка, а задумлівая Яўгенія Янішчыц усміхаецца няўлоўнай усмешкай...


Непасрэдная праца над выданнем распачалася ў 2012 годзе, пасля таго, як сяброўка і аднакурсніца паэтэсы Тамара Аўсяннікава звярнулася да галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктара Шніпа з пытаннем, ці плануецца выдаць поўны збор твораў Яўгеніі Янішчыц.

— Вось і вазьміцеся, — прапанаваў Віктар Анатольевіч.

Да справы далучыліся кандыдат філалагічных навук, дацэнт Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэіміі навук Святлана Калядка. Парадамі і матэрыяламі дапамагла дырэктар Літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц Антаніна Сідарук, якая вучылася ў адной школе з паэтэсай. Антаніна Сідарук узяла ўдзел у распрацоўцы радаводу Яўгеніі Янішчыц.

У першым томе прадстаўлены вершы з першых пяці зборнікаў вядомай паэтэсы. «Снежныя грамніцы» — светлая, радасная, нават гарэзлівая паэзія, безумоўны творчы поспех маладой аўтаркі, якая мела толькі дваццаць два гады. «Прыедзь у край мой ціхі», «Ты пакліч мяне. Пазаві...» — гэтыя знакамітыя вершы былі апублікаваны ўжо ў першай кнізе Яўгеніі Янішчыц.

Другі паэтычны зборнік «Дзень вечаровы» не займеў станоўчых водгукаў у літаратурна-мастацкіх выданнях. Чаму? Паразважаць над гэтым пытаннем было б карысна ўсім, хто спрабуе свае сілы у паэзіі і крытыцы.

«Ясельда», «На беразе пляча», «Пара любові і жалю» — наступныя кнігі ўмацавалі аўтарытэт Янішчыц-паэтэсы. Але на працягу васямнаццацігадовай творчай працы яна зведала не толькі натхненне, але і жыццёвыя расчараванні. «Крайняя ступень праяўлення напружання паміж Ёю і Ім» у творах інтымнай лірыкі, частыя трагічныя ноткі, любая вёска і родная прырода — як суцяшэнне, ратаванне і прытулак...

Стала завялікай наша хата,

Ацішэў вясёлы наш куток.

Ды і мне знайшоўся памагаты —

Гаварлівы сонечны сынок.

 

Вось вясна сатчэ свае красёнцы.

Дол абудзіць пошчак салаўя.

Усё міне.

А будзе сын і сонца.

І між іх — зямлёю буду я.

Між вершамі — выява ластаўкі, кожная старонка падзелена на дзве часткі. Побач з творамі даследчыкі і крытыкі розных пакаленняў абмяркоўваюць, удакладняюць, параўноўваюць творы Яўгеніі Янішчыц — тут змешчаны цытаты з літаратуразнаўчых прац, рэцэнзій, успамінаў. Так побач з голасам паэтэсы гучаць меркаванні яе праніклівых, захопленых, чуйных чытачоў — калег па творчым цэху, даследчыкаў, крытыкаў. Любоў Ламека, Мікола Хведаровіч, Марына Барсток... Многія прозвішчы амаль невядомыя шырокаму чытачу, таму арыгінальная канцэпцыя выдання бачыцца добрай магчымасцю нагадаць пра ўдзельнікаў літаратурнага працэсу, якія робяць значную справу, але не здабываюць лаўровых вянкоў. Тым больш што крытычныя і навуковыя матэрыялы, якія цытуюцца побач з вершамі, не уваходзяць у склад выдання ў поўным аб’ёме.

Асобныя каментарыі з’яўляюцца непасрэдным водгукам на верш, іншыя хутчэй удакладняюць яго месца ў творчасці Яўгеніі Янішчыц. Так, увага надаецца светапогляду паэтэсы, галоўным тэмам і вобразам-матывам яе паэзіі, стаўленню да творчасці, прыроды, блізкіх людзей.

— Каментарыі, змешчаныя побач з вершамі, разлічаны ў першую чаргу на вучняў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў. Цытаты падбіраліся, каб прадставіць найбольш поўную інфармацыю пра верш, звязаную не толькі з варыянтамі яго напісання і гісторыяй апублікавання, але і з асаблівасцямі ўспрымання і аналізу твора даследчыкамі і проста чытачамі, — адзначае Святлана Калядка.

Каб старонка з вершамі і цытатамі выглядала прыгожа, па прапанове рэдактараў выдання інфармацыя пра крыніцы літаратуразнаўчых каментарыяў вынесена ў асобны дадатак, які будзе апублікаваны ў другім томе.

Чатырохтомнае выданне, прысвечанае Яўгеніі Янішчыц, — своеасаблівая персанальная энцыклапедыя. Выданне выходзіць за межы патрабаванняў да збору твораў, таму ўжо ў першым томе прадстаўлены шэраг дадаткаў: радавод, хроніка жыцця і творчасці ды ўспаміны пра паэтэсу. Успаміны плануецца змяшчаць у кожным з чатырох тамоў.

У першай кнізе пра Яўгенію Іванаўну распавядаюць сваякі, былыя аднакласнікі і школьныя настаўнікі. Большасць матэрыялаў друкуецца ўпершыню, у тым ліку інтэрв’ю Тамары Пятроўны Аўсяннікавай з сынам паэтэсы Андрэем Сяргеевічам.

Добразычлівая, узнёслая, шчодрая, гасцінная, увішная — такой паўстае Яўгенія Янішчыц на старонках успамінаў. Аднакласнікі і настаўнікі звяртаюцца да школьных поспехаў таленавітай вучаніцы, шматлікія пляменніцы і суседкі згадваюць гасцінцы ад паэтэсы, сустрэчы з ёю ў Мінску і роднай вёсцы. «Жэня любіла бываць дома, асабліва на Каляды. Вакол сумёты, сцены ад марозу трашчаць, а ў хаце грубка гарачая. Цёпла, утульна. Жэня на печ залезе і вершы складае. Часцей за ўсё ноччу. Усе спаць лягуць, а яна сядзіць, піша. Так да самай раніцы і прасядзіць над вершамі», — успамінала Лідзія Саўчук з вёскі Велясніца.

Жаночыя імёны відавочна пераважаюць у дадатку: па словах Тамары Аўсяннікавай, мужчыны аддавалі перавагу лаканічным азначэнням, да таго ж дзяўчаты заўсёды маюць больш блізкія і даверлівыя адносіны. У наступных тамах гэтая рэдкая несуадноснасць зменіцца на карысць мужчын (да друку рыхтуюцца ўспаміны аднакурснікаў паэтэсы і пісьменнікаў).

У склад чатырохтомнага выдання акрамя твораў увойдуць інтэрв’ю з Яўгеніяй Янішчыц, прысвечаныя ёй вершы (сёння іх налічваецца больш за сотню), два мультымедыйныя дадаткі. На адным з дыскаў змешчаны альбом песень на словы паэтэсы ў выкананні Таццяны Беланогай, фотаздымкі Яўгеніі Янішчыц і вершы ў аўтарскім прачытанні, на другім — фільмы пра паэтэсу.

Выданне збору твораў будзе завершана да найбліжэйшай юбілейнай даты — 20 кастрычніка 2018 года споўніцца семдзесят гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.