Вы тут

Нацыянальнае — высокай пробы


У праграму форуму «ТЭАРТ» быў уключаны бязрадасны спавядальны аповед пра жыццё простай сям’і ў беларускай глыбінцы — спектакль «Опіум». П’еса Віталя Каралёва, рэжысёр Аляксандр Марчанка, графічна выразная сцэнаграфія Андрэя Жыгура. Звычайныя беларускія рэаліі напоўненыя пранізлівым пошукам сэнсу жыцця, беспадстаўнымі агрэсіяй і патрэбай у праўдзе, якая адкрывае вочы і душу. Усе пісалі, што «Опіум» — першы спектакль, створаны з дапамогай краўдфандынгавай платформы «Вулей» на народныя грошы. Такога яшчэ сапраўды не было. Важна іншае: драматург, рэжысёр, мастак з акцёрамі розных тэатраў — аднадумцамі — аб’ядналіся, каб задаць сумленныя пытанні пра наша жыццё і паспрабаваць на іх адказаць.


Так, свет перажывае сёння час, які замарозіў многія чалавечыя каштоўнасці. Дзе праўда, дзе хлусня, дзе дабро, дзе зло? Дарагі глядач, думай пра гэта. Значыць, не ўсё страчана, і тэатр яшчэ можа заставацца ўладаром дум.

Пра лёсы людзей савецкага часу, якія не надта ўпісаныя ў сённяшні дзень, распавядаюць маналогі Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд» і п’еса ўкраінскай пісьменніцы Наталлі Варажбіт «Саша, вынесі смецце». Гэта жаночыя гісторыі пра тое, як выпраўляць мужчын, чакаць іх, аплакваць. Тут мужчынскія гісторыі: як людзям, выхаваным савецкім часам, асвоіць законы капіталізму. Змірыцца? Пратэставаць?

У палкоўніка была адна таемная слабасць: ён любіў карамелькі. Кажуць, што мужчыны, якія любяць салодкае, не бываюць злымі і жорсткімі. Палкоўнік Саша любіў таксама і горкае: папіваў як усе. Гэтыя злапомныя карамелькі звязалі рэальнае і містычнае. Саша памёр ад інфаркту. Яго ўжо няма ў гэтым жыцці. Ён ёсць, быў і будзе ў жыцці тых, хто яго памятае — жонкі і дачкі. А пакуль памятаюць, ён будзе ўвесь час прысутнічаць на сцэне, слухаючы размовы любімых... Заадно грызці карамелькі.

У гэтым дзівацтве спектакля «Саша, вынесі смецце», які стварыў Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, водгаласы паганскіх абрадаў, калі душы памерлых знаходзяцца дзесьці побач і гатовыя дапамагчы ў цяжкую хвіліну. У п’есе ўкраінскай пісьменніцы Наталлі Варажбіт Саша дапамагчы не можа. У нашым жыцці мы не верым паганскім рытуалам, хоць і трымаемся іх.
Саша, як роўны, сядзіць з усімі за сталом на ўласных памінках. Праз год на могілках выпівае патрэбную чарку. Яшчэ праз год з’яўляецца да жонкі і дачкі ці то ва ўявах, ці то ва ўспамінах, патрабуючы згоды зноў вярнуцца ў іх жыццё. Згоды не атрымаў: тыя, што засталіся, навучыліся жыць без тых, каго пахавалі.

Моцна стаіць на нагах фактычны лідар сям’і — жонка Кацярына ў выкананні Наталлі Анішчанка. Гэта моцны славянскі характар жанчыны, якая «каня на скаку спыніць». На такіх плячах і лёс сям’і, і лёс краіны. Дакладныя бытавыя падрабязнасці паводзін — усяго толькі абавязкі перад іншымі. У дадзеным выпадку адказнасць перад дачкой. Гераіня актрысы Любові Пукіта — вельмі тыповая сучасная маладая істота з ліку несамастойных. Напэўна, няўдалае асабістае жыццё. Звычка моцна спадзявацца на дапамогу бацькоў.

Палкоўнік акцёра Аляксандра Пашкевіча, начальніка кафедры Ваеннай акадэміі, мала нагадвае жорсткага ваяку. І ўжо дакладна не ўмее гуляць мускуламі. Звычайны лёс з рэдкімі і банальнымі радасцямі. Акцёру досыць цяжка паказаць сябе ў такім матэрыяле, тым больш што і сама назва спектакля зніжае магчымы пафас. Гэта да яго звяртаюцца: «Саша, вынесі смецце». Абавязак мужчын, якія знаходзяцца пад абцасам. Герой разгублены ў бытавым сэнсе. Падпарадкаванасць ваеннай дысцыпліне пазбаўляе яго пэўнай самастойнасці. Толькі калі пачынаецца вайна, падцягнуты афіцэр нават з таго свету гатовы выканаць прысягу перад Радзімай. Пашкевіч умее іграць людзей, якія ўхіляюцца ад вырашэння пытання. На яго герояў нельга злавацца, таму што яны вельмі абаяльныя. Ім усё даруюць.

А што ж карамелькі? Яны ёсць у вялікай колькасці на памінках. Саша іх з задавальненнем грызе. У другім дзеянні на могілках пакецік з карамелькамі з’явіцца побач з памінальнай чаркай, накрытай хлебам. У трэцім дзеянні Саша наб’е карамелькамі кішэні, не саромеючыся ваеннай формы.

Аповед можа здацца змрочным. Аднак тэатр робіць яго жыццёвым, пранізлівым, жаласлівым і нават у чымсьці смешным. Хоць нявыкананыя абавязкі, не аддадзеныя даўгі грукаюць у сэрца. Гэта заўсёды бывае цяжка: недагаварылі, не распытаў, не паспеў. Потым забываецца: жыццё ўваходзіць у сваю каляіну.

Актуальнасць такога матэрыялу па-свойму вечная. Цяперашняе выцякае з мінулага, пераходзіць у будучыню — сувязь часоў і маральных абавязкаў. І ўсё роўна, што ў мірнае жыццё ўрываецца вайна. Яна яшчэ за сценамі, за мяжой. Але яна, як фантомныя болі, не дае жыць спакойна, легкадумна, бесклапотна, напяваючы шлягер Юрыя Антонава «Белы цеплаход».

Трэба думаць

Мы адвыклі слухаць чужыя думкі і ўслухоўвацца адзін у аднаго. Калі з’яўляецца самадастатковы літаратурны матэрыял, які нельга ператварыць у лёгкі сцэнар, гэта развязвае рукі рэжысёру для таго, каб паэксперыментаваць з формай. Узнікае вольная інтэрпрэтацыя п’есы. Гэтых варыянтаў можа быць некалькі: традыцыйнае сцэнічнае прачытанне, абноўленая па форме рэдакцыя тэксту, спектакль «па матывах», мастацкая канцэпцыя, якая не мае адносінаў да аўтара. Рэжысёр Саўлюс Варнас узяўся за цяжкі апавядальны матэрыял «Крэйцаравай санаты» Льва Талстога, магчыма, таму што ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры з’явіўся акцёр, якому амаль усё па сілах. І камедыя, і драма, і трагедыя.

Напісаная 130 гадоў таму «Крэйцарава саната» прапаведуе талстоўскія ідэі аб ўстрыманні, аскетызме, не надта папулярныя ў наш час. Даўно існуе жыццёвая сітуацыя, пры якой людзей цягне на споведзь, — гэта паездка ў цягніку. Пасажыр, у якога цяжка на душы, можа даверыцца незнаёмаму чалавеку.

Магчыма, з такога асабістага досведу нарадзілася ў Льва Талстога аповесць «Крэйцарава саната». Магілёўскі тэатр вырашыў зрабіць спектакль паводле гэтай сумнай гісторыі ў разліку на тое, што ёсць рэжысёр з несуцішнай фантазіяй і таленавіты прывабны артыст. Зоркі сышліся. Літаратурныя вобразы ажылі ў метафізічных і эзатэрычных шуканнях літоўскага рэжысёра Саўлюса Варнаса і ў таленавітай ігры маладога прыгожага акцёра Івана Труса.

Палохала небяспека ўбачыць нудны монаспектакль пра тое, як раўнівы муж забіў сваю невінаватую жонку. Атрымалася зусім іншае: вельмі прыгожае, неардынарнае, яркае відовішча. Галоўны рэжысёр тэатра Саўлюс Варнас стаў інсцэніроўшчыкам, пастаноўшчыкам спектакля і мастаком па святле. Расказаў ён гісторыю пра вечныя ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны, якія альбо паяднаныя каханнем, або не.

Як і ў большасці літоўскіх рэжысёраў, у Варнаса ўсё «не як у жыцці». І заўсёды прысутнасць космасу: то ў выглядзе зорнага неба, то загадкавых рэбусаў, то чорнай бездані, то фантомнага болю звычайнага чалавека.

Варнас — цікавы, мяккі чалавек з трагічным мысленнем. Магчыма, ён свядома простае ператварае ў драму, а драму — у трагедыю. На гэтым шляху рэжысёра цікавіць, як чалавек пачынае ўсведамляць сябе чалавекам, пакутуе ад сумненняў. Гледачоў, якія звыкліся з лёгкімі забавамі, бянтэжыць змрочнасць зместу: шмат смерцяў, песімізму, нават смутку.

Уся літоўская рэжысура прывязаная да найскладанейшых метафар, экспрэсіўнай сімволікі, да асаблівай пластычнай культуры, нечаканых асацыяцый. Яна ігнаруе зразумелыя сюжэты, парушае звыклую логіку паводзін і гэтым вельмі напружвае гледачоў. Душа, якая прывыкла да меладрамы і камедыі, пратэстуе. Чаму рэжысёр выбірае такі матэрыял? Напэўна, таму, што ў падобнай насычанай атмасферы бачныя чалавечыя лёсы.

Рэжысёр і артысты напаўняюць вагонны аповед безнадзейнасцю, адсутнасцю сэнсу і матываў. Іх цікавіць чалавек у складанай парадаксальнай сітуацыі, з якой выйсце ці то ёсць, ці то няма. Талстой не знайшоў фіналу сваёй аповесці. Варнас знайшоў. Скручанага ад болю Познышава суразмоўца накрывае чорным паліто. Утворыцца магільны пагорак.

Складанасці камунікацыі

Асабіста ў мяне спектакль «Дзяды» Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра выклікаў складаныя пачуцці. Створаны пастановачнай брыгадай з Польшчы пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску, ён адразу ж прыцягвае незвычайнай формай, нацэленай на шчыльную камунікацыю з гледачом. Праект прадугледжвае акт калектыўнага даследавання сітуацыі, нібыта гэта нейкі сход на гарадской плошчы, ля ратушы або каля сцен храма. Дзейства адбываецца на сцэне, дзе 90 гледачоў пасаджаны ў круг накшталт цыркавой арэны. Спачатку публіка рассаджвалася ў зале адвольна. Затым выканаўцы спектакля вядуць людзей на сцэну і рассаджваюць на драўляных лавах. Артысты — у цэнтры і за спінай у гледачоў. На блізкай адлегласці яны будуць да іх звяртацца, чапаць за плечы. Існаванне артыстаў у такой камернай прасторы — вялікая рызыка, таму што патрабуе абсалютнай натуральнасці і пазбаўлення ад любых акцёрскіх штампаў. Важна не перастарацца, не перакрычаць. Усё залішняе імгненна становіцца фальшам. Вядома, паэме Адама Міцкевіча вельмі пасуе абрадавая форма. Яна можа зачароўваць. Можа і раздражняць сваёй ненатуральнасцю. На жаль, адбываецца другое. За пастаянным крыкам, збіццём персанажаў, валяннем у гразі, натуралізмам, што даходзяць да паталогіі, знікае сэнс твора. Паэма цалкам самадастатковая. Дай бог пастарацца выразна прадставіць яе сюжэт. Няма неабходнасці ўскладняць арыгінальную літаратурную аснову ўстаўкамі з падзей Другой сусветнай вайны, якія тэкстава ніяк не ўпісваюцца ў гэты доўгі, цяжкі па энергетыцы, праект і не робяць яго актуальным.

У эпоху постмадэрнізму і contemporary art, модных цяпер інсталяцый існаванне простага твора пачынае здавацца старамодным. Класіка, прачытаная без правакацыі, эпатажу, расчароўвае «прасунутых» гледачоў. Але не варта забываць, што сучаснае актуальнае мастацтва — гэта толькі невялікая частка сусветнага мастацкага працэсу. І, магчыма, толькі класіка здольная распавесці пра вечнае і сутнаснае, каб ператварыцца ў кіраваную міфалагічную прастору (бо цяпер апраўдваецца ўсё, што нармальныя людзі лічаць цынічным, паталагічным, бездухоўным). Тут не дапамогуць ні дызайн, ні касцюм, ні маскі, ні відэапраекцыі. Калі яны і застануцца ў памяці, то наўрад ці адновяць сэнс, закладзены пісьменнікам у слове.

Таццяна АРЛОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.