Вы тут

Дзе знайсці жаніха


«Ева» працягвае складаць своеасаблівы даведнік для тых, хто шукае ідэальнага спадарожніка жыцця. На гэты раз знаёміцца з патэнцыйнымі жаніхамі наш карэспандэнт, авантурыстка з зялёна-шэрымі вачыма, спрабавала ў грамадскім транспарце.


Месца:

метро, аўтобус, тралейбус, маршрутка.

Уваход:

платны (ад 50 кап.).

 Дрэс-код:

штосьці яркае, стыльнае і камфортнае.

Абавязкова для выканання:

жаноцкія паводзіны ў любой сітуацыі, праніклівы погляд і ўсмешка, усмешка, усмешка...

Варта пазбягаць:

мужчын з бацькамі, сяброўкамі, жонкамі, дзецьмі

***

— Прабачце, калі ласка, за маю нязграбнасць, — прымаючы 7-сантыметровую «шпільку» з замшавых туфляў мужчыны ў строгім касцюме, — пачала апраўдвацца я. — Дзень неяк з самага ранку не задаўся.

— Нічога, крэм для абутку ў мяне ёсць, — усміхаючыся, адказаў патэнцыйны жаніх.

Мы з кандыдатам выйшлі на адной станцыі метро. Мужчына хвілін пяць ішоў за мной ззаду, а потым дагнаў і ўпэўнена заявіў:

— Я ж ведаю, што вы гэта наўмысна зрабілі. На абцасах вы трымаецеся ўпэўнена, цягнік рухаўся без рэзкіх прыпынкаў, а свабодных поручняў, каб трымацца, было дастаткова.

Да такога я не падрыхтавалася. Пра тое, што ў метро не ездзяць прынцы, я ведала, а вось аб тым, што там можна сустрэць Шэрлака Холмса, нават і не здагадвалася...

— А вы кемлівы, — падхопліваю размову я. — Значыць, я наконт вас не памылілася.

Камплімент Міхаілу спадабаўся, і праз пару хвілін я ўжо дыктавала свой нумар тэлефона новаму знаёмаму.

***

«Сапраўдны мужчына запраграмаваны дапамагаць і забяспечваць, — узгадала я словы сяброўкі, седзячы ў амаль пустым вячэрнім трамваі. — Ён літаральна чакае магчымасці паказаць сваю карыснасць, але асцерагаецца, што табе ўжо дапамагае хтосьці іншы, або ўвогуле ты — заўзятая феміністка». Я вырашыла праверыць тэорыю Кацькі, якая, дарэчы, замужам (!).

— Малады чалавек, прабачце, можна папрасіць Вас зачыніць акно, — звярнулася я да хлопца ў чырвонай куртцы.

Адказу не было. Я паўтарыла просьбу — ніякай рэакцыі. «Вось так, Соня, відаць, справа не ў метадах, а ў тым, хто іх прымяняе», — з расчараваннем думала пра сябе. У гэтыя секунды да акна падышоў высокі бландзін і выканаў маё пажаданне.

Пасля шчырай падзякі (быццам ён выратаваў чалавечае жыццё!) «джын» сеў побач. Не ведаю, ці сапраўды яму трэба было ў той жа гандлёвы цэнтр, што і мне, але мы выйшлі на адным прыпынку і пасля шопінгу нацэліліся на каву. «Метад Каці ўсё ж такі працуе, — разважала я, ідучы дадому. — Але адзіны пункт у гэты пастулат я дадала б: падзякаваўшы мужчыне за дапамогу, не пераставайце ўсміхацца і падтрымліваць кантакт. Дайце кандыдату магчымасць працягнуць размову, а не проста пайсці з пачуццём выкананага абавязку».

***

Пра тое, чаму мужчына ў чырвоным нават не паглядзеў на мяне, я здагадалася праз дзень, калі ехала ў тралейбусе і сустрэла падобны экзэмляр у шэрым паліто. Апошні на працягу дзесяці хвілін усемагчымых знакаў зацікаўленасці з майго боку нават і брывом не павёў! «Куды там, якая дзяўчына, калі на тэлефон новую гульню спампаваў?! — злавалася я. — Гаджэт — сапернік моцны», — прызнала з жалем. Але тут мая сяброўка прапанавала варыянт, як віртуальнага героя зрабіць рэальным. «Трэба даць яму магчымасць праявіць сябе, — патлумачыла Ксюша. — Для гэтага мы з табой пачынаем дыскутаваць для выгляду, а потым проста прыцягваем патэнцыйнага жаніха ў арбітры».

— Прабачце, мы выбіраем падарунак для сябра і не можам вырашыць: для мужчыны лепш андроід ці айфон?

Некалькі парад ад «прафесіянала» наконт таго, які ноўтбук мне лепш выбраць для работы, патэнцыйны жаніх у паліто прапанаваў даць заўтра. Ёсць!

***

У аўторак пасля цяжкага працоўнага дня знаёміцца з «батанам», што сядзеў у тралейбусе насупраць, сіл не было, але дзеля чысціні эксперыменту я прыпудрыла носік і звярнулася да кандыдата:

— Ой, а мне гэты раман, — паказваючы на кнігу ў руках візаві, — даўно раілі пачытаць, — радасна ўскрыкнула я. — А вам як? Падабаецца?

Хлопец падняў на мяне свае блакітныя вочы, сцвярджальна матнуў галавой і зноў паглыбіўся ў чытанне. «Відаць, твор сапраўды цікавы. Трэба запомніць назву», — «пераварвала» яго паводзіны ў галаве.

Без улову засталася і ў сераду.

— Не падкажаце, на якой станцыі лепш выйсці, каб у ЦУМ трапіць? — запытала ў мужчыны ў стыльных акулярах.

— Я не мясцовы, — суха адказаў кандыдат. — Увогуле для такіх, як вы, схему ліній метро намалявалі, — дадаў негаваркі суразмоўца.

***

Наўрад ці вось гэты прыгажун з карымі вачыма палезе ў канец салона дзеля знаёмства са мной. Таму скараціць адлегласць паміж мной і нерашучым шатэнам на пярэднім сядзенні маршруткі я вырашыла сама.

— Можна, я падсяду да вас, — адсюль горад лепш відаць, — пачала я. — Некалькі гадоў жыла за мяжой, за гэты час Мінск так змяніўся...

Далей я даведалася, што Віця скончыў хімічны факультэт, але па гісторыі ў яго заўсёды было «выдатна», і ён з радасцю можа стаць маім гідам.

***

У нядзелю, вяртаючыся з басейна, я «злавіла» ў метро да болю знаёмы водар парфуму: перада мною стаяў Сашка-барадач з курсаў па англійскай мове. Ніводны са спосабаў знаёмства выкарыстоўваць, зразумела, не прыйшлося. Тут ужо патрэбныя іншыя хітрыкі... Хто б навучыў, як лепш паводзіць сябе са старым знаёмым, да якога ты неабыякавая?..

ВЫВАДЫ

  • Пазнаёміцца рэальна ў любым грамадскім транспарце. Галоўнае — даць зразумець мужчыне, што вы таксама ў гэтым зацікаўлены.
  • Паказваць, што вам патрэбна дапамога ці парада, трэба далікатна, каб не напалохаць таго, хто спадабаўся, не прыцягнуць непатрэбную ўвагу астатніх.
  • Шукаць суджанага ў трамваі, аўтобусе, метро лепей з панядзелка па пятніцу днём.
  • Будзьце гатовы да таго, што грамадскі транспарт можа прапанаваць у якасці кандыдата і дворніка з суседняй вуліцы, і бізнесмена, які пакінуў сваё аўто з-за катастрафічных пробак, і старога добрага знаёмага.

Сафія ГРОМАВА

gromava@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Шукаю цябе... ў грамадскім транспарце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.