Вы тут

Выстава 162 сучасных мастакоў цягне на падзею года


Парыжскі салон, што пачынае гісторыю з XVІІ стагоддзя, — традыцыя легендарная. Практыка арганізоўваць рэгулярныя выставы актуальнага мастацтва пачалася з прэзентацыі аўтараў Акадэміі выяўленчага мастацтва і перарасла ў экспазіцыі найлепшага сучаснага мастацтва цалкам. А ў 1903 годзе аб'яднанне дзеячаў французскага мастацтва назвала сябе Суполкай восеньскіх салонаў і адкрыла сваю першую выставу. З тых часоў падобныя імпрэзы ў розных краінах спасылаюцца на парыжскую практыку і cпрычыняюцца да гісторыі сусветнага мастацтва, французскі складнік у якой — найбагацейшы. Сваё месца ў парыжскіх Восеньскіх салонах першай паловы XX стагоддзя мелі мастакі з Беларусі Марк Шагал, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Яўген Зак, Осіп Любіч ды іншыя. А з мінулага года Беларусь мае свой уласны Восеньскі салон — арганізаваную Белгазпрамбанкам выставу-продаж жывапісу, скульптуры, графікі, інсталяцый, фатаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва цэлага шэрагу сучасных аўтараў.


«Сі­нап­тыч­ныя су­вя­зі» Ган­ны Сі­лі­вон­чык.

Сёлета «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» сабраў у Палацы мастацтваў і ў спецыяльным анлайн-каталогу artcenter.by каля 500 работ 162 сучасных беларускіх творцаў. Для параўнання, летась, калі выстава прайшла ўпершыню, было прадстаўлена толькі 90 аўтараў.

Кожны з пяцісот экспанатаў можна купіць. На першым салоне, напрыклад, арганізатары прадалі 30 працэнтаў выстаўленых работ (каля сотні твораў). Сёлетняя статыстыка стане вядомай пасля завяршэння выставы, якое адбудзецца ўжо заўтра, 30 кастрычніка.

Цягам амаль месяца, пачынаючы з 7 кастрычніка, наведвальнік меў магчымасць скласці для сябе пэўны вобраз сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі. «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» — гэта маштабная актуальная выстава, фарміраванне прэстыжу беларускага мастацтва, уклад у стварэнне арт-рынку краіны ды імпульс для творцаў, якія такім чынам ствараюць уласную суполку кшталту Суполкі восеньскіх салонаў.

За якасць выставы можна не хвалявацца, бо будучых удзельнікаў Салона адбірала спецыяльная экспертная камісія. З запрашэннем да ўдзелу кожны аўтар атрымлівае выставачную пляцоўку, увагу з боку патэнцыйных пакупнікоў і ў выпадку абрання конкурсным журы магчымасць паўдзельнічаць у Восеньскім салоне ў Парыжы (пройдзе на Елісейскіх палях у кастрычніку 2017 года). Дарэчы, яго прэзідэнт Сільвія Кошлін з'яўляецца членам міжнароднага журы «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам», у склад якога ўвайшлі таксама Аляксандр Бароўскі з піцерскага Рускага музея, арт-крытык з Кіева Канстанцін Дарашэнка, прадстаўнік Берлінскай галерэі Гіда Фасбэндэр і дырэктар вільнюскай галерэі «Arka» Давіле Тамкутэ.

 «Flashback» Але­га Кас­цю­чэн­кі.

— Мінскі Восеньскі салон з Парыжскім аб'ядноўваюць хіба што назва ды сама энергетыка — нарэшце, мы прычыніліся да традыцыі, якая ў Еўропе існуе больш за сто гадоў, — кажа Рыгор Сітніца, старшыня Саюза беларускіх мастакоў, які з'яўляецца адным з арганізатараў выставы. — Белгазпрамбанк увогуле — вялікі руплівец на ніве вяртання на радзіму спадчыны знакамітых землякоў і разам з тым шмат робіць, каб вывесці нашу творчую моладзь на больш шырокія абсягі, дапамагчы ёй упісацца ў агульнаеўрапейскі мастацкі кантэкст. Арганізацыя Салона — вельмі харошая ініцыятыва, вакол якой канцэнтруецца шмат новай творчай энергіі. Ёсць людзі, асабліва сярод моладзі, якіх трэба падштурхоўваць да ўдзелу. Але імпрэза, ды яшчэ і конкурс, дзе малады мастак мае шанц атрымаць узнагароду, трапіць у каталог і нават прадаць свой твор, канечне, выклікаюць цікавасць. Пры камерцыйным чынніку праект мае дужа высокую якасць: эксперты выбіраюць творы, якія не проста маюць шанц знайсці пакупніка, але валодаюць і мастацкай каштоўнасцю. У нашай прасторы гэта ў прынцыпе новая практыка, бо такога размаху і маштабу мы дакладна не мелі. Мяне цешыць, што вакол Палаца мастацтваў віруе такое жыццё, і спадзяюся, Восеньскі салон стане традыцыйным.

Падчас работы выставы ў Палацы мастацтваў таксама праходзілі лекцыі, квэсты і заняткі з дзецьмі. 30 кастрычніка выстава завершыцца, журы назаве пераможцаў, арганізатары — колькасць прададзеных работ. Для наведвальнікаў жа застануцца імёны беларускіх творцаў, магчыма, новыя любімчыкі, раптам — прыгожыя, канцэптуальныя, незвычайныя пакупкі, створаныя таленавітымі суайчыннікамі.

Для ўдзельнікаў застанецца больш шчыльная далучанасць да агульнай арт-прасторы краіны і, што важна, да арт-рынку, які носіць у Беларусі даволі сціплы характар. Так ці інакш, дзеянне «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам» кастрычнікам не абмяжоўваецца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Салон — гучыць ганарова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?