Вы тут

Большая частка зямлян — флексітарыянцы


Калі хтосьці з вас, дарагія чытачы, падумаў, што яго продкі прыляцелі з далёкай планеты Флексітарыі, і з гэтай нагоды радасна пацірае тое, што ў зямлян называецца рукамі, то вымушаны вас расчараваць. Гэта цалкам пазазямное на слых паняцце азначае не месца ў далёкай і таямнічай галактыцы ў цемры Сусвету, а адносна новы павеў у харчаванні нас, простых жыхароў гэтай планеты. Хоць гэта хутчэй па назве, чым па сутнасці. Такім чынам, флексітарыянцы — гэта не разумныя касмічныя бактэрыі або бязлітасныя міжзорныя салдаты, гэта зямляне, якія аддаюць перавагу расліннай ежы, але не забываюць і пра мяса, ці як іх яшчэ па-іншаму называюць — гнуткія вегетарыянцы.


Флексітарыянства — адносна новы тэрмін, які з'явіўся нядаўна. Само слова прыйшло да нас з англійскай мовы і з'яўляецца злучэннем двух слоў: «flexіble», што перакладаецца, як «гнуткі» і, адпаведна, вегетарыянства. Многія людзі, у тым ліку знакамітасці, якія называюць сябе флексітарыянцамі або паўвегетарыянцамі, адмовіліся есці чырвонае мяса па стане здароўя, у той час як іншыя — з экалагічных прычын. У канцы 2015 года Таварыства нямецкай мовы апублікавала традыцыйны «хіт-парад» слоў года, і неалагізм «флексітарыянец» заняў у рэйтынгу дзявяты радок, а некалькі гадоў таму гэтае слова ўвайшло ў падобны амерыканскі рэйтынг Merrіam-Webster.

Добрыя маркетолагі падзялілі флексітарыянцаў на два лагеры: Meat-avoіder («які пазбягае мяса») і Meat-reducer («які памяншае мяса»), тым самым агаліўшы ўсю сутнасць плыні.

Да першай катэгорыі адносяцца людзі, якія ў асноўным ужываюць/гатуюць/заказваюць вегетарыянскія стравы, але пры адсутнасці выбару могуць з'есці нешта мясное. Да другой катэгорыі адносяцца тыя, хто скарачае колькасць мяса ў сваім рацыёне або дазваляе сябе ласавацца мяснымі стравамі, напрыклад, толькі па святах. Натуральна, не дзеля эканоміі, ці не толькі для яе. Дзякуючы таму, што нормы спажывання ежы жывёльнага паходжання ў гэтай дыеце няма, практычна любы мясаед можа сысці за флексітарыянца. Гэты факт выклікае бурленне эмоцый у ідэйных вегетарыянцаў, якія вітаюць толькі поўную адмову ад плоці, а паўвегетарыянскія дыеты лічаць толькі фэйкам, а то называюць і іншымі, зусім ужо крыўднымі словамі. Як яны сцвярджаюць, нельга быць напалову вегетарыянцам, гэтак жа, як не бывае напалову рыбы або напалову гародніны. Яны лічаць, што гэтая модная плынь моцна заблытвае людзей, і ў свеце пачынаюць з'яўляцца такія выразы, як «вегетарыянец-мясаед», што ў корані не сумяшчальна і падрывае галоўную канцэпцыю «веганаў».

Карані флексітарыянства як філасофіі харчавання варта шукаць у легендарнай гісторыі кахання сэра Пола Макартні і яго жонкі Лінды. Будучы перакананай вегетарыянкай і абаронцай правоў жывёл, Лінда заклікала людзей адмовіцца ад жывёльнай ежы. У памяць пра яе Макартні заснаваў рух «панядзелкі, свабодныя ад мяса». Будучы значна менш радыкальным, чым Лінда, знакаміты «бітл» не патрабаваў ад мясаедаў раз і назаўжды забыцца пра сакавіты стэйк. Ён проста прапанаваў ладзіць сабе адзін вегетарыянскі дзень на тыдзень. У 2009 годзе Макартні напісаў аднайменную кулінарную кнігу, у якой расказваў, што нават частковы пераход на вегетарыянства прынясе карысць справе аховы навакольнага асяроддзя.

Пра тое, што флексітарыянства яшчэ і выдатны спосаб падтрымліваць у форме чалавечы арганізм, загаварылі пасля таго, як галівудская зорка Камеран Дыяс, дэманструючы выдатную фігуру, расказала, што есць мяса не часцей за два разы на тыдзень. Акрамя гэтага існуе тэорыя, што ідэя флексітарыянскай дыеты была сфарміравана каля 10 гадоў таму Доўнам Блатнерам, які высунуў тэорыю пра карысць змяншэння колькасці спажыванага ў ежы мяса. На думку спецыялістаў з Mayo Clіnіc (ЗША), а таксама і многіх іншых урачоў, флексітарыянства з'яўляецца самай карыснай і збалансаванай для чалавека сістэмай харчавання апошніх гадоў. Пры такім меню, калі чалавек есць у асноўным раслінную ежу, не адмаўляючыся цалкам ад мяса, не ўзнікае недахопу як у бялках і тлушчах, як гэта бывае ў нявопытных вегетарыянцаў і «поўных» веганаў, так і ў клятчатцы, як здараецца ў тых, хто занадта любіць мяса.

Вегетарыянцы звычайна кіруюцца гуманізмам, адмаўляючы неабходнасць забойства жывёл дзеля ежы людзям. Матывы флексітарыянцаў носяць, хутчэй, экалагічны характар альбо звязаныя са здароўем. Вытворчасць мясной прадукцыі патрабуе больш выдаткаў і больш шкодная для навакольнага асяроддзя, тлумачаць эксперты па ўстойлівым развіцці. Каля адной траціны ворных зямель выкарыстоўваюцца для вырошчвання корму для жывёлы, на тыя ж патрэбы адпраўляецца трэць усёй вылаўленай з мораў рыбы, што высільвае землі і ваду. Пад пашы высякаюць усё больш лясоў, і «зялёныя лёгкія» планеты памяншаюцца ў аб'ёме. Мясная вытворчасць адказная прыкладна за пятую частку ўсіх выкідаў у атмасферу парніковых газаў, якія, як усім вядома, уплываюць на агульны цеплавы баланс планеты і вядуць да змены клімату. Спажыванне мяса чалавецтвам мацней адбіваецца на клімаце планеты, чым выкіды ад самалётаў, аўтамабіляў і іншых відаў транспарту разам узятых. У 2015 годзе на сусветным саміце па клімаце навукоўцы з Каралеўскага інстытута міжнародных адносін заявілі аб экстраннай неабходнасці абмежавання спажывання мяса шляхам аб'яднання намаганняў кіраўнікоў розных дзяржаў.

Так што пакуль хтосьці адмаўляецца ад стэйка з меркаванняў гуманнасці, знаходзяцца і тыя, хто вырашае проста знізіць спажыванне мяса — з зусім іншых прычын.

«Усё больш людзей скарачаюць спажыванне віду ежы, вытворчасць якой моцна ўздзейнічае на наш свет. Даследаванні даказваюць, што распаўсюджванне розных версій вегетарыянства і веганства магло б знізіць вуглякіслыя выкіды ў атмасферу на 63 і 70% адпаведна», — кажа Марк Дрыскал, кіраўнік харчовага падраздзялення Forum for the Future. «У Вялікабрытаніі больш за два мільёны веганаў і вегетарыянцаў. Але ёсць яшчэ мільёны тых, хто прытрымліваецца флексітарыянства. Гэта паказвае, што наша культура спажывання ежы змянілася. Ежа не толькі павінна наталяць голад, але і адпавядаць нашаму жаданню забяспечыць стабільную будучыню», — адзначае Джымі Пірсан з The Vegan Socіety.

Міленіялы — пакаленне, якое нарадзілася з 1980-х па раннія «нулявыя» (дзеці так званага пакалення Х). Лічыцца, што яны сацыяльна актыўныя, цікавяцца пытаннямі навакольнага асяроддзя, валодаюць развітым пачуццём грамадзянскай адказнасці. Менавіта іх спажывецкія перавагі вызначаюць тое, як мяняюцца меню ў рэстаранах і асартымент на паліцах супермаркетаў. Гэта асабліва заўважна па той бок акіяна. У ЗША, напрыклад, спажыванне мяса знізілася на 15% за апошнія дзесяць гадоў. У той жа час за апошнія пяць гадоў у краіне падвоілася колькасць розных прадуктаў для вегетарыянцаў. Але не ўсе спяшаюцца цалкам адмовіцца ад мяса: вегетарыянцаў у ЗША — 7,3 мільёна, а флексітарыянцаў — 22,8 мільёна. Брытанскія міленіялы салідарныя з заакіянскімі аднагодкамі: 28% англічан ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў прызнаюць, што да 2025 года, магчыма, прыйдуць да поўнай адмовы ад мяса.

У Іnstagram больш за 51 тысячу хэштэгаў прысвечаны флексітарыянству. Гэта на парадак менш, чым колькасць адзнак #vegetarіan. Але з флексітарыянствам пераклікаюцца і іншыя папулярныя хэштэгі, такія як масавы #eatclean (# чыстаехарчаванне). Прайшоўшы па іх, можна знайсці шмат прыкладаў карыснай для здароўя ежы (як расліннага паходжання, так і жывёльнага). Магчыма, менавіта захопленасць здаровым харчаваннем, уласцівая ў апошнія гады розным краінам свету, і прыводзіць многіх да вегетарыянства і флексітарыянства, лічыць Кэралайн Джэры з Unіlever UK. Адзін з прынцыпаў правільнага харчавання — пазбяганне транстлушчаў. А іх прыроднае ўтрыманне нашмат вышэйшае ў ежы жывёльнага паходжання, чым у расліннай.

Прыродныя транстлушчы ўтвараюцца ў выніку жыццядзейнасці бактэрый страўніка жвачных жывёл і захоўваюцца ў мясных і малочных прадуктах. Рэгулярнае ўжыванне багатай транстлушчамі ежы павышае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Таксама ёсць звесткі пра сувязь транстлушчаў з анказахворваннямі, дыябетам, хваробамі печані, дэпрэсіяй і хваробай Альцгеймера. Такім чынам, большасць тых, хто пачынае цікавіцца здаровым ладам жыцця і бярэцца за пытанне грунтоўна, рана ці позна ўпіраецца ў неабходнасць знізіць колькасць мяса і іншых жывёльных тлушчаў у рацыёне. Даследаванні паказваюць, што аздараўленчы эфект цалкам можа даць абмежаванае ўжыванне жывёльных тлушчаў, а не толькі поўная адмова ад іх. Напрыклад, строгая вегетарыянская дыета зніжае рызыку развіцця дыябету другога тыпу на 34%, а флексітарыянская — на 20.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.