Вы тут

Пачым рэчы ад беларускіх дызайнераў?


Шэсць тысяч рублёў. Столькі каштуе маленькая чорная сукенка ад Valentіno, якая абавязкова павінна быць у гардэробе кожнай жанчыны. Сказаць «сціпла, але з густам» язык не паварочваецца. Беларуская мода, вядома, маладзейшая за дом Valentіno, але, як той казаў, дызайнерскія рэчы таннымі не бываюць. Мы схадзілі на Вялікі модны маркет і паглядзелі, што цікавага прадаюць нашы мадэльеры і за колькі можна набыць эксклюзіў.


Шарс­ця­ная ка­мі­зэль­ка ад ды­зай­не­ра Ле­о­ра Гоф­ма­на за 390 руб­лёў.

Зніжкі 40 працэнтаў

На кірмашы дызайнерскіх рэчаў заўсёды можна знайсці адзенне з апошніх модных паказаў. Напрыклад, калекцыю Леора Гофмана ў стылі сафары. Баваўняная кашуля з трапічным прынтам каштуе 140 рублёў, чорная сукенка з аплікацыяй у выглядзе кошкі — 340. А калі дадаць яшчэ 50, можна набыць пясочную шарсцяную камізэльку — незаменная рэч, калі ў вас на працы пераважае дзелавы дрэс-код.

— Хіты продажаў — гэта спадніцы з кошкамі, шэрыя шарсцяныя касцюмы, блузы з бантам, — расказвае дызайнер.

Пытаемся пра зніжкі. Леор Гофман адказвае, што яны ёсць. Для пастаянных пакупнікоў — ад 5 да 15 працэнтаў. Як і любы нармальны брэнд, мадэльер ладзіць сезонныя распродажы — там зніжкі значна большыя.

У дызайнера Анастасіі Мірановіч рэчы з мінулых калекцый можна набыць са зніжкай 40 працэнтаў. Так, шарсцяныя штаны са «стрэлкай» патаннелі са 120 рублёў да 75. Амаль па такім жа кошце штаны прадае айчынны легпрам.

Адзенне з новай калекцыі, вядома, даражэйшае. Сукенкі розных расфарбовак (цёмна-смарагдавая, сіняя, у клетку і «гусіную лапку») — па 150 рублёў, доўгія паліто — амаль па 650. Анастасія — фанат канструявання, таму кашулі ў яе з незвычайным каўнерыкам. Але і цана за такі эксклюзіў — 165 рублёў.

— У кожнай калекцыі мусіць быць утульная рэч. Тут гэта джэмпер з фігурнай спінкай. Памацайце, які мяккі. Гэта італьянская воўна, — паказвае нам навінку дызайнер і дадае, што ў асноўным выкарыстоўвае для пашыву тканіны з Італіі і Германіі.

Памеры — ад 40-га да 46-га. Для жанчын у целе, як заўсёды, нічога няма.

Малады брэнд Zіbra пышак таксама не песціць: памерны рад — ад XS да M.

— «Эльку» (памер 1, або 48—50. — Аўт.) мы звычайна шыем на заказ, каб улічыць усе нюансы поўнай фігуры, — тлумачыць адна з дызайнераў маркі Аляксандра Жук.

У сваіх калекцыях Zіbra спалучае класіку і спорт і арыентуецца хутчэй на дзяўчат. Нам спадабаліся прамыя трыкатажныя сукенкі з ручной вышыўкай за 150 рублёў (калі правільна падабраць абутак і аксесуары, такую сукенку можна апранаць з любой нагоды) і шэрае свабоднае паліто, падобнае на кімано, за 440 рублёў. Брэнд, дарэчы, кожную зіму выпускае яшчэ і вязаныя шапкі. Сёлетнія прадаюцца па 45 рублёў.

Калекцыю, якую вясной прэзентавалі на подыуме, прадае і Юлія Бабій.

Цікавая знаходка — паліто ў камплекце з трыкатажнай гарлавінай. Калі вы не любіце падбіраць шалікі і маеце ў кашальку лішнія паўтысячы, гэта рэч якраз для вас.

Бе­ла­рус­кія мод­ні­цы га­то­вы пла­ціць за экс­клю­зіў.

Для жанчын з гумарам

Прыглядаемся да аксесуараў. Дызайнер Макс Міронаў прадае сумкі ў стылі «нічога лішняга». Форма падкупляе, але кошт вяртае на зямлю. Светла-ружовы ранец і сіняя сумка на плячо з ручкай-касічкай (адна з «фішак» дызайнера) прадаюцца па 400 рублёў. А за суму, роўную заробку экскурсавода ў Хойніках (260 рублёў), можна набыць ярка-чырвоную міні-сумачку з лакавай скуры.

Тым, хто хоча выглядаць арыгінальна, беларускія дызайнеры прапануюць... драўляны клатч. Насамрэч ён зроблены са скуры, якая зверху абабіта шпонам. Нягледзячы на незвычайны матэрыял, рэч функцыянальная: тэлефон і памада (а што яшчэ трэба, калі збіраешся на выхад з такім клатчам?) дакладна змесцяцца. Цана пытання — 350 рублёў.

На адным са стэндаў знаходзім стыльны зімовы варыянт сумкі — са скуры і футра поні. Лаканічны дызайн, з упрыгажэнняў — толькі кутасік на маланцы. «Уцепленыя» сумкі прадаюцца ў бэжавым, вішнёвым, цёмна-зялёным і сінім колерах. Аддадуць за 300 рублёў. Пасля знаёмства з цэннікамі іншых творцаў, здаецца, не так і шмат.

Упры­га­жэн­ні на лю­бы густ і ка­ша­лёк.

Упрыгажэннямі здзівіць складана. Цяпер на кірмашах чаго толькі не ўбачыш: і каваныя бранзалеты, і завушніцы з пялёсткаў кветак у ювелірнай смале. Нашу ж увагу прыцягнулі брошкі «Чыкулі» Таццяны Саковіч. Буйныя ўпрыгажэнні ў выглядзе дзяўчат-модніц можна доўга разглядаць: для кожнай такой лялькі памерам з далонь дызайнер стварае арыгінальную пару туфляў, шые адзенне і падбірае аксесуары (акуляры, сумачку і нават памаду). Мы губляемся: пад што насіць гэтыя яркія «чыкулі»?

— Трэба адважыцца прычапіць адзін раз, і гэта брошка будзе пад усё, — раскрывае сакрэт Таццяна Саковіч.

Такое ўпрыгажэнне, здаецца, павінна быць даспадобы дзяўчатам, але, кажа дызайнер, яго заказваюць жанчыны рознага ўзросту. Нават дамы за 50. Галоўнае — мець пачуццё гумару.

Таццяна тлумачыць, што цана брошкі — 80—90 рублёў — абумоўлена дарагімі матэрыяламі: вочы лялек — з камянёў Свароўскі, адзенне — з натуральнай скуры. Дый часу на выраб такой «чыкулі» ідзе шмат — адны толькі валасы з пластыку ўкладваюцца тры гадзіны. Але за эксклюзіў беларускія модніцы гатовы плаціць. Заказы на брошкі распісаны да снежня.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Аддаць заробак на паліто

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».