Вы тут

У БДУ адзначылі 95-годдзе


Днямі студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта святкавалі юбілей установы. Для гэтага ВНУ арганізавала ў адным з буйных забаўляльных комплексаў мерапрыемства пад назвай "Папараць-кветка. BSU-Nіght", падчас якога наведвальнікі маглі пазнаёміцца з гісторыяй галоўнага ўніверсітэта краіны, адпачыць на шматлікіх пляцоўках, паўдзельнічаць у інтэлектуальных гульнях, паслухаць адукацыйныя лекцыі пра гісторыю кінематографа ці проста патанцаваць.


— За 95 гадоў БДУ стварыў у нашай краіне сістэму вышэйшай адукацыі, заклаў асновы для развіцця айчыннай навукі, — сказаў падчас адкрыцця мерапрыемства рэктар БДУ Сяргей АБЛАМЕЙКА. — Сёння мы працягваем тыя вялікія традыцыі, якія заклалі бацькі-заснавальнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Я б хацеў павіншаваць усіх з нашым невялікім святам. Наперадзе — 100-годдзе. Упэўнены, што ўсіх нашых студэнтаў чакае вялікая будучыня.

"Цвіком" вечарыны стала музычная пастаноўка "Ноч у БДУ", рэжысёрам якой выступіў чацвертакурснік факультэта сацыякультурных камунікацый Валянцін Кірык. Згодна з сюжэтам, некалькі студэнтаў універсітэта трапілі ў нечаканае падарожжа ў часе, падчас якога сустрэліся са сваімі папярэднікамі з розных эпох. Напрыканцы прыгод яны пабачыліся і з першым рэктарам БДУ, легендарным акадэмікам Уладзімірам Пічэтам. Дарэчы, у ролях камеа (саміх сябе) падчас пастаноўкі паспрабавалі сябе кіраўнікі некаторых факультэтаў і рэктар Сяргей Абламейка.

— На "BSU-Nіght" я трапіў як удзельнік міжнароднага форуму "МІР. Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё", — распавёў студэнт ІV курса факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій Яўген ЧАК. — Там сустракаліся спецыялісты па студэнцкім самакіраванні, якія абменьваліся вопытам, а ўсе ўдзельнікі атрымалі запрашэнне на юбілей універсітэта. Акрамя гэтага, я з'яўляюся сакратаром факультэцкай ячэйкі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Вядома, я шчаслівы, што вучуся ў БДУ, мяркую, гэта найлепшае месца для прафесійнага станаўлення. Ужо на трэцім курсе знайшоў сабе работу па спецыяльнасці, маімі ведамі работадаўца задаволены — ці гэта не паказчык?

Пасля музычнай пастаноўкі ўдзельнікаў чакалі выступленні папулярных беларускіх гуртоў, яскравыя нумары прадэманстравалі бармены і ды-джэі. На сцэне забаўляльнага цэнтра выступілі гумарысты з беларускага клуба "Stand-Up Show".

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?