Вы тут

Увага рэстаўратараў — да гістарычнага цэнтра сталіцы


Прадпрыемства «Мінская спадчына» ў найбліжэйшы час пачне рэстаўрацыю некалькіх аб'ектаў у гістарычным цэнтры сталіцы.


Як адзначыў галоўны інжынер «Мінскай спадчыны» Міхась ЖЫХ, у 2017 годзе ўвага сталічных рэстаўратараў будзе прыцягнута да Ракаўскага прадмесця, дзе асноўным аб'ектам рэканструкцыі стане будынак хлебазавода №1. Цяпер актыўна вядзецца работа па праектаванні часткі тэрыторыі Ракаўскага прадмесця ў межах былой вуліцы Завальнай (Раманаўскай Слабады) і Ракаўскай. Тут плануецца аднаўляць тры аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны. Самым праблемным з іх, на думку Міхася Жыха, з'яўляецца будынак шпалернай фабрыкі. Бо інвестыцыйны праект вынасу гэтага прадпрыемства за межы горада і ўзвядзення ў тым ліку і гістарычнай забудовы пакуль не знайшоў падтрымкі.

Работы будуць распачаты і на Рэвалюцыйнай,13. Раней гэты ўчастак знаходзіўся ў прыватнай уласнасці, аднак забудоўшчык не выканаў абавязацельстваў, таму было прынята рашэнне аб яго канфіскацыі.
У першым паўгоддзі наступнага года плануецца правесці аўкцыён, па выніках якога будзе вызначаны новы забудоўшчык для тэрыторыі.

Па словах начальніка аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталлі ХВІР, сёлета на аднаўленне гістарычных аб'ектаў затрачана больш за 484 тыс. руб., а Міністэрствам культуры выдадзена 238 дазволаў на правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ. Па скончаных аб'ектах і этапах работ атрымана 74 заключэнні аб магчымасці прыёмкі іх у эксплуатацыю.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?