Вы тут

Калі ў Лівіі скончыцца шматгадовая вайна?


Пяць гадоў таму, 31 кастрычніка 2011-га, у Лівіі завяршылася поўнамаштабная аперацыя вайсковага блока НАТА «Аб'яднаны абаронца» (Unіfіed Protector). Яна доўжылася больш чым сем месяцаў. Ваеннаму ўмяшанню папярэднічаў шэраг падзей, якія без перабольшвання ўскалыхнулі ўвесь свет і мелі цяжкія наступствы. У лютым 2011-га, на фоне падзей «арабскай вясны» ў Тунісе і Егіпце, пачаліся разгортвацца маніфестацыі ў Бенгазі, другім па велічыні горадзе Лівіі. Досыць хутка пратэсты перакінуліся і на іншыя населеныя пункты. 17 сакавіка Савет бяспекі ААН прыняў сумна вядомую рэзалюцыю 1973 года, якая прадугледжвала ўвядзенне беспалётнай зоны над усёй тэрыторыяй краіны і абарону мясцовага насельніцтва «ўсімі неабходнымі мерамі». Гэты дакумент быў выкарыстаны заходнімі краінамі і іх арабскімі саюзнікамі ў якасці падставы для ваеннага ўмяшання ў лівійскі канфлікт. Апошняй апорай Муамара Кадафі з прыхільнікамі стаў яго родны горад Сірт, дзе 20 кастрычніка 2011 года лівійскі лідар быў схоплены і забіты. Многія эксперты лічаць гэтыя падзеі пунктам адліку таго шматгадовага хаосу, у якім апынулася краіна. Ці ўдасца Лівіі выкараскацца з крывавай багны вайны?


Новы грамадскі лад

Лівія чатыры дзясяткі гадоў жыла з імем Муамара Кадафі. З яго забойствам, сцвярджаюць аналітыкі, яна фактычна перастала існаваць. Цяпер гэта тэрыторыя, дзе большасць пытанняў вырашаецца з дапамогай сілы і зброі, існуюць тры ўрады і два парламенты, якія ніяк не могуць дамовіцца паміж сабой, дзе адзін за адным мяняюцца прэм'еры, а дэпутаты самі падаўжаюць свае паўнамоцтвы, дзе багатыя нафтавыя радовішчы і марскія парты пераходзяць з рук у рукі канфліктуючых бакоў, а многія рэгіёны не падкантрольныя нікому, акрамя мясцовых палявых камандзіраў. Ці ўяўляў такія перспектывы для сваёй краіны малады капітан Кадафі, калі 1 верасня 1969-га ва ўзросце 27 гадоў узначаліў антыманархічны выступ лівійскіх афіцэраў, які зрынуў з прастола караля Ідрыса І?

Пачынаючы з 1970-х, цягам чатырох дзясяткаў гадоў Лівія паступальна ператваралася з «белай плямы» на карце ў лідара рэгіёна і кантынента.

Былі закладзены асновы новага грамадскага ладу, заснаванага на сацыяльнай справядлівасці і прызнанні чалавечай годнасці, што дазволіла прарабіць шлях з архаікі ў сучасную цывілізацыю. Кадафі будаваў планы аб'яднання арабскага Усходу і Афрыкі, дапамагаў змагарам за нацыянальнае вызваленне, фантанаваў ідэямі, ставіў смелыя эканамічныя эксперыменты, мірыў плямёны і змагаўся з родаплемяннымі перажыткамі — на самой справе быў мадэрнізатарам. Ён пакінуў пасля сябе дзясяткі кніг і сотні вершаў, спрыяў паэтам, развіваў анархісцкую філасофію, фактычна стаўшы самым яркім і самым вядомым анархістам Усходу.

З краіны непісьменных бедуінаў і дробных рамеснікаў Лівія паступова ператварылася ў краіну інжынераў і нафтавікоў, дзе любая адукацыя (у тым ліку вышэйшая і замежныя стажыроўкі), а таксама любая медыцынская дапамога (уключаючы складаныя аперацыі) былі бясплатнымі. У Джамахірыю запрасілі лепшых замежных спецыялістаў, у выніку перамогшы высокую дзіцячую смяротнасць — біч Афрыкі. Былі практычна адменены падаткі («Не грамадзянін павінен Джамахірыі, а Джамахірыя — грамадзяніну») і ўсталяваны сімвалічныя цэны на базавыя прадукты, ануляваны камунальныя плацяжы і заахвочвалася дзетараджэнне — «мацярынскі капітал» выплачваўся за кожнага новага лівійца.

Пяць гадоў як няма Джамахірыі — беспрэцэдэнтнай і своеасаблівай сацыяльнай альтэрнатывы, арыгінальнага праекта грамадскай сістэмы. Яна была абгрунтавана ў Трэцяй сусветнай тэорыі Муамара Кадафі і выкладзена ў першай частцы Зялёнай кнігі. Вялікая Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя (такую назву мела дзяржава) кіравалася прынцыпам «прамога народаўладдзя». Традыцыйныя інстытуты ўлады адмяняліся. Паўсюдна фарміраваліся народныя камітэты і народныя кангрэсы. Дзяржава падзялялася на мноства камун, якія ўяўлялі сабой самакіравальную міні-дзяржаву ў дзяржаве, што валодаюць усёй паўнатой улады ў сваёй акрузе, уключаючы размеркаванне бюджэтных сродкаў. Кіраванне камунай ажыццяўлялася першасным народным кангрэсам. У яго ўваходзілі ўсе прыхільнікі камуны (жыхары). Кожны чалавек меў права выказаць сваю прапанову на пасяджэнні народнага камітэта. Кожны ўдзельнічаў у прыняцці рашэнняў і рэалізацыі ўлады. Дзяржава ўяўляла сабой федэрацыю камун. Кожны першасны народны кангрэс выбіраў сваіх прадстаўнікоў у гарадскі народны камітэт і Усеагульны Народны Кангрэс. У дзяржаўным кіраванні Вялікай Сацыялістычнай Народнай Лівійскай Арабскай Джамахірыяй удзельнічала ўсё дарослае насельніцтва краіны, аб'яднанае ў першасныя (асноўныя) народныя кангрэсы. Народныя кангрэсы выбіралі свае выканаўчыя органы (народныя камітэты), члены якіх аўтаматычна станавіліся дэлегатамі народных кангрэсаў правінцый.

«Немалаважная прычына ліквідацыі Кадафі — гэта страх перад незразумелай Захаду сацыяльнай альтэрнатывай, якую ён прапанаваў свету ў выглядзе створанай ім Джамахірыі. Яна не ўпісвалася ў заходнюю мадэль дэмакратыі, таму што каранямі сыходзіла ў шматвяковыя арабскія народныя традыцыі, але ўлічвала і сучасныя рэаліі. Заходнім стратэгам здавалася, што значна прасцей і Лівію прымусіць пабудаваць уніфікаваную дзяржаўную мадэль», — лічыць старшыня Расійскага камітэта салідарнасці з народамі Лівіі і Сірыі Сяргей Бабурын.

Нафтавая спакуса

Паводле меркавання шэрагу экспертаў, адной з галоўных прычын інтэрвенцыі НАТА ў Лівію сталі вялікія пацверджаныя запасы нафты, якія складаюць 44,3 млрд бараляў, а таксама залежы прыроднага газу (1,6 трлн. куб. м) у гэтай краіне. Да вайны тут штодня здабывалі ад 1,5 млн да 1,6 млн бараляў. Гэта складае 6% ад агульнай здабычы АПЕК.

Сырая нафта ў Лівіі з'яўляецца выдатнай па якасці, і яе радовішчы блізка размешчаны да еўрапейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Не выключана, што на самай справе запасы лівійскай нафты могуць складаць 100 млрд бараляў.

Як сцвярджаў яшчэ ў 2007 годзе кіраўнік прадстаўніцтва французскай кампаніі Total Філіп Мальзак, «Лівія з'яўляецца адной з нямногіх краін, у якой ёсць велізарныя тэрыторыі, дзе наогул не праводзілася разведка вуглевадародаў». Прыкладна такое ж меркаванне адносна прыродных запасаў Лівіі можна прачытаць у дэпешах, апублікаваных інтэрнэт-рэсурсам WіkіLeaks. Як сведчаць дакументы, датаваныя вераснем 2009 года, на той момант кіраўнік Лівійскай нацыянальнай нафтавай кампаніі Алі Сугхейр заявіў прадстаўнікам амерыканскага пасольства, што ў Лівіі былі выяўлены «буйныя ападкавыя басейны з нафтавымі і газавымі запасамі» і, паводле дадзеных сейсмічнай разведкі, «яшчэ больш радовішчаў па ўсёй краіне толькі трэба будзе адкрыць».

Крыху раней, у студзені 2009-га, падчас відэаканферэнцыі са студэнтамі Джорджтаўнскага ўніверсітэта (ЗША) Кадафі неасцярожна прыгразіў нацыяналізаваць усю нафтавую і газавую галіну. Гэтая вестка, безумоўна, устрывожыла заходніх палітыкаў. У той жа час, зняўшы санкцыі з Лівіі, яны не пралічылі, што кіраўніцтва гэтай паўночнаафрыканскай краіны можа скарыстацца сітуацыяй для таго, каб развіваць адносіны з краінамі Усходу. Дэпеша, датаваная чэрвенем 2008 года, паказвае на «нядаўні ўсплёск цікавасці да Лівіі з боку незаходніх міжнародных нафтавых кампаній (у прыватнасці, кампаній з Індыі, Японіі і Кітая), якія атрымалі ў апошні час масу канцэсій ад Нацыянальнай нафтавай кампаніі Лівіі». Гэтыя кампаніі былі здольныя стварыць сур'ёзную канкурэнцыю амерыканскім і еўрапейскім нафтавым гігантам.

Да таго ж у 2011 годзе меркавалася рэалізаваць праект судана-лівійскага нафтаправода — першага такога трансафрыканскага збудавання, непадкантрольнага Захаду. Ён павінен быў злучыць Чырвонае і Міжземнае мора і прайсці па маршруце Порт-Судан-Хартум-Фецан-Бенгазі. Адкрыццё гэтага нафтаправода ўзмацніла б саюз паміж Лівіяй і Суданам, які арыентуецца ў сваёй палітыцы на Іран і Кітай. Як лічаць некаторыя эксперты, такі стратэгічны саюз мог уключыць у сваю арбіту яшчэ і Егіпет. Уяўляеце сабе такі «расклад»?

У тупіку

Рэвалюцыя, умяшанне заходніх краін і забойства Кадафі мелі разбуральныя наступствы для лівійскай дзяржавы, насельніцтва і эканомікі. Лівія ператварылася ў краіну для транзіту міжнароднай злачыннасці, незаконнай міграцыі і кантрабанды зброяй. Па дадзеных Сусветнага банка, канфлікт у Лівіі прывёў да эканамічнага калапсу з-за падзення даходаў ад экспарту нафты, якія складаюць аснову эканомікі краіны. Нафтаздабыча зменшылася ў чатыры разы, ВУП у разліку на душу насельніцтва скараціўся ўдвая: з $11,9 тыс. у 2010-м — да $5,4 тыс. летась.

У 2011-м за першыя восем месяцаў канфлікту ў краіне загінула прыблізна 14 тыс. чалавек (гэтыя ацэнкі былі агучаны афіцыйнымі прадстаўнікамі Лівіі ў 2013 годзе, першапачаткова розныя крыніцы прыводзілі дадзеныя аб 30—50 тыс. загінулых). Колькасць загінулых у сутыкненнях у 2012—2016 гадах ацэньваецца прыкладна ў 6 тыс. чалавек (дадзеныя сайта Lіbya Body Caunt, афіцыйная статыстыка, а таксама дадзеныя ААН не апублікаваныя). У сувязі з пастаяннымі баявымі дзеяннямі, якія вядуцца на тэрыторыі краіны, толькі з лістапада 2014-га каля 450 тыс. жыхароў краіны аказаліся ў становішчы часова перамешчаных асоб.

За мяжой пражываюць тры мільёны лівійскіх бежанцаў. 260 тысяч лівійскіх дзяцей не пайшлі ў школу, а 1400 школ сталі казармамі для баевікоў або перавалачнымі пунктамі для мігрантаў.

Зараз Лівія насамрэч тэрыторыя хаосу, напоўненая варожасцю і племяннымі ўсобіцамі, дэградаваная і абрабаваная. У краіне пачалі дзейнічаць шматлікія групоўкі, якія вельмі хутка здабылі формы радыкальнага ісламу. Многія з іх першапачаткова асацыявалі сябе з «Аль-Каідай», баевікі якой змагаліся супраць Кадафі, затым ахвотна сталі ўлівацца ў шэрагі «Ісламскай дзяржавы», якая знайшла для сябе добрую глебу ў заглыбленай у звады і багатай не толькі нафтай, але і зброевым арсеналам краіне. Кадафі неаднаразова папярэджваў аб гэтым. Але тады яго пачулі нямногія. Выступаючы з балкона сваёй рэзідэнцыі ў Трыпалі са зваротам да нацыі, Кадафі заўважыў: тыя, хто развязаў вайну супраць яго краіны, «хочуць ператварыць яе ў эмірат Бэн Ладэна, зрабіць з Лівіі Афганістан». Цяпер краіна з'яўляецца тылавой базай «Ісламскай дзяржавы», яе плацдармам за межамі Сірыі і Ірака. Сюды перацякаюць баевікі з зоны іншых узброеных канфліктаў — Емена, Афганістана, афрыканскіх краін — і пагражаюць дэстабілізацыяй ва ўсім макрарэгіёне.

«Краіна перажывае найцяжэйшы крызісны перыяд. Гэта крызіс суверэнітэту, дзяржаўнай ідэнтычнасці, бяспекі. Сама па сабе «лівійская праблема», як называюць яе заходнія СМІ, сёння моцна трансфармавалася — з нацыянальнай яна стала рэгіянальнай. Краіна ператварылася ў цэнтр нестабільнасці для ўсяго Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі», — заўважае старшы выкладчык факультэта палітычнай навукі расійскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта Вышэйшай школы эканомікі Рыгор Лук'янаў.

Відавочна, што квітнеючая дагэтуль краіна цяпер знаходзіцца ў тупіку. Спецыялісты кажуць пра тое, што пры адсутнасці канструктыўных практычных намаганняў з боку знешніх гульцоў у бліжэйшыя гады Лівію чакаюць некалькі сцэнарыяў развіцця падзей, кожны з якіх несуцяшальны. Першым і найбольш рэальным уяўляецца далейшая фрагментацыя грамадства і дэцэнтралізацыя ўлады, якая паставіць пад пытанне існаванне Лівіі як дзяржавы і стане добрай глебай для пашырэння тэрарыстычных арганізацый.

Загадчык Цэнтра еўразійскіх даследаванняў Інстытута актуальных міжнародных праблем Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі Алег Перасыпкін (які ў другой палове 1980-х быў паслом СССР у Лівіі) мяркуе, што да працэсу аднаўлення лівійскай дзяржавы павінны далучыцца арабскія краіны. Напрыклад, Егіпет, на тэрыторыі якога цяпер аказалася нямала выхадцаў з Лівіі, у тым ліку і палітычных эмігрантаў. Вось толькі ці знойдзецца сярод іх чалавек, супастаўны па маштабу з фігурай Муамара Кадафі, — вялікае пытанне.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Пасля Джамахірыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».