Вы тут

Беларусь дапаможа рыхтаваць спецыялістаў для Пакістана


Рашэнне аб стварэнні сумеснай беларуска-пакістанскай навучальнай установы — Універсітэта прафесійнай адукацыі — было прынятае па выніках візіту ў Беларусь генеральнага дырэктара арганізацыі Roots Іnternatіonal Schools (Ісламская Рэспубліка Пакістан) Валіда МУШТАКА.


Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў і Валід Муштак падпісалі Мемарандум аб узаемаразуменні, які ўключае шэраг кірункаў двухбаковага супрацоўніцтва: абмен педагагічнымі работнікамі з кола прафесарска-выкладчыцкага саставу, магчымасць аплаты навучання пакістанскіх студэнтаў у Беларусі і беларускіх студэнтаў — у Пакістане, стажыроўкі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў...

Як расказаў беларускім журналістам спадар Муштак, Roots Іnternatіonal Schools — недзяржаўная арганізацыя. У сферу яе ўплыву трапляюць больш як 30 тысяч дзяцей са 100 школ з 30 гарадоў.

— Мы даём нашым вучням не проста кніжныя веды, а развіваем у дзяцей крытычнае і аналітычнае мысленне, стымулюем развіццё ў іх фантазіі, нестандартнае бачанне свету — гэта значыць, даём ім тыя навыкі, якія патрабуюцца ў ХХІ стагоддзі і праграмістам, і сацыёлагам, і ўрачам, і прадстаўнікам усіх іншых прафесій, каб быць паспяховымі. Гэта становіцца магчымым дзякуючы ўкараненню ў адукацыйны працэс інавацыйных праектаў: больш як 2 тысячы нашых педагогаў працуюць з дзецьмі па самых перадавых тэхналогіях. З дапамогай адукацыі мы змяняем лёсы маладых людзей і натхняем іх на новыя здзяйсненні. За два апошнія гады каля 30 мільёнаў долараў было накіравана на стыпендыі, якія дазваляюць маладым людзям з Пакістана атрымліваць вышэйшую адукацыю ў вядучых універсітэтах свету – Гарвардзе, Оксфардзе, Лонданскай школе эканомікі, універсітэтах Аўстраліі і Канады.

Адзін з самых уплывовых пакістанскіх бізнесменаў, Валід Муштак атрымаў запрашэнне наведаць Беларусь у ходзе нядаўняга візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан. За некалькі дзён знаходжання ў нашай краіне ён азнаёміўся з усімі ўзроўнямі адукацыі: ад дашкольнай — да вышэйшай.

Універсітэт прафесійнай адукацыі, які будзе створаны пры дапамозе беларускага боку, дазволіць маладым людзям атрымаць універсальныя навыкі, каб стаць запатрабаванымі і канкурэнтаздольнымі на рынку працы паўсюдна.

— Мадэль падрыхтоўкі спецыялістаў з прафесійнай адукацыяй (і праграмы, і тэхналогіі, і інфраструктура), якую я ўбачыў у Беларусі, — узор для пераймання, — канстатаваў Валід Муштак. — Гэта будзе ўстанова, якая не толькі дапаможа маладым людзям стаць добрымі механікамі, будаўнікамі, дызайнерамі, праграмістамі, спецыялістамі аўтамабільнай вытворчасці, але паспрыяе культурнаму абмену паміж нашымі краінамі, узаемадзеянню і ў іншых сферах.

Гаворачы пра новую ўстанову, Міхаіл Жураўкоў дадаў, што ў партнёраў ёсць жаданне, каб універсітэт працаваў не толькі на Пакістан, але і на ўвесь усходні рэгіён, а таксама на Кітай.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Ад механіка — да праграміста

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?