Вы тут

У Мінску працуе ўнікальная тэхніка для абследавання страўніка


У 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска з'явілася магчымасць абследаваць стрававод і страўнік больш сучаснай тэхнікай.

Абследаванне стрававода і страўніка можа адбывацца на працягу цэлых сутак. Для такога сутачнага маніторынгу — ён называецца рН-метрыяй — патрабуецца спецыяльная тэхніка. У некаторых краінах СНД, дарэчы, яе няма, а таму і падобныя даследаванні не праводзяцца ўвогуле. У нашай краіне не так даўно з'явілася нават яшчэ больш сучаснае прыстасаванне. І цяпер можна падабраць больш дакладную індывідуальную схему лячэння, а значыць, дасягнуць большага эфекту ад яго.


Вось так лёг­ка «Ма­нас­кан» мож­на пе­ра­вез­ці з ад­на­го па­коя ў ін­шы.

— Раней мы працавалі з расійскай, а нядаўна атрымалі тэхніку амерыканскай кампаніі, зборачны цэх якой знаходзіцца ў Ізраілі, — тлумачыць дацэнт 2-й кафедры ўнутраных захворванняў, кандыдат медыцынскіх навук, урач-гастраэнтэролаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Мікалай КАПРАЛАЎ. — Гэта кампактны апарат з большымі магчымасцямі, большай колькасцю датчыкаў — у расійскім было ўсяго тры, а ў ізраільскім — ужо восем. Цяпер мы дыягнастуем у страваводзе і страўніку ўжо не толькі кіслату, але і шчолач, даследуем, як рухаецца ежа. Акрамя таго, можам устанавіць і аб'ём сакрэту, які закідваецца падчас рэфлюксу, або, кажучы простай мовай, таго, што закідваецца са страўніка ў стрававод і што хворы адчувае як пякотку. Пякотка бывае і бяскрыўдная, на якія-небудзь асобныя прадукты харчавання, аднак бывае, што гэты стан мучыць пацыентаў пастаянна. Многія з іх пры гэтым і не здагадваюцца, наколькі гэта небяспечна. Так праяўляецца гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба, здольная з цягам часу пры адсутнасці лячэння прывесці да сур'ёзных ускладненняў. У нашай краіне ад такой паталогіі пакутуе прыкладна кожны пяты...

Су­час­ны апа­рат із­ра­іль­скай вы­твор­час­ці зле­ва,  а спра­ва — ра­сій­скі ана­лаг,  які па­куль так­са­ма вы­ка­рыс­тоў­ва­ец­ца.

Зразумела, што ежа не павінна нікуды вяртацца. Прырода прадугледзела так, што ў страваводзе асяроддзе шчолачнае, а ў страўніку — кіслае. Таму калі кіслы страўнікавы рэфлюкс закідваецца ў стрававод, гэта яго пашкоджвае. Раз за разам... і ўзнікае запаленне, пасля эрозія, язва, урэшце такое захворванне, як стрававод Барэта, а гэта ўжо перадракавы стан! Кіслае змесціва страўніка можа нашкодзіць нават лёгкім (анатамічна ж органы блізкія), а тое і паспрыяць запаленню трахеі ці бронхаў. Пацыент, і нават урач, могуць грашыць пры гэтым на бранхіяльную астму! Нездарма ў кожнага шостага «астматыка» выяўляецца рэфлюксная хвароба.

— Верхні сфінктар замыкаецца, як толькі ежа прайшла ў стрававод, што папярэджвае яе вяртанне ў ротавую поласць, — тлумачыць Мікалай Капралаў. — А ніжні сфінктар папярэджвае закід ежы са страўніка ў стрававод. Аднак бывае, што сфінктар не змыкаецца як належыць, або, наадварот, змыкаецца так, што ежа не праходзіць далей і можа нават трапляць у органы дыхання. Стрававод багаты на нервовыя адросткі, а таму яго няправільнае скарачэнне прыносіць чалавеку пакуты і не можа застацца для яго незаўважаным. Самае важнае, каб людзі не трывалі, а ішлі да ўрача, які прызначыць спецыяльнае абследаванне, бо ніякі ўльтрагук не выявіць тое, што адбываецца ўнутры органа.

Зонд «Ма­нас­ка­на» пра­цуе па та­кім прын­цы­пе, які лепш фік­суе па­та­ла­гіч­ныя змя­нен­ні  дзя­ку­ю­чы аж­но 36-ці дат­чы­кам.

Даследаваць стрававод дапамагае яшчэ адзін новы і пакуль адзіны ў краіне апарат замежнай вытворчасці — «Манаскан». Датчыкі зонда, падключанага да гэтага абсталявання, вызначаюць рухальную функцыю органа, фіксуюць скарачэнні яго сценак падчас праходжання ежы, выяўляюць у хворага грыжу страваводнай адтуліны дыяфрагмы, калі страўнік пачынае выпінацца ў грудную поласць

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Убачыць пякотку... знутры

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.