Вы тут

Як недатацыйныя раёны плануюць свой бюджэт


Пераважная большасць раёнаў нашай краіны з'яўляюцца датацыйнымі. Рэдкасць, калі бюджэт тэрытарыяльнай адзінкі збалансаваны і людзі там жывуць па сродках. У 2017 годзе з рэспубліканскага бюджэту будзе выдзелена 2 275,8 млн рублёў на датацыі абласцям Беларусі. (Гэта 102,8% да лічбы бягучага года.) Але ёсць шчаслівыя выключэнні. Яўгенія ЛІПНІЦКАЯ, начальнік фінансавага аддзела Дзяржынскага райвыканкама, расказала, адкуль бяруць грошы і як іх трацяць у раёне, які зарабляе сабе на жыццё самастойна.


Звесці дэбет з крэдытам

— Асаблівасць бюджэту Дзяржынскага раёна — стварэнне дастаткова ўстойлівай даходнай базы, — расказвае Яўгенія Ліпніцкая. — З аднаго боку, плацельшчыкамі падаткаў з'яўляюцца ўсе нашы прамысловыя прадпрыемствы, з другога — у нас вельмі вялікі недзяржаўны сектар. Нашы даходы і расходы збалансаваны (зарабляем і трацім па 65 млн рублёў). Дапамогу з вобласці мы атрымліваем не ў выглядзе датацый, а субвенцыямі на пэўныя віды выдаткаў, напрыклад на вапнаванне глебы, на іншыя мерапрыемствы, якія рэспубліка ці вобласць фінансуе. Жывём уласнымі даходамі.

Вельмі добрая прамысловая база створана ў Фаніпалі. Асноўным плацельшчыкам падаткаў у раёне з'яўляецца агракамбінат «Дзяржынскі». Яго доля ў даходах 6,5%. Далей ідуць прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці. У рэспубліканскі бюджэт яны плацяць падатак на дабаўленую вартасць і на прыбытак, а астатнія падаткі, у тым ліку падаходны, — у бюджэт раёна. Другім па ўдзельнай вазе плацельшчыкам з'яўляецца РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт» у Фаніпалі. Там жа знаходзяцца іншыя буйныя прадпрыемствы, прыбытак ад якіх складае каля 3% раённага бюджэту.

Адзін з «сакрэтаў» развіцця Дзяржынскага раёна — вялікая колькасць прыватных прадпрыемстваў.

Здаецца, прычына відавочная — побач сталіца, але магчымасці рэгіёна актыўна развівае і мясцовая ўлада, расказвае наша суразмоўніца:

— Трэба ствараць спрыяльнае асяроддзе для таго, каб прыцягваць бізнес. У нас добрыя транспартныя зносіны. Прадпрымальнік можа асабіста звярнуцца да старшыні раёна з прапановай. Праз аўкцыёны ўчасткі прадаюцца толькі пад гандаль, а пад вытворчасць зямля можа вылучацца і наўпрост. Калі гэта раёну выгадна і ёсць добры бізнес-план, то даём месца для размяшчэння вытворчасці.

Апошнім часам павялічылася доля паступлення ў бюджэт ад недзяржаўнага сектара эканомікі. Яна складае 50% даходаў бюджэту. Прыватны сектар цалкам плаціць усе падаткі раёну. Найбольш прыбытковыя — гэта завод вымяральных прыбораў «Энергамера» ў Фаніпалі, «Араматык» па вырабе харчовых інгрэдыентаў, «МАВ» па вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў. Вядома, працаваць з уласнымі даходамі нашмат лепш, чым чакаць паступлення з рэспубліканскага бюджэту. Нашы выдаткі прымеркаваны менавіта пад тэрміны паступлення падаткаў. Напрыклад, тэрмін аплаты плацяжоў — 20-га, таму ў гэтых чыслах мы аддаём зарплату нашым настаўнікам.

Зямлю — людзям

Большасць выдаткаў накіравана на фінансаванне сацыяльнай сферы. 65% ад бюджэту ідзе на ахову здароўя, адукацыю і культуру. Астатнія 35% — гэта жыллёва-камунальная гаспадарка, выдаткі на добраўпарадкаванне, датаванне транспарту. Сельскай гаспадарцы плацяцца надбаўкі на рэалізаваныя малако і жывёлу. З кожным годам выдаткі растуць, таму трэба прыкладаць намаганні, каб і даходы адпаведна павялічваліся.

— Год на год не прыходзіцца, сёлета ў нас праблема з ростам даходу бюджэту, — тлумачыць Яўгенія Ліпніцкая. — Асноўнай крыніцай з'яўляецца падаходны падатак. Ён займае 55% і залежыць ад таго, як павялічваецца заработная плата. На жаль, зарплата расце не тымі тэмпамі, якімі хацелася б. Калі мы складалі бюджэт, планавалі яе рост у гэтым годзе на 10%. Але такога няма. За дзевяць месяцаў яна павялічылася толькі на 1,8%, адпаведна гэтаму і прыбыткі, таму сёлета адчуваем вялікае напружанне з выкананнем даходнай часткі бюджэту.

Але зніжэнне чымсьці трэба кампенсаваць: у нас карыстаюцца попытам зямельныя ўчасткі. Арганізаваны аўкцыён па іх продажы ў прыватнае карыстанне. Гэта дае нам добры даход. Зямля прадаецца і пад жыллёвую, і пад шматпавярховую забудову. За дзевяць месяцаў — 154 участкі, сума паступленняў — 2 млн рублёў. Участкі ў Фаніпалі карыстаюцца вельмі добрым попытам. Кошт даходзіць да 50 тыс. рублёў за пусты кавалак зямлі.

Адна з балючых тэм для многіх раёнаў — працоўная міграцыя. Але Дзяржынскі гэтым не хварэе. Колькасць людзей, якія пераязджаюць, не крытычная, таму што даволі шмат работы ёсць і на малой радзіме. Па словах Яўгеніі Ліпніцкай, у сталіцу накіроўваюцца звычайна тыя, хто працуе ў сацыяльнай сферы. У Мінску ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы, у тым ліку плацяць больш вялікія надбаўкі.

Трацім з розумам

Летась на сродкі бюджэту ў Дзяржынску з'явіўся новы дзіцячы сад. Сёлета сярэдняя школа №4 была ўцеплена згодна з энергаэфектыўнымі стандартамі. Гэта стала вынікам работы Дзяржынскага раёна з ПРААН.

— Мы нашу бюджэтную сферу заўсёды нацэльваем на тое, што трэба ўсюды эканоміць. — заўважае Яўгенія Ліпніцкая. — Інакш грошай заўжды будзе недастаткова. Трэба, каб і штат быў аптымальны. Пасля выплаты зарплаты самыя вялікія расходы ідуць на камунальныя паслугі, ацяпленне. Неабходна, каб усюды стаялі лічыльнікі, была сістэма заахвочванняў за эканомію электраэнергіі, цепланасіцеляў, лямпачкі — энергазберагальныя. Бюджэтныя ўстановы кожны год павінны імкнуцца да эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Жыць уласнымі даходамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».