Вы тут

Карэспандэнт «МС» адправілася ў прафілактычны рэйд з ратаўнікамі


Рэйды супрацоўнікаў сельвыканкамаў і інспектараў супрацьпажарнага нагляду МНС звычайна выяўляюць сацыяльныя праблемы.

Па вёсках Слаўнае, Стасюкі, Вострава старшыня Тэвельскага сельскага Савета Іна КУЗНЯЦОВА накіравалася з інспектарамі нагляду і прафілактыкі Кобрынскага райаддзела МНС Андрэем КРЫЎЦОМ і Юрыем ДАНІЛЮКОМ. Іх мэтай было наведаць адзінокіх грамадзян і тых, якія пражываюць адны. Карэспандэнт «МС» напрасілася з імі ў рэйд.


Стар­шы ін­спек­тар Юрый Да­ні­люк з пен­сі­я­нер­кай Воль­гай Ба­ла­буш­кай.

«Жучок» — сваяк пажару

Варта сказаць, што ў 21 населеным пункце сельсавета жывуць 30 адзінокіх грамадзян і 196 тых, хто пражывае адзін. І ўсіх з наступленнем ацяпляльнага сезона трэба наведаць, паглядзець, у якім стане печы, праводка, ці спраўныя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, ці няма так званых «жучкоў» у электралічыльніках. Ну і, вядома, выпадае нагода пагаварыць з людзьмі, папытаць, што іх турбуе. Трэба адзначыць, што большасць пажылых пенсіянераў на развітанне казалі нам: «Дзякуй, што зайшлі ў хату, праведалі».

Заўважу, што ў большасці пажылых вяскоўцаў жыллё падрыхтавана да ацяпляльнага сезона як след: печы адрамантаваныя і пафарбаваныя, праводка падтрымліваецца ў належным стане, лічыльнікі нядаўна мянялі. Работа, якая вядзецца гадамі, дае свае вынікі. У некаторых хатах службовым асобам заставалася толькі праверыць, як выконваліся ранейшыя прадпісанні, альбо сапраўды праведаць гаспадароў і ўпэўніцца, што ўсё ў парадку.

Як сказала нам Вольга Балабушка з вёскі Слаўнае: «Толькі п'яніцы, якія кураць у ложку, гараць, а сталыя людзі сочаць за сваім жытлом». З Вольгай Аляксееўнай не пагадзіўся старшы інспектар Юрый Данілюк і напомніў, што пільнасць і клопат пра бяспеку павінны быць ва ўсіх і заўсёды. І хоць значных парушэнняў у гэтай гаспадыні не заўважана, на будучае ёй варта паклапаціцца аб новай праводцы: старыя правады на роліках аджываюць свой век. Свае прапановы супрацоўнік МНС пісьмова выкажа дзецям вясковай жыхаркі.

У іншых хатах выяўлены большыя праблемы. Аказваецца, «жучкі» ў лічыльніках электраэнергіі — гэта не такая ўжо і рэдкасць у XXI стагоддзі. «Жучком» у народзе называюць самаробнае прыстасаванне з дроту, якое ўстанаўліваюць замест засцерагальніка ў прыбор падліку энергіі. Апошні ў выпадку кароткага замыкання ці моцнага перападу напружання спыняе паступленне току, а той самы дроцік, наадварот, яму спрыяе. Вось і лічыце, што «жучок» — найбліжэйшы сваяк пажару. Зусім не чакалі мы знайсці такое крымінальнае прыстасаванне ў доме 78-гадовай Марыі Апанасаўны...

Па дарозе старшыня сельвыканкама расказала прыгожую гісторыю, як сышліся ў адну хату два даволі пажылыя чалавекі, як падтрымліваюць адно аднаго. У дом да Марыі Апанасаўны з суседняй вёскі пераехаў мужчына, але паводле дакументаў яна лічыцца ўсё роўна адзінокай. Калі прыехалі да гаспадыні, то ўбачылі, як цяжка ёй жывецца. Жанчына нядаўна перанесла інсульт і амаль не ходзіць. Каб не яе сябар і памочнік, то самастойна не здолела б нават паесці прыгатаваць.

Печы ў доме аказаліся ў парадку. А вось «жучок» у лічыльнік... нібыта сам запоўз. Мужчына адразу адхрысціўся: маўляў, дом не мой, нічога не ведаю, гаспадыня з двума кійкамі і пагатоў не магла нешта зрабіць з прыборам...

Супрацоўнік МНС Андрэй Крывец зазначыў, што з такой сітуацыяй — калі людзі пачынаюць пераконваць, што яны не ведаюць, хто ўсталяваў забароненыя прыстасаванні, сапсаваў АПА ці яшчэ нейкім чынам нашкодзіў, — сутыкаецца часта. Давесці ім, што гаспадар домаўладання нясе адказнасць за ўсё, што знаходзіцца ў доме і на ўчастку, бывае вельмі няпроста.

Пацвярджэнне слоў спецыяліста выратавальнай службы чакала нас у наступнай хаце. Ва Уладзіміра Амельчука не працаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які ў пакоі пенсіянера ўстанавілі за сродкі бюджэту. Думалі, што трэба памяняць элемент сілкавання. Але аказалася, што правады, якія вядуць да той самай батарэйкі, акуратна перарэзаны. Гэта значыць, прыбор канчаткова сапсаваны.

Гаспадар проста на павышаных танах спрабаваў давесці, што яму прыкруцілі менавіта гэты апавяшчальнік і ён яго не чапаў. Сварыцца з пенсіянерам не сталі, дамовіліся напісаць ліст сваякам, каб купілі новы апавяшчальнік і прыкруцілі на месца сапсаванага.

Анд­рэй Кры­вец пры­ма­цоў­вае апа­вя­шчаль­нік  у до­ме адзі­но­кай вяс­ко­вай жы­хар­кі.

Праблемныя жыхары

Асаблівую занепакоенасць у мясцовай улады выклікае тая катэгорыя жыхароў, якія характарызуюцца асацыяльным ладам жыцця. Аднаго такога наведала наша рэйдавая група. Грамадзянін Ш. не мае афіцыйнай рэгістрацыі, бо не аформіў у спадчыну былы дзедаў дом, проста прыехаў з горада і жыве пасля адбывання тэрміну зняволення. Хату, у якую можна зайсці, толькі добра прыгнуўшы галаву, пэўна, не прыбіралі з той пары, як тут жыў дзед цяперашняга жыльца-пенсіянера. Печ, на здзіўленне інспектара, аказалася ў нармальным стане: сумленна падыходзілі да справы колішнія печнікі. А вось у лічыльніку, паводле слоў спецыяліста пажарнай службы, «жучкі» таўшчынёй з палец, што было адзначана ў адпаведных дакументах. Сам жа гаспадар дома лічыць, што ў яго ўсё ў парадку.

— Праблемных жыхароў у вёсках хапае, — расказвае Іна Кузняцова. — Адзін з іх страціў работу і быў асуджаны за забойства страуса на ферме. Цяпер сноўдаецца па вуліцах, жыве невядома за якія сродкі.

Яшчэ адзін пажылы чалавек з вёскі Мацы ніколі не меў праблем з законам, жыве ў доме сваіх бацькоў, сям'і не стварыў. Працаваў у свой час напаўсілы, пенсію атрымаў зусім малую. А калі састарэў і пачаў хварэць, грошай перастала хапаць на жыццё і лекі. Дапамагчы няма каму, акрамя мясцовай улады. Дапамагалі з рамонтам печы, праводкі, ды і проста жыллё прывесці ў парадак. І ўсё роўна з часам, відаць, давядзецца размяшчаць Івана Андрэевіча ў бальніцу сястрынскага догляду.

Ёсць, на жаль, некалькі пажылых жанчын, якія злоўжываюць спіртным. Адна з іх мінулым разам не пусціла правяраючых на парог. А на гэты раз была цвярозая, таму яе дом праверылі на прадмет пажарнай бяспекі.
І рэкамендавалі толькі замяніць элемент сілкавання ў апавяшчальніку, астатняе аказалася ў здавальняючым стане.

Ін­спек­тар Анд­рэй Кры­вец, пен­сі­я­нер­ка Ні­на Фе­да­рук  і стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Іна Куз­ня­цо­ва.

Узорныя бабулькі

Асобна варта сказаць пра тых жанчын, якія жывуць адны, але клапоцяцца пра свой дом, бяспеку, парадак. У іх чыста, прыбрана, адчуваецца свая рука альбо ўдзел дзяцей, якія прыязджаюць на выхадныя. Ну, такія, напрыклад, як Ніна Федарук са Слаўнага. Раней яе муж Дзмітрый Кляменцевіч быў старастам вёскі. І цяпер, калі Ніна Васільеўна засталася адна, яна па-ранейшаму з'яўляецца ўзорам гаспадыні. А калі зайшлі ў дом да Марыі Мартысюк з Вёскі Вострава, інспектар Андрэй Крывец не ўстрымаўся ад каментарыя: «Нават у гарадской кватэры рэдка сустрэнеш такі ідэальны парадак. Бывае, зойдзеш у дом да шматдзетнай маці: жанчыне няма і трыццаці, пазногці пафарбаваныя ў чорны колер, такога ж «колеру» і пліта, што некалі была белай. Ажно дзяцей тых шкада».

...За дзень мы аб'ехалі тры вёскі, але дома ўдалося застаць не ўсіх са спіса, падрыхтаванага загадзя кіраўніком сельскага Савета. Іна Валер'еўна гаворыць, што падчас такіх паездак выяўляюцца ўсе праблемы адзінокіх людзей, а не толькі праблемы бяспекі іх пражывання. Ну вось, напрыклад, пенсіянерцы пасля інсульту трэба афармляць інваліднасць, а хто гэтым павінен займацца, пакуль не зразумела.

Ёсць у адной з вёсак адзінокая жанчына, былая даярка, якая атрымлівае вельмі добрую пенсію, але сабе батон шкадуе купіць. Усе грошы пенсіянерка аддае пляменнікам. Усё б нічога, каб яны імкнуліся атрымліваць адукацыю ці будаваць кватэры, а то адзін з пляменнікаў, напрыклад, нешта ўкраў. Цётка кампенсавала ўрон разам са штрафам — выйшла пяць мільёнаў на старыя. І што тут зробіш? На ўгаворы заняцца сабой, купіць адзенне, з'ездзіць у санаторый ветэран працы толькі ўздыхае. У кожнай такой пенсіянеркі свая жыццёвая гісторыя. Часам не вельмі вясёлая.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Апавяшчальнік без батарэйкі і лічыльнік «з жучком»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».