У Віцебску, як кажуць, тэмай №1 для «абмеркавання на кухнях» стала перспектыва ўзвядзення праваслаўнага храма ў парку па вуліцы Чэхава. Там задумалі пабудаваць копію знакамітай полацкай Сафіі — такой, якой яна была першапачаткова. Але нямала гараджан супраць. Лісты са скаргамі накіроўваюцца ў гарвыканкам і вышэй. У інтэрнэце тысячы людзей выказалі незадаволенасць. У чым сутнасць праблемы і як яна вырашаецца? Гэта высвятляў карэспандэнт «МС».
У ціхім парку...
Некалькі гадоў таму кіраўнікі мясцовай улады агучылі ідэю вернікаў, якая адразу стала абмяркоўвацца: бераг Заходняй Дзвіны можа ўпрыгожыць копія Сафійскага сабора. Падкрэслівалася, што на храм бюджэтныя грошы выкарыстоўвацца не будуць...
Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны ў XІ стагоддзі. І ён стаў трэцяй Сафіяй. У Кіеве Сафійскі храм быў закладзены ў 1037 годзе, у Ноўгарадзе — прыблізна ў 1045-м. Полацкі разбурылі ў 1710 годзе, а ў сярэдзіне XVІІІ стагоддзя аднавілі.
На думку аўтараў ідэі будаўніцтва ў Віцебску, храм стане сімвалам братэрства ўкраінскага, рускага і беларускага народаў. Безумоўна, у іх агульныя гістарычныя карані, яднае і хрысціянская вера. У наш час тром народам, як ніколі раней, патрэбна ўзаемаразуменне.
Блаславіў будаўніцтва і Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі — прадстаяцель РПЦ. Адпаведныя словы ёсць на пашпарце аб'екта — на агароджы будаўнічай пляцоўкі.
Настаяцель будучага храма айцец Міхаіл не раз нагадваў храналогію падзей. Адпаведная інфармацыя ёсць на сайце Віцебскай епархіі. У год 2000-годдзя ад Раства Хрыстова прынялі рашэнне аб будаўніцтве храма. Ініцыятары былі ўпэўненыя, што храм упішацца ў комплекс гістарычнай забудовы. Побач — помнікі архітэктуры, пешаходная зона...
Святы Сінод Беларускай праваслаўнай царквы ўхваліў узвядзенне сабора. Рашэнне зацвердзіў і Святы Сінод Рускай праваслаўнай царквы пад старшынствам Патрыярха Кірыла...
Наконт таго, чаму выбралі месца пад будаўніцтва менавіта ў ціхім парку. Як сцвярджаюць афіцыйныя асобы гарвыканкама, разглядалася некалькі варыянтаў. У прыватнасці, каля плошчы Перамогі, побач з будынкамі дарэвалюцыйных саляных складоў... Але ідэальным вызначылі парк Партызанскай славы... Вылучэнне менавіта гэтага ўчастка для будаўніцтва ўзгаднілі з усімі неабходнымі інстанцыямі.
«За» і «супраць»
Журналіст пабываў на сустрэчы прадстаўнікоў гарвыканкама з незадаволенымі. Гутарылі каля будаўнічага вагончыка. Але нармальнага дыялогу не атрымалася.
Скептыкі былі гучнымі і напорыстымі — траім адказным асобам было складана канструктыўна з імі спрачацца. Яны пачулі папрокі і пытанні наконт парушэнняў — у прыватнасці, чаму не было нармальна арганізавана грамадскае абмеркаванне? Навошта знішчаць дрэвы? Чаму пасля дзвюх няўдалых экалагічных экспертыз усё-такі дазволілі распачынаць будаўніцтва?
У сваю чаргу тыя, хто адстойвае будаўніцтва, абяцалі ў адказ сабраць тысячы подпісаў «за». (І людзі сапраўды падпісваюцца).
Але скептыкі не здаваліся. Яны патрабавалі паказаць дакументы наконт будаўніцтва. У адказ чулі, што апошнія — гэта сотні лістоў. Няўжо іх трэба было прынесці ў парк? Сышліся на тым, што дакументацыю зацікаўленыя змогуць убачыць пры асабістай сустрэчы ў кабінеце.
Пакуль што будаўніцтва няма
На момант падрыхтоўкі публікацыі будаўніцтва не вялося. Замарозілі, каб, як калісьці было модна гаварыць, «прыйсці да кансэнсусу». Абураныя падкрэслівалі, што ў выніку будаўніцтва будуць знішчаны больш за 200 дрэў, кустоўе. У гарвыканкаме сцвярджаюць, што замест іх высадзяць новыя.
Пракаментаваў сітуацыю начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама Сяргей Саглаеў. Паводле яго слоў, незадаволеных пастараюцца зразумець.
Намеснік начальніка аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкама Леанід Багданаў падкрэсліў: «У адрас кіраўніцтва дзяржавы, аблвыканкама, гарвыканкама накіраваны шэраг зваротаў. Ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін будуць дадзены адказы. Але, улічваючы колькасць людзей, якія выступаюць супраць будаўніцтва, вырашылі сустрэцца з імі. Пастараемся пачуць усе аргументы і перадаць іх адказным асобам».
У гарвыканкаме канстатуюць, што грамадскае абмеркаванне будучай будоўлі праводзілася. І ёсць уся неабходная дакументацыя. Як і вынікі экспертызы, якая пацвярджае, што ўлада не парушае прыродаахоўнае заканадаўства.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».