Вы тут

Андрэй Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды


Учора прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй КАБЯКОЎ уручыў дзяржаўныя ўзнагароды 94 заслужаным грамадзянам.


Падзяку Прэзідэнта за падрыхтоўку пятага Усебеларускага народнага сходу атрымалі намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля КАЧАНАВА (на фота), міністр эканомікі Уладзімір ЗІНОЎСКІ, міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ.

Сярод узнагароджаных таксама — значная частка медыцынскіх работнікаў. Кіраўнік урада адзначыў, што ўпершыню за апошнія 20 гадоў у Беларусі нараджальнасць перавысіла смяротнасць. Па яго словах, гэта стала магчымым дзякуючы комплексным паслядоўным мерам дзяржаўнай палітыкі. «Натуральны прырост толькі за 9 месяцаў гэтага года назіраецца адразу ў 85 са 113 гарадоў, а таксама ў кожным трэцім пасёлку гарадскога тыпу. За гэтыя ж 9 месяцаў у краіне нарадзілася амаль 90 тысяч маленькіх беларусаў. Гэта на паўтысячы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Прычым большасць з іх — гэта ўжо другое і наступныя дзеці», — адзначыў ён. Андрэй Кабякоў нагадаў, што 1 лістапада выраслі дапамогі, якія выплачваюцца бацькам, што знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў.

Адна з узнагароджаных у галіне аховы здароўя — галоўны ўрач дзіцячай паліклінікі №1 горада Гродна Ірына ЛУКАНСКАЯ, якая калісьці пачынала ў гэтай установе сваю работу ў якасці ўчастковага доктара. Цяпер Ірына Луканская пераканана, што ўзнагарода належыць усяму калектыву паліклінікі, а дзеці ў Беларусі — самыя лепшыя. «Сітуацыя па здароўі дзяцей у нас стабільная. З кожным годам становіцца ўсё больш цалкам здаровых. Хоць, на жаль, існуе тэндэнцыя, калі дзіця шмат займаецца дома, у школе, няправільна сядзіць, дрэнна асвятляецца яго працоўнае месца, тады ўзнікаюць так званыя школьназалежныя захворванні, якіх, хацелася б, каб было менш. Наша задача як супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя — захаваць здароўе нашых дзетак для таго, каб у іх была магчымасць спраўдзіць усе свае мары і імкненні», — лічыць галоўны ўрач.

Прэм'ер-міністр таксама адзначыў дасягненні работнікаў сферы культуры. Сярод іх і Валянціна ГАЯВАЯ, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», якая тыдзень таму адзначыла 80-гадовы юбілей. Яна прызналася, што ўзнагарода для яе — нечаканасць. Пры гэтым мастацкі кіраўнік расказала, што цяпер працуе як ніколі. «Калі мяне не стане, ансамбль абавязаны жыць. Зараз гэта мая галоўная задача. Адным пераемнікам не абыдзешся. Пераемнасць мусіць быць ва ўсім: ад артыстаў, музыкаў, мастака да адміністрацыйнага персаналу, — лічыць Святлана Гаявая. — У той час, калі сусветна вядомыя зоркі адмяняюць канцэрты з-за адсутнасці гледачоў, у нас аншлагі. Мы вельмі ўдзячны за гэта нашым гледачам. Чаму так? Мяркую, хваля цікавасці да сучасных, папулярных танцаў спадае. Ужо наеліся. Хочацца свайго, роднага, беларускага».

Дзяржаўныя ўзнагароды атрымала вялікая колькасць леснікоў. Галоўны ляснічы, першы намеснік генеральнага дырэктара Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Аляксандр ВАСІЛЕНКА яшчэ школьнікам зацікавіўся лесам, а ў 1983 годзе пачаў працаваць лесарубам. Атрымліваецца, у прафесіі — больш за 30 гадоў. «Лясная гаспадарка — досыць кансерватыўная галіна. Але апошнія гады заўважна ўкараненне новых тэхналогій, механізацыя замяняе ручную працу на загатоўках, з'яўляюцца новыя тэхналогіі вырошчвання лесу, — расказвае галоўны ляснічы. — Я нядаўна быў у камандзіроўках у Фінляндыі і Германіі, і хачу сказаць, што ў нас работа з лясамі арганізавана не горш, чым у гэтых краінах».

Узнагарод удастоены і прадстаўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, трэнеры, супрацоўнікі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, кіраўніцтва Беларускага радыё, прадстаўнікі Міністэрства эканомікі.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Заслужанае прызнанне — прафесіяналам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.