Вы тут

Апублікаваны тэкст перамоў пілотаў "Белавія" з украінскім дыспетчарам


Гісторыя з самалётам «Белавія», якога 21 кастрычніка пасля вылету з кіеўскага аэрапорта «Жуляны» пад пагрозай падняць знішчальнікі прымусілі вярнуцца назад, атрымала свой працяг. Учора была абнародавана расшыфроўка перамоў пілота беларускага самалёта і кіеўскага дыспетчара. Пацвярджаецца ўся тая інфармацыя, якая была распаўсюджана раней: сапраўды, была прамая пагроза, сапраўды, беларускі экіпаж, усведамляючы адказнасць за жыцці пасажыраў (а іх было 136 чалавек) падпарадкаваўся загаду і пасадзіў самалёт.


Расшыфроўка паказвае, што распараджэнне дыспетчара вярнуць самалёт паступіла вельмі нечакана і пачалося з пагрозы.

Дыспетчар:

— Белавія-840, Кіеў-Радар.

Пілот:

— Слухаю.

Дыспетчар:

— Белавія-840, паступіла ўказанне: вам трэба неабходна вярнуцца на аэрадром вылету «Жуляны». За невыкананне будзе паднята баявая авіяцыя на перахват.

Экіпаж пасадзіў самалёт паспяхова, у салон зайшлі прадстаўнікі Службы бяспекі Украіны і назвалі прозвішча аднаго з пасажыраў, якога забралі з сабой. Самалёт паляцеў у Мінск, затрыманы пасажыр — таксама, толькі наступным рэйсам. І... усё.

На наступны дзень, 22 кастрычніка, у Міністэрства замежных спраў нашай краіны выклікалі Часовага паверанага ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валерыя Джыгуна і ўручылі яму ноту. Беларускі бок заявіў пратэст «у сувязі з дзеяннямі кампетэнтных органаў Украіны па прымусовым вяртанні беларускага паветранага судна авіякампаніі «Белавія», якое ажыццяўляла 21 кастрычніка 2016 года рэгулярны рэйс В2 840 па маршруце «Кіеў-Мінск». У ноце МЗС падкрэслена, што беларускі бок чакае афіцыйных выбачэнняў і патрабуе кампенсацыі ўсіх фінансавых выдаткаў, выкліканых дзеяннямі ўкраінскага боку.

Міністэрства замежных спраў таксама даручыла Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь ва Украіне Ігару Сокалу ўручыць аналагічную ноту пратэсту ва ўкраінскім МЗС.

Але адказу не было.

27 кастрычніка на чарговым брыфінгу для прадстаўнікоў СМІ Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў нашай дзяржавы, паведаміў, што рэакцыя ўкраінскага боку на ноту адсутнічае. «Калі яе не будзе і далей, то мы будзем вымушаныя распачаць дадатковыя крокі, аж да апублікавання расшыфроўкі перамоў членаў экіпажа з украінскім дыспетчарам», — заявіў Дзмітрый Мірончык.

І вось 1 лістапада расшыфроўка апублікавана. Што далей? Карэспандэнт «Звязды» з гэтай нагоды ўчора патэлефанавала ў прэс-службу Міністэрства замежных спраў Украіны. «Украінскі бок з усёй сур'ёзнасцю паставіўся да інцыдэнту. У цяперашні момант працягваецца расследаванне», — паведамілі там.

Дэпутат Дзмітрый ШАЎЦОЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, выказаў нашай газеце сваё меркаванне наконт «інцыдэнту»:

— У гэтай сітуацыі нашы пілоты зрабілі выключна правільна. Ні ў якім разе нельга ставіць пад пагрозу жыццё іншых грамадзян, якія знаходзяцца ў самалёце. Тое ўказанне, якое перадаў дыспетчар, экіпаж нашага самалёта трактаваў дакладна. Іншае пытанне, які пасыл. Гэта вельмі абуральны крок, калі пад пагрозай узлёта баявых самалётаў разварочваецца пасажырскі самалёт. Пакуль, на жаль, афіцыйных тлумачэнняў, выбачэнняў ад украінскага боку мы не пачулі. Але, думаю, гэты канфлікт у любым выпадку будзе вырашаны. І ў далейшым мы даведаемся аб'ектыўную прычыну ўсяго, што адбылося.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ці будзе Украіна выбачацца?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.