Вы тут

Гурт Aіllіon: «Мы не «дыназаўры»


Здаецца, час шырокага захаплення моладзі класічным рокам і металам мінуў. Даўно забытыя, у шафах вісяць скураныя курткі-«касухі», некалі доўгавалосыя хлопцы носяць кароткія стрыжкі, а чорная майка з выявай любімага гурта перастала быць абавязковым атрыбутам металіста. Таму музыку мінскага гурта Aіllіon можна лічыць пэўнага кшталту анахранізмам: яны ўсё яшчэ граюць стары добры heavy-metal. І, дарэчы, з'яўляюцца досыць паспяховай камандай. Пра тое, чым жыве гурт сёння, якая публіка прыходзіць на канцэрты хлопцаў і чаму сцэнічныя куміры цяпер ператвараюцца ў настаўнікаў, мы гутарым з вакалістам Aіllіon Канстанцінам ДУДАРАВЫМ і гітарыстам Дзмітрыем МІКУЛІЧАМ.


— Сёння многія музыканты іграюць у модных стылях пост-року, пост-металу. А вы — традыцыйны, амаль класічны heavy-metal. Чаму так?

Канстанцін: — Хто яго ведае. Яшчэ ў часы «Стаі» (гурт, які і стаў «адпраўной кропкай» для Aіllіon. — Аўт.) мы сябе пазіцыянавалі як heavy-metal каманда, але тады гэта была, хутчэй, «фішка». Цяпер проста граем музыку, якая ў нас атрымліваецца. Магчыма, яна па стылі сапраўды больш нагадвае класічны heavy-metal, але мне падаецца, што нельга толькі так ахарактарызаваць нашу музыку.

Дзмітрый: — Я думаю, што можна. Хоць у нас многа эксперыментаў у музыцы — аранжыроўках, інструментоўцы, кампазітарстве, але нам падабаецца менавіта чысты моцны вакал, што з'яўляецца класікай жанру heavy-metal.

— Косця, можна сказаць, што ў цябе класічная школа вакалу. Ты вучыўся ў Пятра Ялфімава, перамагаў на многіх міжнародных конкурсах, а тут раптам — метал-праекты!

Канстанцін: — Вучыцца спяваць я пачаў толькі пасля таго, як стаў металістам (смяецца). Ды і з Пятром мы пазнаёміліся дзякуючы такой музыцы, падчас адной з вечарын у падтрымку маладых гуртоў, яшчэ ў пачатку 2000-х.

— З Пятром цяпер часта выступаеце, сябруеце?

Канстанцін: — І сябруем, і часам выступаем разам. І сяброўства, канешне, звязанае з сумеснай творчасцю. Ды і Пётр, які, здвалася б, мае кансерваторскую адукацыю, сам педагог, па сутнасці з'яўляецца металістам. Ды ён і пазіцыянуе сябе хутчэй як рок-выканаўца.

Дзмітрый: — Сёлета Пётр разам з намі выступаў падчас канцэрта ў клубе Re:Publіc. У нас нават атрымалася зняць якаснае відэа, запісаць якасны гук. Думаю, у хуткім часе мы гэты запіс прадставім публіцы.

— Не так даўно ў гурце з'явіліся аж тры новыя музыканты, маладыя. Як іх прыход паўплываў на калектыў?

Дзмітрый: — Змянілася ўсё толькі ў лепшы бок. Мы цяпер сталі больш цэльнай камандай. І па духу, і па кірунку мыслення. Усе хлопцы маюць вышэйшую музычную адукацыю, багаты вопыт і вельмі любяць такую музыку. Выдатна, што ў камандзе зараз спалучаецца і жаданне нешта зрабіць, і высокі прафесіяналізм выканання. Таму працуем над новым матэрыялам, і творчасць зрушылася з мёртвай кропкі, на якой мы доўгі час знаходзіліся. Цяпер для нас — ідэальны перыяд у творчасці, бо не даводзіцца разглядаць стары матэрыял. Хлопцы вельмі хутка вывучылі ўвесь рэпертуар, таму рэпетыцыі прысвячаем толькі стварэнню новых кампазіцый.

Канстанцін: — Цікава атрымалася, што сёння студэнты музычных ВНУ класічны рок успрымаюць як нешта хрэстаматыйнае, вартае вывучэння. Менавіта такія хлопцы прыйшлі ў гурт, і нават настрой у кампаніі стаў лепшы. Калі раней нас аб'ядноўвалі пэўныя навыкі, стылістычны падыход, але мы былі рознымі людзьмі і па ўзросце, і па светаўспрыманні, то сёння і ўзроставы баланс, і адзінства поглядаў захоўваецца.

— Слухачам ужо нешта новае прадстаўлялі, створанае менавіта ў такім складзе?

Дзмітрый: — Не так даўно выпусцілі новую песню «Насустрач вятрам», ідзе работа яшчэ над некалькімі кампазіцыямі. Таксама запісалі два канцэрты, адзін з іх ужо прадстаўлены ў інтэрнэце, а другі думаем прэзентаваць у вельмі цікавай анлайн-форме з магчымасцю абмеркавання разам са слухачамі. Паколькі мы не так многа выступаем у іншых гарадах, але часта чуем просьбы правесці канцэрты, то такая інтэрнэт-прэзентацыя будзе хутчэй для іх, каб аднавіць атмасферу канцэртнага выступлення.

— Цяпер продаж дыскаў для многіх гуртоў, ды і для вашага, мяркую, таксама не з'яўляецца крыніцай заробку. Менавіта таму вы не супраць, што песні гурта з'яўляюцца ў інтэрнэце ў свабодным доступе?

Дзмітрый: — Мы самі іх прапаноўваем для бясплатнага спампоўвання і пацвярджаем, што далі дазвол для праслухоўвання. Прытым прапануем слухачам трэкі ў высокай якасці. А дыскі сапраўды прадаём за сімвалічныя грошы ці дорым. Гэта магчымасць для фанатаў, якія хочуць падтрымаць гурт.

Канстанцін: — Многія слухачы набываюць дыскі толькі дзеля калекцыі, ім падабаецца іх збіраць. Ёсць нават прыхільнікі, якія маюць усе рэлізы, што мы некалі рабілі, на дысках. Гэта вельмі прыемна. Але, напэўна, мы прайшлі пэўны этап, калі, наглядзеўшыся фільмаў пра Metallіca, Іron Maіden, таксама марылі, што будзем ездзіць у вялікія туры. Магчыма, такое некалі і здарыцца. Але калі гэтага не будзе — нічога страшнага. У нас свой шлях, свае прыхільнікі і канцэрты. Гэта таксама выдатна.

— А хто вашы класічныя фаны?

Канстанцін: — Ёсць вельмі маладыя людзі, якія, магчыма, толькі нядаўна даведаліся пра існаванне нашага гурта. А ёсць і «старажылы», якім за 40.

Дзмітрый: — Падчас выступлення на фестывалі «Наш Грунвальд» я пад сцэнай заўважыў хлопца ў майцы з выявай рэпера Emіnem і вельмі здзівўся, калі ён спяваў разам з намі амаль усе песні. Слухачы вельмі розныя. Але ёсць адна рыса, якая іх аб'ядноўвае, — вялікая любоў да нашай творчасці, песень. Таму калі Косця аддае мікрафон у залу, усе з задавальненнем спяваюць. Нават калі граем абсалютна новую песню, якую выклалі літаральна за некалькі дзён да канцэрта, усё роўна публіка паспявае яе вывучыць. Гэтая адданасць дарагога вартая.

— Вы не крыўдуеце, калі нехта ў вашай музыцы знаходзіць падабенства з іншымі камандамі? Згадаю класічны варыянт параўнання з праектам «Кіпелаў».

Дзмітрый: — Падабенствы можна знайсці заўсёды. Кожны гурт грае тое, што блізка па духу, і зразумела, што ўсе некалі ўвабралі шмат ад заснавальнікаў стылю. Без сумненняў, недзе такое выказванне будзе справядлівым. Але ж ключавым момантам для гурта з'яўляецца іх матэрыял. Ён або падабаецца людзям, або не. Можна напісаць шмат класных песень, падобных на нечыя, і іх палюбіць публіка, а можна зрабіць унікальную музыку, якая нікому не будзе патрэбнай. Мы робім стаўку на пошук цікавага матэрыялу — гармоній, мелодый, рытмаў.

— Над чым цяпер працуеце?

Дзмітрый: — Над сінглам «Эра чорных люстэркаў». Гэтая песня часткова пераклікаецца з канцэпцыяй серыяла «Чорнае люстэрка». Магчыма, калі паспеем, прэзентуем яго яшчэ да Новага года. Наўмысна стараемся, каб тэмы песень былі актуальныя і неслі моцны пасыл слухачу.

Канстанцін: — Паспрабуем адысці ад кананічных прыёмаў металу — героікі, эпікі, пафасу, драконаў. Не скажу, што ў нас такое было, але хочацца пазбягаць штампаў. Мы не «дыназаўры», жывём у сучаснасці, таму ад «старажытных» рысаў будзем пазбаўляцца. Мне падаецца, што шчырая творчасць будзе знаходзіць водгук у сэрцах і розумах людзей. Менавіта такую музыку мы і робім.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.