21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Якім трукам вучаць коней у цырку?


Калі артыстка Белдзяржцырка Вольга Дзягілева апранае каўбойскі ўбор і выходзіць на манеж, яе гадаванцы таксама ператвараюцца ў сапраўдных коней з вестэрна. А яны на Дзікім Захадзе ўмеюць усё: могуць ветліва кланяцца гасцям, а ў час небяспекі прыкідвацца мёртвымі. Могуць танцаваць, а могуць сядзець, падабраўшы заднія ногі. Калі ж гаспадыні сумна, разумная істота адшукае букецік кветак і аддасць яго ў рукі. І ўсё гэта без ніякага прымусу...


Выступленні на сцэне пачаліся для мінчанкі Вольгі ў чатыры з паловай гады. Бацькі напачатку аддалі дзяўчынку ў харэграфічную студыю, а ў шэсць гадоў яна трапіла ў дзіцячы ансамбль «Равеснік». На той час калектыў прадстаўляў Беларусь ледзь не на кожным творчым конкурсе, два разы на год былі абавязковыя выезды ў Маскву, выступленні ў дзіцячым лагеры «Артэк». І калі ў адзінаццаць Вольга вырашыла кінуць танцы, бацькі паставіліся да гэтага адмоўна, тым больш што дачка сама, без дазволу, запісалася ў коннаспартыўную школу.

— Конным спортам займалася сем гадоў, а потым без асаблівых ваганняў з'ехала ў вёску працаваць у калгасе на племянной ферме. У 1990-х гадах у коннаспартыўных школах было цяжка з фінансамі, не хапала коней. Калгасы ж якраз пачалі багацець, і лічылася прэстыжным прыбудаваць да асноўных фермаў спартыўную стайню. Туды пацягнуліся майстры спорту, сыходзілі нават прафесіяналы міжнароднага класа. Я тады паўгода як скончыла школу, мне прапанавалі — я і паехала. Знаёмым у Мінску такі ўчынак, напэўна, падаўся вар'яцкім, — успамінае Вольга.

— А як вы трапілі ў цырк?

— Аднойчы мяне запрасілі туды знаёмыя. Спачатку думала, што паклікалі проста паглядзець выступленне, але мяне правялі не ў залу, а адчынілі дзверы нейкага пакоя і проста запіхнулі ўнутр са словамі «Вось яна!» Стаю разгубленая, бачу, за сталом два дзядзечкі гарбату п'юць, на вешалцы — касцюмы для выступленняў. Я тады пачала сітуацыю выпраўляць: пацікавілася, ці патрэбныя коні, чым магу паспрыяць — так пазнаёмілася з Барысам Лазаравым, кіраўніком нумара «Джыгіты», дапамагла яму знайсці маладых коней, потым разам рыхтавалі жывёл да выступленняў, пакуль трупа не з'ехала на гастролі. Другі раз сустрэліся, калі была ў дэкрэтным адпачынку. Лазараў патэлефанаваў і прапанаваў заходзіць. Праз нейкі час я ўжо была служачай, потым займела свайго каня, пачала ставіць нумары. І ўжо 12 гадоў як працую ў цырку.

— Памятаеце, як упершыню сустрэліся са сваімі гадаванцамі?

— Поні Масяню забрала яшчэ жарабём з племянной гаспадаркі з-пад Мінска. Прасіла ў загадчыка: «Дайце самага маленькага поні, які ў вас ёсць у табуне». Цяпер Масяні чатыры гады, і сёлета ён упершыню выступае ў праграме. У першы тыдзень страшэнна хваляваўся і выскокваў за кулісы з напалоханымі вачыма — мноства людзей, новыя пахі, гукі, асаблівая энергетыка ў зале... Але цяпер паступова прывыкае да ўвагі і апладысментаў. Другому каню, Гошу, ужо трынаццаць гадоў. Былая гаспадыня прывезла яго з Расіі, дзе выратавала ад продажу на мясакамбінат. Праз нейкі час выявілася, што Гоша надзвычай разумны, ён мог адчыняць любыя запоры і сыходзіць у стойлы да суседзяў. Гаспадыні такія візіты надакучылі, і яна аддала каня ў коннаспартыўную школу, а там яго ўжо прапанавалі мне. Конь аказаўся сапраўды кемлівым, працаваць з ім надзвычай цікава. Хоць і складанасцяў з занадта разумнай жывёлай хапае. На выступленні ніколі не здагадаешся, калі конь будзе выконваць нумар, а калі пачне імправізаваць. У нас у праграме ёсць момант, калі Гоша павінен прынесці мне букет кветак. Дык ён можа кветкі ўзяць і пайсці дражніцца ў залу. Працягвае чалавеку «падарунак» цераз бар'ер, той збіраецца забраць, а Гоша ўжо адхіліўся і іншаму гледачу прапануе. І нікому не аддае.

— Колькі часу ў сярэднім рыхтуецца нумар?

— Ад першага трука на манежы да таго моманту, калі жывёла перад гледачамі зможа стабільна адпрацоўваць нумар, могуць прайсці гады. Усё адбываецца па-рознаму. Часам нейкі элемент не атрымліваецца месяцамі, напрыклад, у мяне быў конь, з якім мы болей за год трэніравалі паклон. А аднойчы ён проста ўзяў і пакланіўся.

— Якім чынам можна прымусіць жывёлу зрабіць нешта ёй неўласцівае, напрыклад, для каня — сесці на заднія ногі?

— Ні ў адной краіне няма спецыяльнай школы для дрэсіроўшчыкаў, нейкі вопыт работы з коньмі ў мяне застаўся з коннаспартыўнай школы, нешта вынесла з работы на конезаводзе, потым назірала, як працуюць іншыя дрэсіроўшчыкі. Часам даводзіцца чуць меркаванне, што ў цырку здзекуюцца са звяроў. Я не сцвярджаю, што ўсе людзі абыходзяцца з жывёламі адэкватна, але такія, як правіла, у цырку не затрымліваюцца. Я стараюся заахвоціць гадаванцаў, падкормліваю іх яблыкамі, сухарыкамі, сушкамі, цукрам. Калі ў Беларусь прыехаў румынскі дрэсіроўшчык Штэфан Плешаяну, ён вырашыў мне дапамагчы з разнастайнасцю нумара, падчас рэпетыцыі падышоў і прапанаваў: «А давай мы каня навучым ляжаць? Жывёла, бачна, разумная, за дзесяць рэпетыцый асвоіць». Склікалі брыгаду служачых і агульнымі намаганнямі паклалі Гошу. Праз пяць рэпетыцый конь спакусіўся пачастункам і лёг сам. Штэфан на гэтым не спыніўся і прапанаваў навучыць Гошу садзіцца, прыносіць рэчы. А потым асобныя кавалачкі абраслі ідэяй і з'явіўся нумар «Каўбоі», які цяпер ідзе ў праграме «Трыумфатары арэны».

— Вы вучыце коней трукам, складаеце нумар, падбіраеце музыку. Пра што яшчэ трэба паклапаціцца перад тым, як выйсці да гледачоў?

— Павінна быць пэўная артыстычная падрыхтоўка. Акрамя таго, на манежы дрэсіроўшчык пастаянна кантралюе свой настрой. Неабходна заставацца сабраным, спакойным, бо гадаванец заўсёды арыентуецца на цябе. Часам жывёла выходзіць на манеж у дрэнным настроі, і ёй не растлумачыш, што гэта работа. Таму стараешся настроіць гадаванца яшчэ за кулісамі. Калі конь занадта радасны — адпраўляеш пабегаць, пакуль не супакоіцца, калі сумны, дазваляеш колькі хвілін падурэць, каб да гледачоў выйшаў гатовы працаваць.

— Ці бываюць у жывёл і дрэсіроўшчыкаў канікулы?

— Калі ў праграме няма нумароў, то часам дазваляем сабе адпачыць тыдзень ад трукаў. Коням без руху нельга, таму яны проста бегаюць, дурэюць. Калі ёсць магчымасць, можам выехаць за горад. Падчас рамонту ў цырку нас часова размясцілі ў шапіто каля станцыі метро «Усход». Там можна было кожны ранак выязджаць у лес, слухаць птушак і «пужаць» спартсменаў, якія бегалі па сцежках.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кветкі ад Гошы, ці Кемлівы конь — знаходка для цырка

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.