Вы тут

Ушанавалі памяць загінулых



Валанцёры Брэсцкай гарадской арганізацыі БРСМ прынялі ўдзел у міжнародным форуме ў рамках культурнага абмену паміж моладдзю Беларусі, Польшчы і Германіі, які праходзіў у польскім палацава-паркавым комплексе «Roskosz». На мерапрыемстве наш бок прадстаўлялі студэнты-валанцёры ВНУ, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі.

Кожная з дэлегацый прадставіла прэзентацыі, у якіх ішла гаворка пра памятныя мясціны сваіх краін, звязаныя з трагічнымі падзеямі Другой сусветнай вайны. Моладзь Беларусі ўразіла ўдзельнікаў форуму сцэнай памяці пра вайну і відэаролікам «Вышыня».

Удзельнікі міжнароднага форуму наведалі Бяла Падляску, Люблін, месцы пахавання савецкіх ваеннапалонных (1944 г.), музей Паўднёвага Падляшша, а таксама вядомы канцэнтрацыйны лагер Майданак. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў створаны адным з першых. Плошча лагера складала больш за 37 гектараў. 3 і 4 лістапада 1943 года на яго тэрыторыі была праведзена аперацыя пад кодавай назвай «Эрнтефест». У яе ходзе эсэсаўцы знішчылі ў лагерах Майданак, Панятова ўсіх яўрэяў з Люблінскага раёна. Па розных ацэнках, было забіта ад 40 да 43 тысяч чалавек. Пазней каля месца расстрэлу савецкія ўлады сабралі ўвесь попел з крэматорыяў і змясцілі ў так званы Маўзалей, у якім захоўваецца больш за 11 тон праху.


Чысціня гарадоў — у руках моладзі

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвяло вынікі трэцяга, заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак», які праводзіцца штогод сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Да ўдзелу ў трэцім этапе валанцёрскія атрады прадставілі 31 справаздачу аб праведзенай рабоце. Былі вызначаны пераможцы.

У намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад (лагер) сярод вучнёўскай моладзі» пераможцам прызнаны атрад полацкай сярэдняй школы №1. У намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад (лагер) сярод студэнцкай моладзі» першае месца заняў экалагічны атрад «ЭКАС» Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа. У намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад (лагер) сярод працоўнай моладзі» «пальма першынства» — у атрада «Чысцёхі» Скідзельскага гарадскога камітэта «БРСМ». У намінацыі «Лепшая ландшафтная кампазіцыя» першае прызавое месца дасталося атраду Полацкага каледжа УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава». У намінацыі «Лепшы валанцёр атрада (лагера) сярод навучэнцаў, студэнцкай, працоўнай моладзі» п'едэстал гонару занялі: першае месца — Ганна Багдановіч, камандзір валанцёрскага атрада «ЭКАС» Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа; другое месца — Данііл Сакалоў, валанцёр атрада «Праменьчыкі» Дубровенскай сярэдняй школы №1; трэцяе месца — Уладзімір Пракоф'еў, камандзір валанцёрскага атрада «Вясёлка» Арэхаўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна.

Пераможцы былі адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.


Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».