Вы тут

Менш думайце пра ежу


Баюся людзей, якія сядзяць на дыетах. Побач з імі я, аматар паесці, адчуваю сябе няёмка. Нядаўна ехала ў цягніку побач з маладой жанчынай. Бачыла яе ўпершыню, але ўжо праз паўгадзіны дакладна ведала адно: яна на дыеце. За гэты час мая спадарожніца некалькі разоў настойліва спрабавала накарміць мужа (сама ж перакусіць не можа — худзее) і завочна адчытала сяброўку, якая вячэрае пасля 22.00. Ехаць разам нам было чатыры гадзіны. Я, як на злосць, дома не паснедала, збіралася паесці ў цягніку. Але дастаць бутэрброды пад пільным позіркам суседкі на дыеце так і не адважылася.


Яшчэ адну гісторыю расказала знаёмая. Яна была на семінары, які вяла лектар-сыраед. Ну вы ведаеце, адна з тых, хто не есць варанага, смажанага, салёнага і перабіваецца гароднінай ды садавіной. Ніхто гэтай акалічнасці не надаў бы ўвагі, калі б тая лектар не жавала ўвесь семінар (які, дарэчы, зусім не быў звязаны з тэмай здаровага ладу жыцця). Колькі салаты ды агуркоў каштаваў майстар-клас арганізатарам, не падлічыць.

Разумею, калі новы рацыён сапраўды падабаецца і ідзе на карысць (палова маіх аднакласнікаў былі вегетарыянцамі яшчэ да таго, як гэта стала папулярным: адмаўляліся ад гуляшу ў школьнай сталоўцы). А калі проста даніна модзе... Найбольш здзіўляюць хлопцы, якія вырашылі жыць на яблыках і соках. Адзін фруктарыянец з Гомеля неяк вёў відэаблог. Падпісчыкаў хапала. Праўда, большасць цікавілася не вынікамі, якіх дабіўся хлопец такой дыетай, а тым, ці не растварыўся ён у паветры.

Чамусьці прынята думаць, што калі твой рэжым харчавання прыносіць пакуты і нязручнасці (навакольным у тым ліку), значыць, усё робіш правільна. З нецярпеннем чакаеш раніцы, каб з'есці цукерку (да паўдня, кажуць, можна есці ўсё), а па начах сняцца пірагі з сёмгай? Так і трэба. Маўляў, нічога страшнага, крыху пацерпіш, затое потым эфект будзе. Не будзе. Па-першае, метабалізм — рэч крыўдлівая: запомніць і адпомсціць. Па-другое, псіхалагічны стрэс, які ўвесь час суправаджае дыету, перашкаджае худзець. Дарэчы, часцей менавіта ён, а не голад робіць вас раздражняльным. Адсюль, напэўна, і міф пра тое, што ўсе тоўстыя — добрыя, а худыя — злыя.

Самыя бессэнсоўныя дыеты — з ліку «прыдумаў сам». Адна знаёмая, калі вырашыла прывесці сябе ў форму, прыйшла да высновы, што ёй трэба проста меней есці. Прычым мела яна на ўвазе колькасць не прадуктаў, а прыёмаў ежы. Пакінула сабе толькі сняданак і вячэру. А з улікам таго, што зранку есці ёй не хацелася (яшчэ б — увечары яна не адмаўляла сабе ні ў чым), харчавалася толькі раз на дзень. Зразумела, што выніку ад такой дыеты ніякага.

Нездаровыя адносіны да ежы — гэта не толькі калі «ўпісваеш» усё без разбору. Хвалявацца з-за кожнай лішняй калорыі і набываць толькі абястлушчанае таксама не вельмі добра. Многія прадукты незаслужана аказаліся ў спісе шкодных для фігуры. Тая ж макарона. Адмаўляцца ад яе не прымушаюць нават дыетолагі. Бо не ад макароны паўнеюць, а ад соусаў і шкваркі, з якімі яе падаюць. Хуткія вугляводы ўвогуле лічаць сусветным злом, хоць яны арганізму таксама неабходны, бо дапамагаюць імгненна зарадзіцца энергіяй. Тое, што трэба зранку ці перад вялікай фізічнай нагрузкай.

Ведаеце, у чым сакрэт дзяўчат, якія ядуць што заўгодна і не паўнеюць? Справа не толькі ў добрай генетыцы. Яны проста не «заганяюцца» наконт харчавання. Менш думаеш пра ежу — менш спакусаў сарвацца ў «прамысловых маштабах».

Што цікава, дыета не гарантуе, што вы нарэшце будзеце задаволены сваім целам (а для гэтага ж і худзеюць). У інтэрнэце чытала гісторыю дзяўчыны, якой удалося скінуць 40 (!) кілаграмаў. Яна прызнаецца, што настолькі паглыбілася ў падлік калорый і трэніроўкі, што перастала цікавіцца чымсьці яшчэ: «Самым вялікім расчараваннем стала тое, што калі я дасягнула мэты і нарэшце стала худой па агульных мерках, я не стала шчаслівай. Ні кроплі. Я стала злой, замкнёнай, са мной больш не было пра што размаўляць». Праблемы, як аказалася, не знікаюць разам з лішнімі кілаграмамі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.