Вы тут

Аляксандр Ханін: Настольны тэніс патрабуе не менш сіл, чым вялікі


Дамовіцца наконт інтэрв'ю з членам нацыянальнай каманды Беларусі па настольным тэнісе Аляксандрам Ханіным было няпроста. Кожны дзень васямнаццацігадовага спартсмена распісаны па хвілінах, дома ў Мінску ён бывае даволі рэдка. Але пасля заканчэння 9-га Адкрытага чэмпіянату Беларусі па настольным тэнісе, дзе яны ўзялі «бронзу», у Сашы з'явілася вольная гадзіна для інтэрв'ю.


— Раскажы, калі ласка, чаму ты абраў менавіта гэты від спорту?

— Першапачаткова я хацеў займацца вялікім тэнісам. Але выбраў настольны па парадзе Міхаіла Васковіча, які з'яўляецца суддзёй на большасці сур'ёзных спаборніцтваў па гэтым відзе спорту ў Беларусі. Менавіта ён паўплываў на мой выбар.

— Ёсць меркаванне, што для таго, каб дасягнуць поспеху ў якой-небудзь справе, неабходна займацца ёй на працягу дзесяці тысяч гадзін. А колькі ты займаешся настольным тэнісам?

— Дакладна больш за гэты паказчык. Я займаюся настольным тэнісам з шасці гадоў. Першы год проста трэніраваўся тры разы на тыдзень у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па настольным тэнісе. Пасля пачаліся спаборніцтвы (гарадскія, рэгіянальныя), на якіх я звычайна ўваходзіў у тройку пераможцаў. Мой першы трэнер — Аляксандра Сіпач — гэта заўважыла, і тады трэніроўкі сталі штодзённымі. Калі мне было дзесяць, трэнерам стаў Андрэй Вараб'ёў, з таго часу я перастаў трэніравацца з равеснікамі. Гадоў з трынаццаці займаюся тэнісам двойчы ў дзень — раніцай і ўвечары.

— А дзяцінства ў цябе было?

— Канешне! Проста яно атрымалася больш насычаным, чым у астатніх. Да восьмага класа я вучыўся ў звычайнай гімназіі, у мяне ніколі не было «васьмёрак» за чвэрць — толькі «9» і «10». Мае бацькі добра вучыліся, брат быў выдатнікам, было на каго раўняцца. І ўсё ж у пэўны момант прыйшлося выбіраць паміж тэнісам і вучобай. У Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, якое я скончыў з залатым медалём, для кожнага навучэнца складаецца індывідуальны план. Ён дазваляе не прапускаць заняткі.

— Напэўна, ёсць спартсмены, на якіх ты раўняешся...

— Канешне! Гэта беларускі тэнісіст Уладзімір Самсонаў. Цяпер мы члены адной каманды, мне даводзілася выступаць разам з ім, я натхняюся яго талентам і спрабую пераняць нешта.

— Ці бываюць моманты, калі табе хочацца ўсё кінуць і жыць, як звычайныя хлопцы твайго ўзросту?

— Бывае, інтарэс да тэніса знікае, калі доўга не выйграеш на спаборніцтвах. Тады хаджу на трэніроўкі як на аўтапілоце, без асаблівай радасці і задавальнення. Дарэчы, у нашай каманды ёсць псіхолаг. Я час ад часу да яго звяртаюся.

Але думак пра тое, каб кінуць, не бывае ніколі. Тэніс — не проста частка майго жыцця, гэта ўжо і работа. Тут неабходна патлумачыць, што ў мяне бывае толькі адзін выхадны на тыдзень, і то калі пашчасціць! У такія дні я звычайна нешта вучу, стараюся праводзіць час з бацькамі, якія рэдка мяне бачаць.

— Цікава, як у цябе складваюцца адносіны з дзяўчатамі, калі нават на адпачынак часу не хапае. Ды і ўвогуле, сябры ёсць?

— Сяброў шмат: і сярод тых, з кім трэніруюся, і з былымі гімназістамі сувязь падтрымліваю. Праўда, бачуся з імі вельмі рэдка. Што да дзяўчат, дык выратоўваюць сацыяльныя сеткі. Праз іх знаёмлюся і перапісваюся.

— Настольны тэніс не вельмі папулярны від спорту ў Беларусі, калі параўноўваць яго з хакеем, вялікім тэнісам ці біятлонам. На тваю думку, магчыма гэта выправіць?

— Сапраўды, настольны тэніс у нас успрымаюць больш як аматарскую гульню, а не алімпійскі від спорту. Але дакладна ведаю, што «маленькі» тэніс патрабуе не менш сіл, чым вялікі. У суседняй Польшчы існуюць тэнісныя клубы, за адзін з якіх я гуляю. Там паглядзець на спаборніцтвы прыходзяць не толькі блізкія і сябры тэнісістаў, як у нас, але і фанаты, і проста гледачы.

Не так даўно сусветна вядомы брэнд тэніснай экіпіроўкі падпісаў кантракты з некалькімі беларускімі спартсменамі, у тым ліку са мной. У той жа Еўропе гэта даўно практыкуецца, а для беларускіх тэнісістаў — новы ўзровень.

Думаю, цікавасць да настольнага тэніса з'явіцца ў жыхароў нашай краіны тады, калі нацыянальная каманда будзе добра выступаць не толькі на еўрапейскіх спаборніцтвах, але і на сусветных. Гэта, дарэчы, добрая матывацыя для будучых перамог!

Ганна Курак, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Загаловак у газеце: «Маленькі» тэніс патрабуе вялікай працы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.