19 Верасень, серада

Вы тут

Урокі, што мы выносім з дзяцінства


«Маладосць» друкуе на сваіх старонках чатыры гісторыйкі Лады Алейнік, а чытачам «Чырвонкі» прапануе дзве? Несправядліва, скажаце? Ды не, проста «Маладосць» таксама чакае «чырвонкаўскага» чытача.


Цяжка быць Богам

Прыгадваючы свае школьныя гады, заўжды са шкадаваннем успамінаю гэтага хлопца. Са шкадаваннем і з дамешкам сораму, прыкрай няёмкасці.

Ці не ў кожным класе былі такія вучні... Самотныя ізгоі, якіх не прымалі ні ў адну кампанію, з якімі ніхто не сябраваў. У лепшым выпадку іх не заўважалі, у горшым — яны рабіліся ахвярамі дзіцячай кампаніі — з іх кпілі і здзекаваліся, іх бясконца прыніжалі і абражалі.

Вось такой ахвярай быў у нашым класе гэты хлопец. Не, такой жорсткасці, якую сёння можна ўбачыць у сеціве — калі падлеткі натоўпам топчуць нагамі аднагодка і здымаюць гэта на мабільнікі, — у нас не было. Было іншае...

Мы вучыліся разам усяго два гады. Пасля восьмага класа, калі частка вучняў паступіла ў тэхнікумы ды вучылішчы, астатніх «аб'ядналі» — з пяці восьмых класаў утварылі два дзявятыя. Вось так мы сталі з ім аднакласнікамі.

Хлопец гэты быў... вялізны. Вельмі высокі і вельмі тоўсты, рыхлы і няўклюдны. І страшна неахайны. Не прыгадаю, каб хоць раз бачыла яго з чыстай галавой. Валасы ў яго заўсёды былі тлустыя і зліплыя. Твар вуграваты. Школьны касцюм — пакамечаны і заплямлены. Ад яго патыхала потам і нейкімі лекамі — ці то валяр'янкай, ці то карвалолам. Апроч таго, у яго былі акуляры з тоўстымі лінзамі, якія рабілі вочы маленькімі, а ўвесь твар камічным.

За адну парту з ім ніхто не садзіўся. Ім адкрыта грэбавалі. Зняважыць яго не лічылася чымсьці выключным, гэта было натуральна, як чхнуць. Яго ніхто не называў па імені, да яго звярталіся толькі па мянушцы — Сала.

У яго не было сяброў ні ў школе, ні па-за школай. На вуліцы яго можна было ўбачыць толькі ў кампаніі маці — неверагодна тоўстай жанчыны ў дзіўнай вопратцы. Яна заўжды была апранута ў нейкія старасвецкія ўборы — шырокія і даўжэзныя спадніцы, кофтачкі з процьмай брыжыкаў ды карункаў, ідыёцкія капялюшыкі. Сын і маці былі вельмі падобныя — абое вялізныя, няўклюдныя... і агідныя.

Вучыўся ён добра. Асаблівыя здольнасці выяўляў у матэматыцы ды фізіцы. Гэтым карысталіся. У яго ледзь не штодня адбіралі партфель, выцягвалі сшыткі з хатнімі заданнямі і дружна спісвалі. А пасля шпурлялі сшыткі яму ў твар і пагражалі: «Ну, глядзі, Сала! Калі будуць памылкі, капец табе!»

Але найбольшыя прыніжэнні ён перажыў у дзясятым класе, калі закахаўся ў аднакласніцу. Не ведаю, што яго ў ёй прывабіла. Бо не была яна ні прыгожай, ні разумнай... Ці не самая разбэшчаная ў нашым класе, вучылася праз пень-калоду.

Ён не ўмеў хаваць пачуцці, у яго ўсё было на твары. На ўроках вачэй з яе не зводзіў — нават за тоўстымі лінзамі было відно, якой пяшчотай поўняцца яго вочы.

А дзяўчына гэтая ўспрыняла яго ўвагу як абразу. Яна проста ўзненавідзела яго! (Тым больш што з яе пачалі пацвельвацца аднакласнікі — маўляў, вось які ў цябе класны кавалер! Пашанцавала дык пашанцавала!) Праходзячы каля яго парты, яна магла плюнуць яму ў сшытак. Бруднай анучкай, якой мыюць дошку, магла пляснуць яму па твары і задаволена зарагатаць пры гэтым на ўвесь клас. А ён ніяк не рэагаваў — чырванеў і маўчаў.

Дасюль не магу дараваць сабе, што я тады яго не абараніла. А магла гэта зрабіць. Не, я не была супер-пупер аўтарытэтам у класе. Відавочнага лідара ў нас увогуле не было. Проста з маім меркаваннем лічыліся. І я дакладна ведаю, што калі б загадала пакінуць гэтага хлопца ў спакоі, ад яго адчапіліся б. Толькі вось тады мне не было яго шкада. Зусім. Ні кроплі. Ён не выклікаў у мяне ніякага спачування, адно агіду ды грэблівасць. Мне, як і ўсім, было смешна, калі ў сталоўцы нехта пацэліць катлетай у яго міску з баршчом. Смешна было глядзець, як ён абцірае рукавом запырсканы твар...

Дзіўна, але пасля заканчэння школы — на працягу дваццаці пяці гадоў! — мы з ім ніводнага разу не перасякліся. Хоць яго дом стаіць на адлегласці каля сотні метраў ад майго, і паўз гэты дом я кожны дзень праходжу па некалькі разоў.

З той аднакласніцай, у якую ён быў закаханы, нашы шляхі таксама разышліся адразу пасля школы. Праўда, яе мне даводзіцца бачыць амаль штодня — у кампаніі спітых мужыкоў ля крамы. Часам яна спыняе мяне і жаласліва просіць грошай — заўсёды адна і тая ж песня: «Выручы... вельмі трэба... я ж аддам...»

І вось гэтым летам, працуючы ў прыёмнай камісіі, я такі сустрэла таго хлопца. Мы сутыкнуліся каля выхада з універсітэцкага рэктарата. Ён галантна адчыніў перада мной дзверы, глянуў у твар і... пазнаў. І так радасна павітаўся, быццам убачыў дарагога сябра!

Выйшлі з будынка і прыпыніліся пагутарыць. Ён расказаў, што даўным-даўно жыве ў іншым раёне горада, да маці прыязджае рэдка. Часцей яна ездзіць да яго — дапамагае даглядаць дзяцей. Іх у яго двое — сын і дачка. Працуе ён ва ўніверсітэце. У мінулым годзе абараніў доктарскую.

Нельга сказаць, што знешне ён моцна змяніўся. Такі ж высозны і тоўсты. Толькі цяпер ён выглядаў не няўклюдна, як у падлеткавыя гады, а прадстаўніча ды імпазантна. Увесь з сябе рэспектабельны, дагледжаны. Тыя жудасныя акуляры змяніў на кантактныя лінзы. Патыхаў дарагой парфумай. Пахваліўся дарагім аўтамабілем.

Мне страшна хацелася папрасіць у яго прабачэння за ўсё, што калісьці адбывалася ў школе. Але размова ў нас была такая лёгкая і прыязная, што няёмка было нават згадваць пра колішнія падзеі. Магчыма, я проста сапсавала б яму настрой напамінам пра былое. Бо каму прыемна такое ўспамінаць?

А пасля ён пацікавіўся, ці не ведаю я, як пажывае тая дзяўчына — тая, у якую ён быў закаханы ў дзясятым класе і якая так люта помсціла яму за гэта. І я схлусіла. Сказала, што сто год яе не бачыла і нічога пра яе не ведаю. А што я павінна была яму сказаць? Што яна ўшчэнт
спілася? Што ходзіць брудная і пабітая? Было ж бачна, што нават праз дваццаць шэсць гадоў пасля школы, пасля ўсіх прыніжэнняў, якія стрываў ад той дзяўчыны, ён захаваў да яе нейкія рэшткі пачуццяў. Вось няхай і далей захоўвае. Магчыма, ён марыць сустрэць яе калі-небудзь. Марыць, што яна ўбачыць, якім ён стаў, і моцна-моцна пашкадуе, што тады адпрэчыла яго.

Пасля той сустрэчы я доўга думала пра гэтых дваіх. Фантазіравала, як маглі б скласціся іх лёсы, калі б, напрыклад, усё пайшло па-іншаму... Уяўляла розныя варыянты разгортвання жыццёвых сюжэтаў.

Разумею, якая няпростая праца ў Таго, хто назірае за намі зверху. Столькі лёсаў у Яго руках! І пра кожны лёс трэба паклапаціцца асобна. Відавочна, што шанец Ён дае кожнаму. Ну, а ўжо як распарадзіцца гэтым шанцам — наша асабістая справа.

Пра адну дзяўчынку

Дзяўчынцы было адзінаццаць гадоў. І аднойчы хлопчык-аднакласнік запрасіў яе на дзень нараджэння. У яго тады сабралася даволі вялікая кампанія, недзе пятнаццаць дзяцей. Святкаванне праходзіла традыцыйна. Спачатку — пачостка, прысмакі, торт са свечкамі, пасля — гульні...

У кватэры хлопчыка мелася шмат цікавых рэчаў «марской тэматыкі» — ракавіны, каралы, засушаныя экзатычныя рыбіны. А каля люстра ў калідоры быў прымацаваны дэкаратыўны штурвал, на якім віселі матчыны ўпрыгожванні — рознакаляровыя пацеркі ды ланцужкі... Адзін ланцужок быў з адмысловым кулонам. Хлопчык сказаў, што кулону — бурштынавай кроплі з замураваным усярэдзіне павучком — больш за тысячу гадоў.

Дзяўчынка зняла ланцужок, разгледзела, на сябе прыкінула, каля люстра пакруцілася... Дый вярнула на ранейшае месца.

А на наступны дзень маці гэтага хлопчыка прыйшла ў школу і абвінаваціла дзяўчынку ў крадзяжы. Спачатку выклікала яе ў калідор і сказала, што калі тая верне ланцужок, то яна нікому пра гэты выпадак не раскажа. Дзяўчынка патлумачыла, што нічога не брала. Тады маці хлопчыка пагаварыла з настаўніцай, і дзве дарослыя жанчыны пачалі ўшчуваць і палохаць школьніцу разам... Пасля настаўніца завяла дзяўчынку ў клас, загадала стаць каля дошкі і звярнулася да ўсіх вучняў — маўляў, на дні нараджэння вашага сябра здарылася злачынства... калі хтосьці ведае пра гэта што-небудзь ці нешта бачыў, няхай шчыра раскажа... бо бацькі хлопчыка выклічуць міліцыю, і ўсё будзе высветлена так ці інакш...

Ніхто не разумеў, пра што ідзе гаворка. І дзеці пачалі прыгадваць усе злачынствы дзяўчынкі, пра якія ведалі.

Лепшая сяброўка дзяўчынкі, з якой яны сядзелі за адной партай, паднялася і сказала:

— Яна з Сярожам цалавалася!

Сярожа пачырванеў і крыкнуў:

— Мы не цалаваліся! Яна мне парушынку з вока...

Дагаварыць ён не змог, бо клас выбухнуў рогатам.

А другая аднакласніца гучна абвясціла:

— Яна ўжо ліфчык носіць!

Усе ізноў зарагаталі...

Гэта працягвалася хвілін пятнаццаць. Амаль што вечнасць. Абвінавачанні сыпаліся, як з мяшка гарох... Згадана было ўсё: у каго дзяўчынка аднойчы спісала хатняе заданне, у каго была закахана, што пра каго гаварыла.

Пасля ўрокаў настаўніца прыйшла да дзяўчынкі дамоў і паведаміла яе бацькам, што іх дачка ўкрала залатое ўпрыгожанне і цяпер «трэба думаць, як выходзіць з сітуацыі». Дзяўчынка горка плакала і клялася, што нічога не брала...

На наступны дзень яна не пайшла ў школу. Паўдня блукала па горадзе і думала, як памерці — каб хутка і не балюча. Але не прыдумала. А дома яе чакаў чарговы скандал — настаўніца пазваніла бацькам, і прагул быў выкрыты па гарачых слядах, даруйце за каламбур.

Вечарам таго дня маці дала дзяўчынцы некалькі буйных грашовых купюр і загадала занесці бацькам аднакласніка. Дзяўчынка ізноў плакала і прасіла-маліла, каб яе не прымушалі гэтага рабіць, бо яна ж нічога не крала, а занесці грошы — гэта значыць прызнаць сваю віну. Але бацькі былі няўмольнымі... І яна пайшла, стараючыся ні пра што не думаць. А калі пазваніла ў дзверы і працягнула маці аднакласніка грошы, тая збянтэжылася і замітусілася. Запрасіла дзяўчынку ў кватэру, пачала войкаць ды выбачацца... Урэшце патлумачыла, што ланцужок ужо знайшоўся.

Хлопчык, на дні нараджэння якога ўсё адбылося, пазней прызнаўся дзяўчынцы, што ланцужок сапраўды быў украдзены іх аднакласніцай (нават імя злачынцы назваў). Напалохаўшыся магічнага слова «міліцыя», тая адзінаццацігадовая школьніца ва ўсім прызналася і вярнула рэч гаспадыні. А несправядліва абвінавачаная дзяўчынка была рэабілітавана — настаўніца перад усім класам папрасіла ў яе прабачэння.

Але, нягледзячы на тое, што ўсё высветлілася, дзяўчынцы яшчэ доўга чамусьці было сорамна. Невядома чаму. Пазней яна знайшла адказ у кнізе аднаго пісьменніка. «Мы адчуваем сорам не таму, што ў чымсьці вінаваты, а таму, што наша прыніжэнне бачаць усе».

У цэлым жа гэта гісторыя амаль не паўплывала на далейшы лёс дзяўчынкі. У яе душы не засталося незагойнай раны, яна не ачарсцвела, не расчаравалася ў людзях і нават не зрабіла ніякіх мудрых высноў. Бо якія там высновы ў адзінаццаць гадоў?

...Дзяўчынка даўно вырасла і стала жанчынай. Яшчэ сто разоў у жыцці яна сутыкалася з крыўднымі абвінавачаннямі. Але прынізіць яе мацней, чым яна была прыніжана тады, у пятым класе, нельга. Гэта проста немагчыма. Нават не старайцеся.

Лада Алейнік

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.