Вы тут

Як студэнтка БДУ па абмене з'ездзіла ў Паўднёвую Карэю


У наш час усё большую папулярнасць набірае такая форма навучання, як студэнцкі абмен. Вучыцца за мяжой — мара многіх, але спраўдзіць яе пакуль што могуць адзінкі. Студэнтка пятага курса Інстытута журналістыкі БДУ Ганна Васілеўская ўваходзіць у лік такіх шчасліўцаў. Дзяўчына па праграме студэнцкага абмену вучылася ў Паўднёвай Карэі.


Ган­на Ва­сі­леў­ская ка­ля па­ла­ца Кён­бо­кун.

Карэйскую мову Ганна вывучае ўжо два гады. Тры семестры — у Беларусі, у школе імя караля Сяджона, і адзін — у карэйскім універсітэце Кукмін. «Пры жаданні кожны можа вывучыць яе. Спачатку было крыху складана, але потым я пачала глядзець карэйскія кінафільмы, слухаць карэйскую музыку. Стала лягчэй усё ўспрымаць, — расказвае дзяўчына. — Да паездкі амаль не карысталася карэйскай мовай, таму што не было з кім размаўляць. А калі прыехала ў Сеул, то ў першы ж дзень трэба было вырашаць шмат бытавых пытанняў. Прыйшлося загаварыць. І вучыць патрэбна было ўсё вельмі хутка. Цяпер я ўжо магу падтрымаць размову».

Паехаць па абмене дзяўчыне прапанавалі выкладчыкі карэйскай мовы. Галоўнае патрабаванне — добрая вучоба. Ганна і яшчэ адна дзяўчына з БДУ жылі ў Сеуле. Іншыя — у другім горадзе. Праграма абмену займае шэсць месяцаў.

— Перад пачаткам семестра даводзіцца выбіраць прадметы, якія будзеш вывучаць, — пяць-шэсць дысцыплін. У спісе таксама ўказана мова, на якой будзе чытацца прадмет. «Калі студэнт адчувае ў сабе сілы, то можа выбраць усе прадметы на карэйскай. У мяне былі і на карэйскай мове, і на англійскай, — расказвае Ганна. — Трэба здаваць два пісьмовыя экзамены. Першы — у сярэдзіне семестра і другі — у канцы. Наведванне — вельмі важнае. А яшчэ няма размяжоўвання на лекцыі і семінары. У карэйскім універсітэце навучанне вядзецца пераважна ў форме лекцый. Бывае, што трэба напісаць міні-тэст або падрыхтаваць прэзентацыю. Апошняя работа — абавязковая ў групе. Увогуле, увесь працэс навучання скіраваны на пашырэнне сувязей, таму кожны раз аказваешся ў кампаніі новых студэнтаў.

У цэнт­ры Се­у­ла. «Тон­дэ­мун» у пе­ра­кла­дзе  азна­чае «вя­лі­кія паў­днё­выя ва­ро­ты».  Адзін з сім­ва­лаў го­ра­да.

Дзяўчына жыла ў інтэрнаце. У пакоі было чатыры чалавекі: дзве беларускі і дзве манголкі. «Цікавых сітуацый было шмат, — успамінае студэнтка. — Здаралася, што на вуліцы да нас маглі падысці карэйскія дзяўчаты і пачаць размаўляць на англійскай мове, а калі даведваліся, што мы размаўляем на рускай, то таксама пераходзілі на яе».

Арыентавацца ў мегаполісе проста. Усё дзякуючы таму, што бясплатны інтэрнэт даступны ў любым месцы Сеула. Можна загрузіць карту ці знайсці іншую карысную інфармацыю.

Асобна трэба сказаць пра ежу. Карэйская — вельмі вострая. «Ад яе кідае ў пот, чырванее твар. Аднаго разу мы заказалі нявострыя такпокі (традыцыйная карэйская страва з рысавай мукі). Некалькі разоў паўтарылі, каб прынеслі менавіта такія. У выніку гэтыя такпокі нам прыйшлося запіваць вялікай колькасцю вады, таму што здавалася, быццам поласць рота нечым апякло», — успамінае Аня. Яшчэ адна адметнасць — мяса ў крамах прадаецца не кілаграмамі, а грамамі, таму што вельмі дорага каштуе. У рэстаранах, напрыклад, мяса смажаць не на кухні, а за тваім столікам. Можна і самому гэта зрабіць, калі ёсць жаданне.

— Уражанні ад Паўднёвай Карэі ў мяне засталіся самыя прыемныя. Чужая культура — гэта заўсёды цікава. Напрыклад, у карэйскім метро ёсць спецыяльныя месцы для пажылых людзей, іх ніхто і ніколі не займае. А вось у аўтобусе бабулі або дзядулю рэдка калі ўступяць месца, — дзеліцца сваімі назіраннямі Ганна. — Таксама нам удалося пабываць на традыцыйнай цырымоніі пахавання, дакладней, на яе гістарычнай рэканструкцыі. Удзельнікі ў нацыянальных касцюмах паказвалі сцэну пахавання карэйскага манарха. Гэта на самай справе маштабная падзея. Мне было вельмі цікава.

Марына ЛЯШКЕВІЧ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Востры «смак» Карэі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?