Вы тут

Не спрабуй падмануць анёла-ахоўніка


Дакладна не ўспомню, сем ці восем гадоў таму, а можа і больш, давялося пісаць пра аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў у адным з немалых райцэнтраў. Тады яго толькі што адкрылі ў горадзе. І сапраўды гэта выглядала падзеяй не толькі ў справе падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і ў сэнсе выхавання міласэрнасці.


Было відавочна, што падзякі заслугоўвае кіраўнік названай структуры, жанчына энергічная ды ініцыятыўная. За даволі кароткі час яна змагла арганізаваць групу валанцёраў з моладзі, якія прыходзілі ў цэнтр, дапамагалі маладым інвалідам, падтрымлівалі іх псіхалагічна. Пажылая супрацоўніца цэнтра сказала, што ў кіраўніцы талент знаходзіць такіх людзей. Далёка не кожны член грамадства гатовы сёння на шчырыя стасункі з людзьмі, якія трапілі ў бяду... Там я звярнула ўвагу на маладога мужчыну ў інваліднай калясцы, які весела перамаўляўся з дзвюма дзяўчынамі. Прыгажун, падобны на героя першай старонкі глянцавага часопіса, забаўляў сваіх суразмоўніц дасціпнымі жартамі, у адказ яны пырскалі дружным смехам, і па чарзе падвозілі каляску. Гэту сцэну мы назіралі з кіраўніцай цэнтра з акна яе кабінета.

На маё маўклівае пытанне жанчына ўздыхнула і коратка расказала яго гісторыю. Дзве вышэйшыя адукацыі, несумненныя перспектывы ў жыцці перакрэсліла аварыя. Усё рабіў прыгожа, імкліва, а хуткасць у машыне не разлічыў. Траўма пазваночніка зрабіла нерухомымі ногі, нават рукі слухаюцца гаспадара з цяжкасцю. Некалькі гадоў быў у дэпрэсіі, як здараецца з многімі, потым знайшоў у сабе сілы выйсці з дому. Цяпер дапамагае іншым. Я запомніла яе словы, сказаныя з нейкай нават жорсткай роспаччу: «Будзь ён здаровым, гэтыя дзяўчаты ў ложак да яго скакалі б, калі не кожная, то праз адну, а цяпер яны яму — валанцёркі, памочніцы...»

Такім чынам перад намі было толькі адно ўвасабленне цаны, заплачанай за неабачлівасць на дарозе, за хуткасць, якая аддае даніну смерці фактычна штодзень. Здаецца, Жванецкі ў адным са сваіх маналогаў казаў: «Не вадзіце машыну хутчэй, чым лётае ваш анёл-ахоўнік». А колькі з нас ігнаруе свайго анёла, і не толькі на дарозе?

Прыведзеная вышэй гісторыя згадалася ў бальніцы, куды ўжо месяц хаджу праведваць сяброўку. Хворыя па палаце мяняюцца. А ў мінулыя выхадныя ўбачыла новую. Дзяўчыне 28 гадоў, лічы ўжо год яна пражыла ў розных бальніцах пасля цяжкага інсульту. Некалькі месяцаў праляжала, як сама расказвала, не асабліва спадзяваліся ні маці, ні медыкі, што яна стане на ногі. Але знайшоўся доктар, якому яна вельмі ўдзячная за тое, што не пабаяўся прымяніць методыку на мяжы эксперымента. У выніку маладзіцу на ногі падняў. Цяпер яна ходзіць не вельмі яшчэ ўпэўнена, але сваімі нагамі. Перавялі вось з райцэнтра ў Брэст, гавораць, што далейшае лячэнне, прафесійная рэабілітацыя і здаровы лад жыцця могуць даць вельмі станоўчыя вынікі. Здавалася б, трэба радавацца, што для чалавека, які пабываў амаль на тым свеце і ледзь не змірыўся з цяжкай інваліднасцю, загарэўся агеньчык надзеі. Радавацца і дапамагаць урачам у іх намаганнях. Яна ж... пяць разоў на дзень, а то і болей бегае курыць. Доктар і сварылася, і ўгаворвала абмежавацца адной цыгарэтай на дзень, каб потым канчаткова адмовіцца ад таго, што ёй супрацьпаказана. У выхадныя, калі няма доктара, яна асабліва «адцягваецца», ходзіць курыць, колькі хочацца.

Ёй у палату прыносяць ежу. І на маіх вачах пацыентка патыкала відэльцам у вячэру ды і адсунула ўбок. На тумбачцы ў яе стаяць аранжавая газіроўка, чыпсы. А яшчэ сяброўка расказвала, што яна ходзіць у краму насупраць, купляе чабурэкі, адным словам харчуецца тым, што забаронена. Што гэта, татальная недасведчанасць, абыякавасць да сябе і дзіцяці, якое даглядае яе маці, ці нейкая іншая з'ява нашага часу, якая цяжка паддаецца кваліфікацыі?

Недасведчанасць адразу можна адкінуць, цяпер інфармацыі ў інтэрнэце хоць адбаўляй, пра здаровае харчаванне і шкоду курэння з кожнага праса гавораць. Абыякавасці як быццам бы няма, яна з удзячнасцю гаворыць пра доктара, што дапамог падняцца. Выходзіць, раённы ўрач са скуры вылузваўся, раіўся з калегамі, у пэўнай меры рызыкаваў дзеля таго, каб яна паднялася з ложка і пабегла ў курылку? І для гэтага ж яе маці кожны тыдзень хадзіла ў царкву, замаўляючы малітвы... Не варта шукаць адказы на пытанні там, дзе гэтых адказаў няма.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.