Вы тут

Зацярушанае восеньскім снегам


Што засталося недапісаным у артыкуле дзевятнаццацігадовай даўнасці.


Я вельмі не люблю ранні восеньскі снег. Зусім не таму, што ён падобны на няспраўджаныя надзеі — пасля радаснага светлага прадчування застаецца мокрая брудная рэчаіснасць. І не таму, што шкада залатых бяроз, якія не паспелі скінуць лісце, і крамяных яблыкаў у садзе, якія, здаецца, яшчэ больш чырванеюць ад нечаканай халоднай навалы. Прычына тут зусім іншая, і мае, так бы мовіць, абсалютна чалавечы характар.

Я нават памятаю дакладную дату, калі гэта мая нелюбоў пачалася. 31 кастрычніка 1997 года. Цэлы дзень тады давялося трэсціся ў дарозе, вяртаючыся з камандзіроўкі. Спачатку ў халодным дызелі з Быхава да Магілёва, пасля ў гэткім самым халодным «Ікарусе» з Магілёва на Мінск. Увесь час на шыбы ляпіўся густы снег, павольна спаўзаў па іх, пакідаючы брудныя пісагі. Усё вакол было белае, і толькі бярозавыя гаі на пагорках упарта свяціліся з-пад снегу яркімі паходнямі...

Было прыгожа і светла, але ўсе гэтыя краявіды праносіліся міма і бадай упершыню ў жыцці не краналі душу аніяк. З галавы не ішло пачутае і ўбачанае ў невялікай аднапакаёўцы на ўскраіне Быхава, што мелася стаць тэмай для матэрыялу. Упершыню ў жыцці я тады сутыкнулася з такім перакручаным чалавечым лёсам, з такой нявыплаканай чалавечай тугой.

Нават сёння, праз дзевятнаццаць гадоў, мне не трэба гартаць падшыўку, каб успомніць, як звалі тую маю гераіню. Яе імя — Ганна Вікенцеўна Драўгяліс-Палеўская. Маленькая худзенькая бабуля ў зацыраванай кофце і акулярах з адной паламанай дужкай. Ёй тады было 84 гады. У яе кватэры амаль не было мэблі, туды амаль ніколі не заходзілі людзі, толькі сацыяльны работнік, бабуля была самотная і адзінокая — у яе тут не было ніводнай роднай душы.

Падчас вайны яе разам з іншымі маладымі людзьмі з Рудзенска пагналі на прымусовыя работы ў Германію. Вызвалілі іх амерыканцы, і, па маладой дурноце, яна апынулася сярод соцень мігрантаў за акіянам. Не ведаючы мовы, не маючы знаёмых, сербанула там чужынскага «шчасця» напоўніцу. Пасля, здавалася, лёс зміласцівіўся: сустрэлася з гэткім самым разгубленым і адзінокім (ён трапіў у нямецкі лагер з Украіны, адтуль — гэтак жа, як і яна, — у Амерыку). Пабраліся шлюбам, пераехалі ў Канаду, нарадзілі хлопчыка — позняе, доўгачаканае, любімае дзіця. Здавалася б, што яшчэ трэба? Але ёй вельмі хацелася дадому, праведаць старэнькую маці, якая дажывала свой век у Быхаве. Якраз была «адліга», і Ганна, без асаблівых праблем атрымаўшы візу, пакінуўшы сямігадовага сына на мужа, паехала ў сваё падарожжа, якое зацягнулася на ўсё астатняе жыццё.

Бо пакуль яна займалася ў Быхаве афармленнем патрэбных дакументаў, пакуль разбіралася з матуліным пакойчыкам у бараку (маці памерла за некалькі дзён да яе прыезду), грымнуў карыбскі крызіс, «жалезны занавес» зноў з грукатам шчыльна зачыніўся. Ганну, былую савецкую грамадзянку, з краіны проста не выпусцілі. Яна абабіла ўсе парогі, ездзіла нават у Маскву, але нічога не дабілася. Так і засталася ў тым бараку без грошай, без знаёмых, без сваякоў. Без сувязі з роднымі за акіянам — яе пісьмы ім не даходзілі, адзінае пісьмо адтуль, якое атрымала праз пяць ці шэсць гадоў пасля ад'езду, было ад адваката — ён паведамляў аб намеры мужа развесціся. Дні, месяцы, гады ператварыліся ў суцэльны шэры змрок. Памерці ў галечы ёй не далі — з наступленнем узросту сталі плаціць мінімальную пенсію, калі зносілі барак — выдзелілі аднапакаёвы катушок у панэльным доме. Сведчаннем аб тым, што сям'я не была прымроеным сном, у яе засталася толькі картачка сына, якую заўсёды насіла з сабой...

Калі прыйшла перабудова, калі стала магчымым даведацца пра лёс родных людзей, ёй было ўжо за семдзесят, і не было ўжо ні сіл, ні здароўя, ні ўяўлення, што і як рабіць, з чаго пачынаць. Навакольныя лічылі яе «шпіёнкай», у кватэры не было тэлевізара — адкуль ёй было ведаць? Ужо ў 97-м мой калега пазнаёміўся з гэтай бабуляй зусім выпадкова. Пачуўшы яе гісторыю, спачатку не паверыў, пасля паглядзеў фота, дакументы — і жахнуўся. Патэлефанаваў мне: «Слухай, тут такая тэма ёсць!»

Тады мой артыкул і праўда пахвалілі, як вельмі ўдалы. Мы спрабавалі дапамагчы Ганне Вікенцеўне — пачалі шукаць яе дарослага сына. І — знайшлі, але атрымалася не помач, а немач. Мужчына аказаўся паталагічна пакрыўджаным на маці, якая, як лічыў, кінула яго малога (зрэшты, а як ён мог лічыць яшчэ?). Да таго ж быў ён нетрадыцыйнай арыентацыі, не меў у Амерыцы нават уласнага жылля — пераязджаў са сваім бойфрэндам па краіне ў нейкім трэйлеры... Яшчэ адзін пакручаны лёс — і больш нічога. Пра тое, каб забраць маці да сябе ці проста прыехаць яе праведаць, — не было нават гаворкі...

Ганна Вікенцеўна так і не дачакалася. Я ўспамінаю яе кожны раз, калі ў кастрычніку ці на пачатку лістапада пачынае ісці ранні мокры снег, які я вельмі не люблю з таго часу, як з'ездзіла ў Быхаў і напісала той удалы матэрыял.

Праўда, не такі ён і ўдалы. Бо не напісала тады, па маладой дурноце, галоўнае. Пра тое, як лёс простых людзей залежыць ад тых, хто хоча ваяваць. Ад тых, хто хоча даказаць сваю перавагу на гэтым блакітным шарыку. Ад тых, хто не можа і не хоча зразумець, што жыццё кожнага асобна ўзятага чалавека — найвялікшая і недакранальная каштоўнасць, і распараджацца ёй мае права толькі сам чалавек...

Зрэшты, паглядзела сёння выпуск навін па тэлебачанні, паблукала па Сеціве — і зразумела: з гэтымі высновамі я не спазнілася. Праўда, ні ад гэтага, ні ад таго, што першы падманлівы снег растаў і нават сонца праблісквае, лягчэй чамусьці не стала.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».