Вы тут

Колькі каштуе здаровы лад жыцця ў сталічных спартыўных цэнтрах?


Модныя часопісы увесь час пішуць пра розныя сродкі, для падтрымання сябе ў добрай форме, навыперадкі расхвальваючы перавагі то аднаго, то другога тыпу заняткаў. І калі шэйпінг, аэробіка і ёга даўно сталі звыклымі, тое, што хаваецца за назвамі стрэчынг, бодзімэйк і кросфіт, для большасці пакуль застаецца загадкай. У тупік ставіць не толькі выбар кірунку, але і месца заняткаў. Чаму аддаць перавагу: дзяржаўнаму або прыватнаму цэнтру? Што важней: камфорт або кошт, а ў ідэале — як гэта сумясціць?


Каму пад сілу «падняць» абанемент?

У кожнай з 8 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак сталіцы ёсць свой галоўны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, з некалькімі філіяламі ў розных пунктах раёна. Выключэнне складае толькі Савецкі раён, дзе гэтую ролю выконвае прадпрыемства «Фізкультура і здароўе». Паколькі гэтыя ўстановы з'яўляюцца дзяржаўнымі, ключавая задача іх дзейнасці — падтрыманне дзяржаўнай палітыкі ў сферы фізічнай культуры, спорту і турызму. Ахопліваюцца ўсе катэгорыі насельніцтва: ад 4-гадовых малых да пажылых людзей без абмежаванняў па ўзросце. Адзінага пераліку прапанаваных паслуг няма, аднак на выбар у розных варыяцыях прадстаўлены фітнес-кірункі, трэнажорныя залы, танцы, адзінаборствы.

За адзін абанемент кошт у цэлым прымальны (досыць выключыць з рацыёну шкодныя, часта нятанныя перакусы — і грошы знойдуцца), а вось «пацягнуць» 2 і больш кірункаў у месяц не кожнаму пад сілу. Напрыклад, адзін занятак працягласцю ў гадзіну ў трэнажорнай зале ў Партызанскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры абыдзецца ў 5 рублёў, абанемент на 8 заняткаў — 38 рублёў. Для студэнтаў прадугледжана зніжка — 4,5 і 28 рублёў адпаведна. На адмысловым рахунку школьнікі і асобы з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі: яны могуць працаваць над сваім целам у зале бясплатна. У Фрунзенскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры сістэма падліку кошту крыху іншая: ён залежыць ад часу наведвання. Шчасліўчыкам, якія могуць займацца ў трэнажорнай зале да 17 гадзін, удасца сэканоміць. Так, разавы занятак да «часу Х» абыдзецца ў 6 рублёў, пасля — у 7,5. Дарэчы, тут аматарам спорту давядзецца напружвацца не гадзіну, а ўсе паўтары. Абанемент на 8 заняткаў — 32 і 42 рублі ізноў жа ў залежнасці ад часу. Спецыяльныя цэны для школьнікаў, студэнтаў і інвалідаў дзейнічаюць у будныя дні да 17 гадзін: 5 рублёў занятак і 26 — абанемент.

Зараз завяршаецца ўзвядзенне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў Малінаўцы. А на наступны год запланаваны пачатак будаўніцтва спартыўнага комплексу ў Лошыцы.

Што да прыватных трэнажорных залаў і спартыўных цэнтраў, то яны з'яўляюцца на карце горада і знікаюць з рэгулярнасцю, якой могуць пазайздросціць іх не самыя добрасумленныя наведвальнікі. Колькі разоў пачаткоўцы-спартсмены з расчараваннем, да якога дамешвалася значная доля палягчэння, выяўлялі, што як толькі яны сабраліся з сіламі, каб прывесці сябе ў парадак, клуб побач з домам пераязджаў у іншае месца або зусім пераставаў існаваць. І гэта не дзіўна, бо з-за велізарнай колькасці прапаноў канкурэнцыя ў гэтай сферы сапраўды сур'ёзная. Выкручваецца хто як можа. Некаторыя цэнтры, напрыклад, прапануюць абанементы на паўгода і нават на год пад умоўным лозунгам «оптам танней». Так можна знайсці купон на 100 заняткаў за 320 рублёў, што адпавядае суме 27 рублёў штомесяц. Падобную акцыю падтрымлівае і Партызанскі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, аднак не для льготнікаў гэта абыдзецца ў 575 рублёў, затое колькасць заняткаў не абмежавана. З аднаго боку, сэканоміць сапраўды можна, але з другога — імавернасць, што ва ўсіх, хто набудзе абанемент такога тыпу, хопіць вытрымкі дайсці да канца, — вельмі малая.

Сярод прыватных цэнтраў ёсць асаблівы тып устаноў, якія арыентаваны на высокія запыты: за задавальненне пазаймацца «ў інтэр'еры, выкананым у модным стылі лофт», разглядаючы пейзаж у панарамныя вокны, прыйдзецца выкласці ад 20 рублёў за разавы занятак. І гэта яшчэ без паслуг трэнера...

Не заплыць «за буйкі» разумных цэн

Нароўні з сілавымі трэніроўкамі велізарнай папулярнасцю карыстаюцца «водныя працэдуры». І калі лазні і саўны не заўсёды прымяняюцца выключна ў аздараўленчых мэтах, то басейнам аддаюць перавагу сапраўдныя прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Паколькі колькасць аматараў паплаваць год ад года, хоць і пад уздзеяннем мас-медыя, але ўсё ж павялічваецца, не так даўно паўстала праблема: «блакітных дарожак» вельмі не хапае. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне дадаткова ўзвесці па тыпавому басейну ў кожным раёне сталіцы. Будаўніцтва першага з іх — у мікрараёне Брылевічы — ужо вядзецца. Здача яго ў эксплуатацыю запланавана на лета наступнага года.

Тыпавы праект, рэалізацыя якога патрабуе мінімальных з магчымых выдаткаў, прадугледжвае наяўнасць у будынку двух басейнаў: умоўна, дарослага і дзіцячага, з прапускной здольнасцю 70 чалавек у гадзіну.

Што тычыцца коштаў, то разавы занятак у басейне працягласцю 45 хвілін у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры «Серабранка» для дарослага абыдзецца ў 7 рублёў да 17 гадзін і ў 9 — пасля, абанемент на месяц — 50 і 65 рублёў адпаведна. Калі зірнуць на цэны за навучанне (для дарослага — 15 рублёў занятак), міжволі пачынаеш задумвацца, што спосаб «кінуць у ваду», дзякуючы якому многія за хвіліну навучыліся плаваць, а дакладней, выжываць, не такі ўжо і дрэнны. Хоць, магчыма, высокі кошт сведчыць пра тое, што ўсё трэба рабіць своечасова: для дзяцей да 16 гадоў адзін такі занятак абыдзецца ў 8 рублёў. Дарэчы, многія прадпрыемствы і кампаніі з мэтай развіцця ў сваіх работніках схільнасці да здаровага ладу жыцця пакрываюць выдаткі на абанементы ў спартыўныя цэнтры.

Не толькі ў пастцы: на якія заняткі можна трапіць бясплатна?

Акрамя вялікага пераліку платных секцый — ад стрып-пластыкі да скалалажання — раённыя фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры прапануюць далучыцца да спорту на бясплатнай аснове. Напрыклад, жыхары Кастрычніцкага раёна сталіцы могуць паспрабаваць сябе ў скандынаўскай хадзе — гэта адмысловая тэхніка, для якой неабходны спецыяльныя палкі. Кірунак атрымаў шырокае распаўсюджанне ў Еўропе, асабліва сярод пажылых людзей. А ў Цэнтральным раёне асобам пенсійнага ўзросту даступны бясплатныя заняткі ў фітнес-цэнтры.

Для дарослых наведвальнікаў фізкультурна-аздараўленчага цэнтра «Маскоўскі» арганізаваныя секцыі па валейболе і гіравым спорце. Дзеці, акрамя гэтых кірункаў, могуць запісацца на футбол, хакей, баскетбол, а таксама шахматы і шашкі. У Фрунзенскім раёне спіс бясплатных заняткаў для дзяцей і падлеткаў увогуле велізарны: паўэрліфтынг, дзюдо, стрытбол, біятлон, канькабежны спорт... І гэта яшчэ далёка не ўсё. На некаторыя, напрыклад акрабатыку і гімнастыку, можна хадзіць пачынаючы з 4 гадоў.

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана ДЗЯМЕШКА, цэны на заняткі ў фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах фарміруюцца па сістэме, замацаванай заканадаўча. Акрамя таго, ёсць катэгорыі грамадзян, якім паслугі прапаноўваюцца бясплатна. Напрыклад, інваліды 1 групы. У астатнім, тое, на якія кірункі і каму даюцца зніжкі або магчымасць наведваць іх бясплатна, кожны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр вызначае самастойна. Інфраструктура горада актыўна развіваецца ў гэтым напрамку: на працягу мінулага і бягучага года ў сталіцы ў дзеянне былі ўведзены басейн БНТУ, спартыўна-аздараўленчы комплекс «Фрыстайл», спартыўны комплекс футбольнага клуба «Мінск», фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Мандарын», стадыён «Арбіта», Парк экстрымальных відаў спорту. У планах на найбліжэйшае пяцігоддзе — рэканструкцыя стадыёнаў «Дынама» і «Трактар» і будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна. Асаблівая цікавасць мінчан да плавання і веласпорту таксама знойдзе адлюстраванне на карце горада. Па даных мінулага года ўсяго сістэматычна практыкуюцца ў розных фізкультурных кірунках каля 452 тысяч жыхароў сталіцы.

У цэлым, цэны на заняткі ў спартыўных цэнтрах мізэрнымі назваць нельга. Аднак, нават пры сціснутым бюджэце, выхад ёсць: можна старацца наведваць іх у больш ранні час, купляць абанементы на працяглы тэрмін, сачыць за акцыямі ці ўвогуле запісацца на бясплатныя секцыі. Гэта менавіта той выпадак, калі як нельга больш да месца падыходзіць фраза: «Хто хоча, шукае магчымасці, а хто не хоча — прычыны»...

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Аздаравіцца і не разарыцца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.