Вы тут

Пачаўся мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад»


На цырымоніі адкрыцця XXІІІ Мінскага міжнароднага кінафестываля «Лістапад», якая адбудзецца ўвечары ў кінатэатры «Масква», у чарговы раз аб штатыў разаб'юць адмысловую талерку, што будзе азначаць афіцыйны старт кінафоруму. Але фармальнасці, хоць і прыгожыя, не так важныя, як «зоркі» «Лістапада» — фільмы. Фестывальныя паказы не будуць чакаць цырымоніі адкрыцця і ўжо сёння пачнуцца ў кінатэатрах «Цэнтральны» і «Мір». Сёлета кінааматарам будзе прадстаўлена больш за 160 самых розных, нечаканых, пяшчотных, ашаламляльных, важных карцін. Сапраўды, «Лістапад» — свята, якое заўсёды з намі.


 

Фільм адкрыцця — альманах «Пецярбург. Толькі па любові», што знялі сем рэжысёраў-жанчын, сёння двойчы пакажуць у кінатэатры «Цэнтральны» — на адной з асноўных пляцовак кінафестывалю. Тут жа адбудзецца паказ дакументальнага фільма «Міфунэ. Апошні самурай», які расказвае пра любімага акцёра Акіры Курасавы і ўвогуле легендарную асобу японскага кіно Тасіра Міфунэ. Фільм польскага рэжысёра Ежы Скалімоўскага «11 хвілін», што быў паказаны на Венецыянскім кінафестывалі мінулага года, дапоўніць сённяшні рэпертуар «Цэнтральнага».

У кінатэатры «Мір» пакажуць нашумелую карціну «У промнях сонца» расійскага дакументаліста і прэзідэнта кінафестывалю «Артдокфэст» Віталя Манскага. Гісторыю пра жыццё пхеньянскай сям'і, у якой маленькія дзеці амаль што прысвячаюць сваё жыццё правадыру, здымачная група стварала ў жорсткіх умовах надзору і цэнзуры. Праўда, Віталь Манскі знайшоў спосабы адлюстраваць больш, чым яму было дазволена. У другі раз здымачную групу ў Паўночную Карэю не пусцілі, але і без гэтых здымак фільм атрымаў шырокі рэзананс — сёння ён будзе паказаны ў «Міры». Карціна «Ольма і Чайка», у якой рэальнасць пераплятаецца з тэатральным вобразам Аркадзінай з чэхаўскай «Чайкі», адзначыўся ў праграме кінафестывалю ў Лакарна, а цяпер дэманструецца ў «Міры».

Сёння ж будзе прадстаўлена журы кінафестывалю, якое стане ацэньваць шэсць конкурсаў «Лістапада» — Асноўны конкурс ігравога кіно, «Маладосць на маршы», Асноўны конкурс дакументальнага кіно, Нацыянальны конкурс, «Лістападзік» і Конкурс нацыянальных кінашкол. Як і раней, гледачы конкурсных паказаў вызначаюць сваю ўзнагароду — «бронзу» «Лістапада» або, можна сказаць, прыз глядацкіх сімпатый. У конкурсы «Лістапада» трапіла 83 работы.

Асноўнымі пляцоўкамі фестывальных паказаў, апроч названых, стануць кінатэатры «Піянер», «Перамога» і Музей гісторыі беларускага кіно. Мерапрыемствы Індустрыяльнай платформы, прызначанай для кантактаў прафесіяналаў кінасферы, будуць праходзіць у галерэі TUT.BY.

Кінафестываль прадоўжыцца да 11 лістапада.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: У віхуры «Лістапада»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?