Вы тут

Хто павінен прадухіляць заморныя з'явы на вадаёмах?


Спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь працягваюць даваць тлумачэнні па самых розных пытаннях, якія датычацца прыродакарыстання. Чаму нельга лавіць рыбу на зімавальных ямах? Хто павінен прадухіляць заморныя з'явы на вадаёмах? Што будзе за самавольны захоп зямлі? Ці можна насіць з сабой патроны з кулямі пры паляванні на ненармаваныя віды паляўнічых жывёл?


Зрабіць зімоўку спакойнай

Каб прадухіліць масавы вылаў рыбы ў перыяд зімоўкі, Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства прадугледжаны ахоўныя меры: забаронена прамысловая лоўля ўсіх відаў рыбы на зімавальных ямах з 1 кастрычніка па 15 красавіка. Пералік зімавальных ям з указаннем іх межаў указваецца ў рыбаводна-біялагічных абгрунтаваннях водных аб'ектаў.

Напрыклад, для захавання папуляцыі звычайнага сома, які становіцца лёгкай здабычай у зімовы перыяд, па ўсёй краіне ўстаноўлена забарона на яго вылаў з 1 лістапада па 31 сакавіка. Забарона закранае як прамысловую, так і аматарскую лоўлі.

Ёсць і такія рыбы, для якіх холад зусім не ў цяжар. У прадстаўнікоў сямейства ласосевых, да якіх адносіцца чудскі сіг і еўрапейская рапушка, позняй восенню пачынаецца перыяд нерасту. У сувязі з гэтым лоўля сіга забаронена з 1 лістапада па 15 снежня, а рапушкі — з 15 лістапада па 20 снежня.

Адзіны праснаводны прадстаўнік сямейства трасковых — мянтуз — таксама рады пахаладанню. Цёплая вада яго прыгнятае: улетку пры тэмпературы вады вышэй за 15 ° С мянтуз перастае харчавацца і, забіўшыся ў берагавыя норы, пад буйныя камяні або карчакі, упадае ў спячку. Толькі восенню, калі вада ў рэках прыкметна астывае, мянтуз абуджаецца і пачынае адкормлівацца. Нераставая забарона на вылаў ментуза ўстаноўлена ў Беларусі з 25 снежня па 28 лютага.

З 63 відаў рыб, якія жывуць у вадаёмах і вадацёках Беларусі, многія (усе карпавыя, сомавыя) з'яўляюцца цеплалюбівымі. У ходзе эвалюцыі яны прыстасаваліся да пражывання ва ўмовах значных ваганняў тэмпературы вады (ад 2 да 25 °С). Пры нізкіх тэмпературах у гэтых рыб запавольваецца абмен рэчываў, зніжаецца або спыняецца рухальная актыўнасць і харчаванне. Перад зімоўкай у целе рыбы назапашваецца тлушч, які затрачваецца ў зімовы перыяд.

Розныя віды рыб неаднолькава перажываюць гэты цяжкі перыяд. Цеплалюбівыя віды, такія, як ляшчы, карпы, ліні, ужо ў кастрычніку-лістападзе збіраюцца ў велізарныя касякі і адпраўляюцца на зімоўку. Пры гэтым асобіны аднаго віду і ўзросту зімуюць разам. Рыбы прыціскаюцца адна да адной, і холад ужо становіцца не страшны.

Для зімоўкі рыба звычайна выбірае глыбокія ўчасткі вадаёмаў са стаячай вадой або слабай праточнай — так званыя зімавальныя ямы. Пры гэтым яны не абавязкова з'яўляюцца ямамі ў літаральным сэнсе гэтага слова, нярэдка гэта могуць быць і роўныя ўчасткі дна. Штогод рыба выкарыстоўвае адны і тыя ж зімавальныя ямы. Іх змена адбываецца толькі ў штучных вадаёмах з нестабільным узроўнем вады (вадасховішчы, сажалкі).

Згодна з часткай 1 артыкула 15.35 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, здабыча рыбы ў забароненыя тэрміны, у забароненых месцах, забароненымі прыладамі або спосабамі, а таксама замах на такую здабычу цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.

Сума пакрыцця шкоды ў выпадку незаконнай здабычы адной асобіны сома ў забаронены перыяд складае 252 рублі, сіга і рапушкі — 189 рублёў, ментуза — 567 рублёў. Калі нанесеная браканьерам шкода дасягне 100 базавых велічынь (2100 рублёў), наступае крымінальная адказнасць.

Нелегал падрабіў дазвол

У Маларыцкім раёне пры праверцы брыгады паляўнічых работнікі Брэсцкай міжрайінспекцыі выявілі нелегала. Падазрэнні выклікаў адзін з дакументаў — дазвол на права захоўвання і нашэння паляўнічай зброі.

— Апошняе яго падаўжэнне на тры гады было завізавана ў 2014 годзе подпісам начальніка Брэсцкага РАУС. Аднак дзяржінспектар, сам у мінулым работнік міліцыі, быў упэўнены: гэты кіраўнік на той час ужо не працаваў у органах, — расказала прэс-сакратар Дзяржінспекцыі Вольга Грамовіч. — Было ўстаноўлена, што мужчына ў 2014 годзе за кіраванне нападпітку быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў. Па законе паляўнічы павінен прадаць зброю і здаць у міліцыю дазвольны дакумент на яе. Стрэльбу ён насамрэч прадаў аднавяскоўцу, а вось дазвол быццам бы згубіў на паляванні. У дакуменце мужчына падрабіў запіс аб яго падаўжэнні, а затым набыў нелегальную зброю, на якой набіў указаны ў дазволе нумар. Колькі разоў з тых часоў грамадзянін удзельнічаў у паляваннях — высвятляе міліцыя. Складзены адміністрацыйны пратакол, парушальніку таксама пагражае крымінальная адказнасць — ад вялікага штрафу да двух гадоў абмежавання волі — за падробку дакументаў.

Прадухіліць заморы рыбы

Амаль штогод зімой, на жаль, фіксуюцца перадзаморныя або заморныя з'явы. Як правіла, адбываюцца яны на закрытых вадаёмах, дзе няма праточнай вады. Напрыклад, у канцы студзеня сёлета ў асобных вадаёмах Лідскага і Навагрудскага раёнаў адзначаліся факты гібелі рыбы ў выніку зімовых замораў. Аналагічная сітуацыя назіралася на некаторых участках вадаёмаў, утвораных на месцы здабычы торфу ў Жабінкаўскім раёне.

Сітуацыя абумоўлена перш за ўсё значным зніжэннем колькасці кіслароду ў вадзе, што негатыўна адбіваецца на жыццядзейнасці рыбы. Пры ўзнікненні ў вадаёмах заморных і перадзаморных з'яў яна становіцца млявай, гіне ад асфіксіі. Спажыванне кіслароду залежыць і ад узросту рыбы: чым яна маладзейшая, тым больш яго патрэбна на адзінку вагі цела. Таму замор у першую чаргу аказвае негатыўнае ўздзеянне на малькоў рыбы.

У адпаведнасці з Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства праводзіць мерапрыемствы па прадухіленні заморных з'яў і ліквідацыі іх наступстваў у арандаваных, а таксама перададзеных у карыстанне рыбалоўных угоддзях абавязаны арандатары (карыстальнікі). У рыбалоўных угоддзях, якія складаюць фонд запасу, — мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы або спецыяльна ўпаўнаважаныя імі юрыдычныя асобы.

Дзяржінспекцыя загадзя звяртае ўвагу абласных выканаўчых камітэтаў на неабходнасць прыняцця мер пры ўзнікненні падобнай пагрозы. Як толькі наяўнасць перадзаморных або заморных з'яў на якім-небудзь вадаёме будзе пацверджана дадзенымі гідрахімічных даследаванняў, праведзеных атэставанымі лабараторыямі, парадак і ўмовы лоўлі рыбы тут могуць быць зменены: знятыя абмежаванні па прамысловай меры і сутачнай норме вылаву. Прыняцце такога рашэння знаходзіцца ў кампетэнцыі райвыканкамаў па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Дзяржінспекцыі і Мінпрыроды.

Самавольна зямлю не займаць!

Часам у мэтах вядзення гаспадарчай дзейнасці грамадзяне, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі самавольна займаюць землі (у тым ліку тыя, што адносяцца да ляснога фонду) за межамі зарэгістраваных на іх зямельных участкаў. Устанаўліваюць там агароджы, узводзяць капітальныя будынкі, складуюць будаўнічыя матэрыялы, адходы. Пры гэтым адказнасці за свае дзеянні яны не ўсведамляюць.

Між тым самавольнае заняцце зямельнага ўчастка з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. У адпаведнасці з артыкулам 72 Кодэкса аб зямлі Рэспублікі Беларусь, такім лічыцца выкарыстанне зямельнага ўчастка без дакумента, які засведчвае права на яго, гэта значыць без пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

Адказнасць за такія дзеянні прадугледжана артыкулам 23.41 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь: для грамадзян штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 20 да 100 базавых велічынь, а для юрыдычных асоб — ад 50 да 300 базавых велічынь. За паўторнае парушэнне на працягу года «захопніка» могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці з прызначэннем яму больш вялікага штрафу, арышту або папраўчых работ.

Судак... без граніц

А потым чарга і іншых абарыгенных відаў.

Дзяржінспектары Віцебскай вобласці разам з калегамі з Расрыбалоўства паўдзельнічалі ў зарыбленні возера Жыжыцкага. Вадаём размешчаны на трансгранічнай тэрыторыі — у Куньінскім раёне Пскоўскай вобласці, за 50 кіламетраў ад беларуска-расійскай граніцы.

— Праз праточнае возера Жакта і раку Жыжыцу Жыжыцкае злучаецца з Заходняй Дзвіной, якая далей нясе свае воды па тэрыторыі Беларусі. У акваторыю возера выпушчана 12 тысяч асобін моладзі судака, — расказала прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч. — Сумесныя мерапрыемствы па зарыбленні прадугледжаны Планам узаемадзеяння тэрытарыяльных падраздзяленняў Дзяржінспекцыі з Паўночна-Заходнім тэрытарыяльным упраўленнем Федэральнага агенцтва па рыбалоўстве на 2016—2018 гады. Дзяржінспекцыя таксама ініцыявала перад расійскімі калегамі правядзенне комплексу мерапрыемстваў, скіраваных на аднаўленне запасаў Дняпра, у прыватнасці, зарыбленні яго абарыгеннымі відамі. Гэтыя меры дапамогуць рацэ пасля масавай гібелі рыбы, якая назіралася ў пачатку жніўня на трансгранічным участку Дняпра ў Смаленскай і Віцебскай абласцях.

З малакалібернай — на вавёрку

Пры паляванні на вавёрку, лясную і каменную куніцу, амерыканскую норку, андатру, а таксама ляснога тхара дазваляецца выкарыстанне наразной паляўнічай зброі калібру 5,6 мм (пункт 21 дадатку 2 да Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання).

Пры гэтым абмежаванні адносна дапушчальнай дульнай энергіі кулі дадзенай малакалібернай наразной зброі не вызначаны, што выклікае пытанні ў паляўнічых. У адпаведнасці з тлумачэннямі, распрацаванымі Мінлясгасам і Дзяржаўнай інспекцыяй, пры правядзенні палявання на вышэйпералічаныя віды жывёл дапускаецца выкарыстанне любой наразной паляўнічай зброі калібру (дыяметра канала ствала) 5,6 мм і патронаў да яго незалежна ад дульнай энергіі кулі.

Пра патроны з кулямі і карцеччу

У паляўнічых часта ўзнікае пытанне аб законнасці нашэння і транспарціроўкі паляўнічых патронаў з кулямі і карцеччу пры паляванні на ненармаваныя віды паляўнічых жывёл.

З аналізу нормаў, выкладзеных у пунктах 2 (абзацы 24, 25), 3, 113, 114 (абзац 4), 129 (абзац 7) Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання і дадатку 2 да Правілаў, вынікае: знаходжанне ў паляўнічых угоддзях ці іншых месцах пражывання паляўнічых жывёл асоб з гладкаствольнай паляўнічай зброяй і патронамі з кулямі і карцеччу (у тым ліку, калі зброя і патроны знаходзяцца ў транспартным сродку) пры наяўнасці пуцёўкі на здабычу жывёл ненармаваных відаў з'яўляецца парушэннем.

Адказнасць за дадзенае парушэнне прадугледжана часткай 1 артыкула 15.37 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь: штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй стрэльбаў, іншых прылад палявання і прадметаў, якія з'явіліся прыладай альбо сродкам здзяйснення ўказанага парушэння, або без канфіскацыі з пазбаўленнем спецыяльнага права.

Дапускаецца перамяшчэнне падрыхтаваных кулямі і карцеччу боепрыпасаў:

— па дарогах агульнага карыстання;

— па вызначаных карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў або райвыканкамам дарогах — пры пераездзе да спецыяльна адведзеных месцаў прыстрэлкі паляўнічай зброі і назад;

— па вызначаных карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў або райвыканкамам дарогах — пры накіраванні да месцаў часовага пражывання паляўнічых (дома паляўнічага, аграсядзібы і інш.) і назад.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Калі галоўны прынцып — не нашкодзь!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.