Вы тут

Бардаўскі фэст «Віцебскі лістапад» старэйшы, чым «Славянскі базар»


На XXX фестываль-свята аўтарскай песні «Віцебскі лістапад» прыехалі ўдзельнікі з Беларусі, Расіі, Чэхіі, Нідэрландаў, іншых краін. Сярод шматлікіх замежных бардаў быў і Сяргей Джыгурда, які расказаў у грымёрнай карэспандэнту «Звязды» пра любоў да Беларусі.


Сяр­гей Джы­гур­да (кадр з філь­ма «Спо­ведзь д'яб­ла», 2008 год).

Самаакупны праект

Бардаўскі фэст нават старэйшы, чым знакаміты «Славянскі базар», і з'яўляецца адной з візітовак культуры краіны.

— «Базар» сёлета адбыўся 25-ы раз, а «Віцебскаму лістападу» ўжо 30. І яго па праве таксама можна лічыць брэндам, унікальнай старонкай у культурным жыцці горада, краіны, — лічыць генеральны дырэктар «Цэнтра культуры «Віцебск», кіраўнік дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Аляксандр СІДАРЭНКА.

Праект самаакупны. Гледачы ахвотна купляюць не толькі білеты на асобныя канцэрты, але і абанементы на права наведаць усе пляцоўкі. У будучым свята аўтарскай песні будзе знаходзіць новых прыхільнікаў і аўтараў, не сумняваюцца арганізатары.

На тэрыторыі былога СССР самы «доўгайграючы» расійскі бардаўскі фэст — Грушынскі. Упершыню ён адбыўся ў 1968 годзе пад Самарай. У Віцебску барды выступаюць на сцэне ў зале, а не на ўлонні прыроды. У гэтым розніца, як падкрэсліваюць арганізатары «Віцебскага лістапада». Патэнцыйныя ўдзельнікі конкурсу праходзяць адбор. Ад іх чакаюць і акцёрскіх задаткаў. Падчас конкурсу разам з журы працуе экспертны савет. Усё гэта сведчыць пра высокі ўзровень фэсту.

Уладальнікам Гран-пры конкурсу аўтарскай песні сёлета стаў Анатоль Папейка з Магілёва. Ён атрымаў дыплом і памятны прыз, выраблены спецыяльна для юбілейнага «Віцебскага лістапада».

І карціны спяваюць

Падчас юбілейнага фэсту ў канцэртнай зале «Віцебск» было многае ўпершыню. Адбыўся відэамост паміж аўтарамі-выканаўцамі з розных краін. Прэзентавалі выставу «Рытмы і рыфмы часу», прысвечаную паэзіі і музыцы ва ўсіх яе прыродных, культурных, сімвалічных і чароўных сэнсах. На ёй можна было ўбачыць больш за 100 мастацкіх твораў 35 аўтараў.

У фае публіка «трапляла» і ў савецкае мінулае — у імправізаваную кватэру. Сярод экспанатаў былі старыя мэбля, халадзільнік, кінаўстаноўка, якая круціла аматарскія кадры.

Душэўнасць і дэмакратызм вялі рэй. На гала-канцэрце, прысвечаным юбілею, гучалі песні розных жанраў і стыляў. Вельмі спадабаўся публіцы канцэрт праекта «Булат Акуджава. Уладзімір Высоцкі. Цытаты». На ім песні мэтраў бардаўскай песні гучалі на розных мовах, у тым ліку па-чэшску і ўкраінску.

— Я і беларускі бард Вольга Залеская прыдумалі праект пару гадоў таму. Вырашылі, што вельмі добра паслухаць, як выконваюць класіку аўтарскай песні на мовах тых краін, дзе цікавяцца нашай культурай, цэняць і любяць яе. І слухае не толькі рускамоўная публіка. Выступалі ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Германіі, Аўстрыі, Расіі, — растлумачыў Аляксей ГАЛЫБІН, кіраўнік арт-лабараторыі «Вышыня» і міжнароднага праекта.

Спадарыня Залеская — адна са стваральнікаў «Віцебскага лістапада».

— Фестываль мы пачыналі ў якасці свята для сябе. І ён цяпер стаў велізарным мерапрыемствам з 30-гадовай гісторыяй. У розныя гады знаходзіліся энтузіясты, якія не апускалі рукі пры падрыхтоўцы да чарговага фэсту. І былі заўсёды тыя, хто дапамагаў. А сёння, дзякуючы Уладзіславе Цвікі, кіраўніку «Віцебскага лістапада», упершыню выканаем ў Віцебску бардаўскую класіку, — дадала Вольга ЗАЛЕСКАЯ.

На кан­цэр­це, пры­све­ча­ным юбі­лею фэс­ту, вы­сту­пае бард з Ві­цеб­ска Але­ся Мядз­ве­дзе­ва.

Старэйшы брат пра жанчын і смятану

Сяргей Джыгурда, старэйшы брат Мікіты Джыгурды, артыст тэатра і кіно, аўтар песень — адзін з удзельнікаў «Цытат».

— Ніколі не думаў, што буду перакладаць вершы Высоцкага і Акуджавы на ўкраінскую мову. Некаторыя казалі: навошта? Аказалася цікава. Нават у Маскве дзякуюць. Кажуць, што новы сэнс пачулі, дакладней паглыбілі разуменне песні і тэксту. Добрыя пераклады даюць магчымасць зайграць песням новымі гранямі. Гэта як алмазу дадаць аправу, — разважае ён.

Сяргей на пяць гадоў старэйшы за Мікіту. Летам адсвяткаваў 60-ю гадавіну нараджэння. Пасля вучобы ў Кіеўскім інстытуце тэатральнага мастацтва працаваў у тэатрах Данецка і Кіева. У апошнія гады жыве ў Маскве.

— З задавальненнем прыязджаю ў Беларусь. Тут сустракаюся і з украінскімі сябрамі. У Брэсце і Мінску быў, у Гомелі. Вельмі цудоўна адчуваў сябе на міжнародным музычна-спартыўным свяце «Вялікая бард-рыбалка» ў Магілёўскай вобласці. А ў Віцебску даўно не быў. Апошні раз у 1979-м ці 1980 годзе — падчас гастроляў Данецкага тэатра. Спадабаўся горад, як і краіна. Прыгожыя жанчыны, спакойныя мужчыны, ветлівыя вадзіцелі і непадкупныя міліцыянеры. У гэтым сэнсе не моцна змянілася краіна з таго часу, — успамінае Сяргей Барысавіч.

Чамусьці яму вельмі запомнілася, як у сталоўцы браў паўшклянкі смятаны, туды ўстаўляў чайную лыжку, і яна стаяла.

— Перагортваў шклянку, ішоў ад стала, а яна не падала! Чым падабаецца ў вас: няма падробак. Я пра спіртное, прадукты — усё сапраўднае! Не ведаю, як гэта робіцца, але прыемна. І падчас СССР ніхто не разводзіў тую ж смятану... Працавітыя і сумленныя, добрыя і разумныя людзі жывуць у Беларусі. Я цяпер прыехаў з Масквы а 5-й гадзіне раніцы, ніхто не сустракаў. Таксіста пытаю, ці давязе да гатэля? Ён адказаў, што пешшу можна дайсці. Таксіст, які мог бы зарабіць! Я заблукаў. А побач дама з сабакам гуляе. Яна мяне давяла да дзвярэй. Простая душэўнасць і чалавечая спагада! Гэта дарагога каштуе, — не шкадаваў кампліментаў Сяргей Джыгурда.

...І пра брата

Пачуўшы пытанне пра брата, сказаў, што апошнія два гады яны наогул не маюць зносін, нават па тэлефоне. Прычыну не раскрыў.

— Наконт скандальнай славы яго, рэпутацыі (доўгая паўза)... Бадай, як кажуць, увайшоў у ролю. Але ён заўсёды быў адкрытым, вясёлым, сумленным і шчодрым. Проста так атрымліваецца, што Мікіце ў гэтай рэальнасці цяжка існаваць. Такім ён нарадзіўся, — сказаў Сяргей Джыгурда.

У адказ на пытанне пра ўласнае асабістае жыццё Сяргей далічыў на пальцах шлюбы да чатырох, пакуль іншы бард яго не перабіў. Пажартаваў, маўляў, «план» выкананы. Дадаў, што чарговая жонка збірае званочкі. У яе калекцыі і беларускія ёсць.

Сам ён нічога не калекцыянуе. Бывае, на гастролях купляе маленькія талерачкі, каб павесіць на сцяне. Прызнаўся, што нават уласнае фота не захоўвае, бо іх калісьці стала вельмі шмат.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: Бардаў цягне ў Віцебск...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.