Вы тут

Ці ёсць альтэрнатыва?


У чэрвені на старонках «Звязды» быў надрукаваны матэрыял «Труба супрацьстаяння», прычынай для напісання якога стаў зварот жыхароў аднаго з пад'ездаў дома №6 па Віцебскім праспекце. У доме праводзіцца капрамонт, і праектам прадугледжана замена сістэм ацяплення, халоднага водазабеспячэння і каналізацыі. Раней водаправодная і каналізацыйная трубы былі агульнымі для дзвюх сумежных кватэр і знаходзіліся ў спецыяльнай нішы адной з іх. Зараз плануецца прапусціць дадатковую трубу дыяметрам 110 міліметраў праз санвузлы і тых кватэр, дзе яе раней не было. Гэта паменшыць і без таго малую іх плошчу, якая складае ўсяго 2,97 квадратнага метра. Жыхары выступілі супраць. Яны аргументуюць тым, што ніхто не пацікавіўся іх меркаваннем і што гэты праект пагаршае іх жыллёвыя ўмовы. Між тым праз суд камунальнікі прымушаюць уласнікаў кватэр забяспечыць допуск у іх памяшканні для правядзення рэканструкцыі.


У гэ­ту ні­шу яшчэ адзін ста­як  (шы­ро­кая тру­ба) не па­мес­ціц­ца.

Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама прыслала ў рэдакцыю ліст за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення А. Цімашэнкі. У ім гаворыцца, што праектна-каштарысная дакументацыя была распрацавана інстытутам Магілёўжылпраект і ніякіх заўваг з боку Дзяржбудэкспертызы па Магілёўскай вобласці не мела. Але рэдакцыя нават не ставіла гэты факт пад сумненне. Размова ішла пра іншае. Ці ёсць у жыхароў альтэрнатыва? Ці можна выкарыстаць нішу, якая існуе, каб правесці стаякі на халодную ваду і каналізацыю, як гэта было раней на дзве кватэры.

Мы звярнуліся па каментарый у Дзяржбудэкспертызу па Магілёўскай вобласці.

Там, спасылаючыся на Тэхнічны кодэкс існуючай практыкі (ТКП ) па рамонце, рэканструкцыі і рэстаўрацыі жылых грамадскіх будынкаў і збудаванняў, патлумачылі, што «замена інжынернага абсталявання павінна адбывацца з улікам фактычнага стану яго элементаў, які вызначаецца візуальным метадам або метадам канструктыўнага інструментальнага абследавання. Тым, хто праводзіў абследаванні, у тэхнічным заключэнні трэба было пазначыць, як функцыянуе гэты стаяк. Адна справа, калі ўрэзка зроблена з боку кожнай кватэры асобна, і зусім іншая, калі ў яго ўразаецца адводная труба, да якой далучаецца сантэхніка дзвюх кватэр. Пры апошнім варыянце адназначна падчас рэканструкцыі павінна быць два стаякі. Але іх можна было б прапусціць разам у прадугледжанай для гэтага нішы, калі, канешне, гэта дазваляюць яе памеры».

З незалежным экспертам аднаго з магілёўскіх праектных інстытутаў ідзём правяраць гэтую версію. Да жыхароў, не згодных з патрабаваннямі праекта, мы завіталі з раздрукоўкамі сучасных нормаў, дзе агаворваецца, колькі месца патрэбна камунікацыям для нармальнага функцыянавання. Напрыклад, для размяшчэння каналізацыйнай і водаправоднай трубы неабходна шырыня шахты мінімум 350 міліметраў. А для двух стаякоў каналізацыйных і аднаго водаправоднага спатрэбілася б як мінімум 600 міліметраў. Наша задача была высветліць, ці зможа ўмясціцца ў нішы яшчэ адна каналізацыйная труба.

Глы­бі­ня ні­шы 265 мі­лі­мет­раў.

На жаль, шырыня яе аказалася ўсяго 550 міліметраў. Жыхары пагадзіліся з тым, што стаякі не памесцяцца, але выказалі пажаданне, каб ім таксама прабілі нішу, а не забіралі карысную жыллёвую плошчу. Спецыяліст паведаміў, што гэта тэхнічна немагчыма. Бо глыбіня існуючай нішы 265 міліметраў, а калі такую ж прабіць са зваротнага боку, атрымаецца скразны праход.

У абласным упраўленні ЖКГ прытрымліваюцца меркавання, што ў кожнай кватэры павінен быць свой асобны стаяк. Маўляў, калі ён заб'ецца смеццем і ўзнікне неабходнасць яго пачысціць, не прыйдзецца турбаваць суседзяў.

Не на карысць жыхароў першага пад'езда і тое, што ў астатніх пад'ездах ужо цалкам зроблены капрамонт і заменены стаякі. «Уласнікі кватэр №№2, 6, 10 і 14 павінны забяспечыць доступ у свае кватэры для ўсталявання асобнага стаяка каналізацыі», — гаворыцца ў лісце з упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама.

Як стала вядома рэдакцыі, на 2 лістапада работы па рэканструкцыі ў пад'ездзе ўсё яшчэ не пачыналіся. Але, па словах камунальнікаў, гэта толькі справа часу.

Дарэчы, пасля публікацыі ў «Звяздзе» работнікі ЖЭУ №8 праверылі стан балкона кватэры №15, у якой пабываў карэспандэнт. Знешні выгляд яго выклікаў падазрэнні ў ненадзейнасці. Парэнчы пагнілі, а падлога знаходзілася пад нахілам. Як паведамілі ў ЖЭУ, балкон агледжаны, абноўлена тынкоўка і зроблены рамонт абрамлення. Праўда, стан тынкоўкі на будынку па-ранейшаму выклікае пытанні. На гэта начальнік ЖЭУ Святлана Мангуш паведаміла, што гэты факт у іх на кантролі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.