Вы тут

«Лістапад» афіцыйна адкрыты


Госці кінафестывалю прайшліся па чырвонай дарожцы, вядучыя прадставілі сем саставаў журы, свайго ўладальніка знайшоў спецыяльны прыз Прэзідэнта «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве», зала кінатэатра «Масква» аддала даніну памяці ганароваму старшыні кінафестывалю Расціславу Янкоўскаму, што пайшоў з жыцця ў чэрвені, і класіку беларускага кінематографа Віктару Тураву, якому ў гэтым годзе споўнілася б восемдзесят гадоў. Рэжысёр Аксана Бычкова прадставіла фільм адкрыцця «Пецярбург. Толькі па любові». Мы чакалі, калі гэта можна будзе сказаць, і вось нарэшце — XXІІІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» адкрыты.


 

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, з якімі сутыкнулася дырэкцыя форуму ў гэтым годзе, «Лістапад» — і людзі, што за ім стаяць — выстаялі, справіліся. Галоўнае тут, канешне, — фільмы, у той час як цырымоніі застаюцца фармальнасцю, але тым не менш, адкрыццё — важны рытуал. У кінатэатры «Масква» намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава агучыла прывітанне Прэзідэнта ўдзельнікам і гасцям кінафоруму, старшыня кінафестывалю Генадзь Давыдзька разбіў талерку аб штатыў кінакамеры, прагучала шмат цёплых і, як належыць сітуацыі, урачыстых слоў у адрас кінафестывалю і яго значнасці. На жаль, не ўсе традыцыі мы змаглі захаваць у гэтым годзе, і знікла якраз адна з самых чуллівых — сёлета на сцэне кінатэатра ўжо не прагучаў верш у выкананні Расціслава Янкоўскага, што адкрываў фестываль усе дваццаць тры гады. «Масква» замест гэтага ўбачыла яго на экране ва ўрыўках з яго акцёрскімі ролямі.

У нейкім сэнсе інтрыгай цырымоніі адкрыцця кінафестывалю «Лістапад» з'яўляецца імя будучага ўладальніка спецыяльнага прыза Прэзідэнта. У мінулым годзе яго атрымаў рэжысёр Вадзім Абдрашытаў, у пазамінулым — рэжысёр і акцёр Станіслаў Гаварухін. Сёлета прэстыжная ўзнагарода была ўручана вядомаму купалаўцу — савецкаму і беларускаму акцёру тэатра і кіно, народнаму артысту Беларусі і СССР Генадзю Аўсяннікаву. І на гэты раз менавіта ён са сцэны кінатэатра прачытаў верш.

З сённяшняга дня пачынаюцца паказы шасці конкурсных праграм (пазаконкурсныя фестывальныя фільмы дэманструюцца ўжо з учарашняга дня) — гэта 83 работы з больш як 160. У раскладзе можна знайсці цэлы шэраг фестывальных хітоў кшталту работ Джыма Джармуша, братоў Дардэн, Ксаўе Далана, Крысціяна Мунджыу, Кена Лоўча, Джанфранка Розі, Асгара Фархадзі, шмат нашумелых работ кшталту фільмаў «Мой сябар Барыс Нямцоў» Зосі Радкевіч, «Жанчына, якая сышла» Лава Дзіяса, «Я не мадам Бавары» Фэна Сяагана. Ужо трэці раз на «Лістападзе» пройдзе Нацыянальны конкурс, які поўнасцю складаецца з работ беларускіх аўтараў. Дарэчы, сёлетнія лаўрэаты атрымаюць у якасці ўзнагароды тэхнічную дапамогу — здымачнае абсталяванне і паслугі постпрадакшн для рэалізацыі наступнай ідэі. Не трэба забываць і пра яшчэ адну важную частку «Лістапада» — індустрыяльную платформу, якая будзе накіравана на развіццё сферы кіно ў Беларусі і разуменне яе месца ў міжнародным кантэксце.

Фільмам закрыцця — і гэта яшчэ адзін гонар фестывалю — стане апошняя работа класіка сусветнага кіно польскага рэжысёра Анджэя Вайды «Астаткавыя выявы», якая трапіла ў лонг-ліст прэтэндэнтаў на суісканне прэміі Оскар.

Усё гэта кінабагацце, у якое можна акунуцца з галавой, будзе доўжыцца да 11 лістапада.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».