Вы тут

Брэсцкая крэпасць адзначае дзве юбілейныя даты


Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» адзначае сёння сорак пяць гадоў з дня адкрыцця, а музей абароны Брэсцкай крэпасці святкуе 60-гадовы юбілей. Сёння комплекс з'яўляецца найбуйнейшым на постсавецкай прасторы помнікам, які ўвекавечыў мужнасць савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


У музеі абароны, які працуе з 1956 года, прадстаўлена каля чатырох тысяч экспанатаў. І кожны ўвасабляе ў сабе жывую старонку нашай гісторыі. Падлічана, што за шэсць дзесяцігоддзяў музей наведалі амаль 24 мільёны чалавек. Клопатамі найперш работнікаў музея зараз вядомыя імёны больш чым 1000 удзельнікаў абароны крэпасці.

Менавіта пра іх, салдат і афіцэраў гарнізона, шмат гаварылася на канферэнцыі «Духоўная і гістарычная спадчына Брэсцкай крэпасці», якая адкрыла шэраг святочных мерапрыемстваў. У навукова-практычным форуме прынялі ўдзел навукоўцы і музейныя работнікі нашай краіны і блізкага замежжа. На ўрачысты вечар з нагоды двух юбілеяў запрошаны нашчадкі абаронцаў крэпасці і тых людзей, якія мелі дачыненне да стварэння мемарыяла.

Падрыхтаваны цікавы сумесны праект мемарыяльнага комплексу і абласнога краязнаўчага музея пад назвай «Крэпасць. Гісторыя. Рарытэты». Тэматычная выстава з фондаў
краязнаўчага музея размесціцца ў суседстве з экспазіцыяй «Музей вайны — тэрыторыя міру» ў выставачнай зале паўднёва-ўсходняй казармы. Там абяцаюць паказаць нават дошку і скарбонку з манетамі, якія замуравалі ў фундамент цытадэлі пры закладцы першага каменя ў 1836 годзе. Будуць і іншыя рарытэты накшталт асабістых рэчаў камісара Яфіма Фаміна. Афіцыйнае адкрыццё выставы запланавана на 8 лістапада. У гэты ж дзень усе музеі Брэсцкай крэпасці будуць працаваць для наведвальнікаў бясплатна.

Такім чынам супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу робяць унёсак у справу папулярызацыі подзвігу людзей, якія наблізілі Перамогу. У віншаванні, якое Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь накіраваў калектыву мемарыяльнага комплексу з нагоды юбілеяў, падкрэслена вялікая і пачэсная работа, што праводзіцца тут па патрыятычным выхаванні моладзі, фарміраванні яе светапогляду і маральных якасцяў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каб помнілі нашчадкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?