Вы тут

Галоўнай падзеяй сёлетняга «TEART» стаў паказ спектакля «Кінг сайз»


Калі я раніцой у гуморы, то, выходзячы з пад'езда, люблю ўявіць, што здымаюся ў кіно. Акурат цяпер здымаюць сцэну: я выходжу на вуліцу пад пэўны саўндтрэк. Шпацыр з пятага паверха дазваляе паразважаць, пад які менавіта. Калі я адчыняю дзверы, ён гучыць у маёй галаве сваім лепшым фрагментам. І я ніколі не думала, што змагу пабачыць спектакль пра музыку ў маёй галаве ды крохкае адчуванне свету ў гэты момант...


Бадай што самай галоўнай падзеяй сёлетняга Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «TEART» для знаўцаў стаў паказ у Мінску спектакля вядомага еўрапейскага рэжысёра Крыстафа Марталера «Кінг сайз» (Тэатр Відзі-Лазан, Швейцарыя). За некалькі дзесяцігоддзяў работы Марталер займеў у тэатральным свеце рэпутацыю вясёлага правакатара і вынаходніка ўнікальнай тэатральнай мовы. Спектакль, паказаны ў межах Форуму (дарэчы, Марталера пабачылі ў Мінску ўпершыню), пацвердзіў яе напалову. Дзеянне, што разгортвалася ў блакітным гасцінічным нумары, наўрад ці ставіла за мэту справакаваць гледача, аднак пераконвала: у нас так не пішуць.

Адпраўной кропкай для тэатральнага сачынення Марталера стаў успамін пра старую партугальскую гасцініцу, дзе ён аднойчы апынуўся, і жанчыну, што іграла там на раялі. Аднак рэжысёр рэканструюе, хутчэй, не карціны з мінулага, а настрой, які апаноўвае, калі ён успамінае гэтыя карціны.

Тое, што адбываецца на сцэне, складана апісаць. У інтэр'ерах нумара, значную частку якога займае вялікі ложак (ложак «кінг сайз» — адсюль і назва спектакля), існуюць чатыры чалавекі: мужчына і жанчына сярэдняга ўзросту, жанчына сталага ўзросту і мужчына-тапёр. Пара цягам гадзіны (у сцэнічным часе: з ранку да вечара) выконвае розныя песні — ад народных да сучасных хітоў. Артысты спяваюць у самых нечаканых мізансцэнах: лежачы на ложку; лежачы пад ложкам і намагаючыся заесці спеў садавіной; хаваючыся ў шафе. Пажылая жанчына прагульваецца па нумары з сумкай, адкуль з'яўляюцца адны нечаканыя рэчы (напрыклад, капусны ліст, што потым з'есць спявачка) і куды знікаюць іншыя нечаканыя рэчы (напрыклад, тэлефонны апарат з нумара). Час ад часу яна прамаўляе невялікія празаічныя фрагменты тэксту накшталт: «Я такая шчаслівая, што душа мая навыварат». Тапёр стварае музычны каркас дзеяння і час ад часу ўключаецца ў яго драматычны складнік.

«Кінг сайз», безумоўна, нечым падобны на вадэвіль ці аперэту — музыка, іранічныя куплеты, камедыйныя эпізоды. Аднак умоўная лінія сюжэта, уздоўж якой прасціраецца ўспамін-фантазія, тут зусім не вадэвільная. Марталер іранізуе з ладу жыцця сучаснага чалавека, яго дзіўнай рытуальнасці, інфармацыйнага шуму (які пераўвасабляе ў шум музычны). А галоўнае: разважае над тым, якія ж мы ўсе адзінокія — побач, але не разам.

Чалавек з'яўляецца ў гэтым вялікім свеце памеру «кінг сайз» адзінокім, усведамляючы часовасць свайго быцця — нібы ў нумары гатэля. Умовы існавання зададзеныя Марталерам для акцёраў, пераконваюць, што нічога нас не здолее выратаваць. Тут усе існуюць паасобку, нават пара — мужчына і жанчына. Тое, што яны паасобку, адчуваецца і ў манеры выканання песень быццам дуэтам, і ў тым, як пабудаваны мізансцэны спектакля, як не зважаючы адзін на аднаго героі жывуць сваё жыццё.

...Але вось раптам пажылая жанчына валіцца ў ложак, які ўжо заняў дуэт. Яна ўладкоўваецца акурат паміж імі. Нечакана мужчына ў сне абдымае старую. Ды сполах надзеі на шанц быць заўважаным імгненна згасае. Сцэна пабудавана так, што ўзнікненне пачуццяў паміж гэтымі героямі падаецца гледачам з'явай, якая ніколі не можа адбыцца.

«Кінг сайз» — гэта музычны тэатр абсурду. Чаму пажылая жанчына пачынае есці спагеці, дастаючы іх з уласнай сумкі часалкай для спіны, нібы велізарным відэльцам? Чаму героі спяваюць з шафы, быццам з музычнай шкатулкі, і заціхаюць, як толькі зачыняюцца дзверы? Абсурд Марталера блізкі да эстэтыкі анімацыйнага фільма, дзе па волі мастака выявы вынікаюць адна з адной невытлумачальна, але неверагодна прыгожа. Марталер дадае да выяў музыку. І калі можна было б паглядзець на дзеянне праз нейкі фільтр, накшталт тых, што ператвараюць фота на тэлефоне ў малюнак, гледачоў увогуле нічога не здзівіла б. Прыўкрасны і крыху сумны мультфільм для дарослых!

У фінале Марталер пакідае нас у вясёлым настроі і разгубленасці перад законамі свету. Уяўляеце, мы пражываем жыццё, якое можна праспяваць крыху больш, чым за гадзіну? І ў той жа час існуем у свеце «каралеўскага памеру», дзе кожны можа аказацца побач з табой, але не разам.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Ігара Чышчэні.

Загаловак у газеце: Наўкол, магчыма, нехта ёсць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».