Вы тут

Маміны песні


Дзяцінства ў мяне было цяжкае. Па волі лёсу мама засталася інвалідам. І як кажуць у народзе: «Муж жонку любіць здаровую, а брат сястру багатую». Гэта і сапраўды так, бо бацька мой, калі мне было тры гады, пайшоў ад нас, стварыў другую сям'ю. Мы засталіся, як кажуць, — старое (мая бабуля), малое і хворае.


Мая мама была рукадзельніца. Яна не магла ўстаць з ложка, але рукамі рабіла ўсё для людзей: выцінанкі ды кветкі з паперы (тады гэтым упрыгожвалі іконы, вокны), вязала розныя рэчы, цудоўна вышывала. Ёй неслі работу з усёй акругі. Гэтым і зарабляла на жыццё. Бабуля чытаць зусім не ўмела, а мама чытала па-руску, па-стараславянску і па-польску. Яна скончыла адзін клас польскай школы. А стараславянскай і рускай мове яе навучыў мой дзед Мікіта.

Мама мяне таксама вучыла ўсяму, што ведала. У час вайны я ўжо добра ўмела чытаць, пісаць, рашаць задачы, магла расказаць па памяці шмат вершаў. У нас дома быў сапраўдны культ кнігі. Першая мая кніга — «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра. Яе дала бабуліна родзічка са Скідзеля, Вольга Васілеўна, яна працавала настаўніцай пачатковых класаў. Гэтую кнігу па вечарах мы чыталі ўсёй сям'ёй. Слова «рабінзоны» нікому не было вядомае, таму кнігу «ахрысцілі» «Мірон».

Пры адступленні немцаў бабуля вынесла маму ў авёс, каб яна не згарэла ў хаце. У гэтай схованцы мы праляжалі аж да вечара. Бабуля некалькі разоў поўзала ў прамым сэнсе на жываце дамоў, каб нешта вынесці, і калі вярнулася да нас, мама запыталася:

— А «Мірон» дзе?

— У мяне за пазухай, — адказала бабуля.

То ж трэба, у такую хвіліну думала пра кніжку!

Пасля вайны ў 1944 годзе ўжо арганізавалася школа, і настаўнік экзаменаваў і вызначаў, каму ў які клас ісці. Бабуля сказала, каб мяне запісалі ў трэці. Але я зусім не ведала граматыкі, а таксама не ўмела дзяліць і множыць лікі, таму мяне запісалі ў другі клас. Што ўмела мама, тое і я.

Школа месцілася ў прыватным доме, у «чыстай палавіне», а гаспадары жылі ў кухні. На сцяну павесілі класную дошку, у левым яе куце настаўнік акуратна напісаў крэйдай табліцу множання. Яна заўсёды была перад вачыма вучняў, а падчас кантролю завешвалася фіраначкай. Пачатковую школу наведвалі амаль усе вясковыя дзеці, а вось у пяты клас пайшла прыкладна палова вучняў (бо трэба было хадзіць у суседнюю вёску за 5 кіламетраў), астатнія пакідалі вучобу, а сямігодку скончылі і таго менш. 10-ты ж клас — наогул толькі чацвёра, у тым ліку і я. Вяскоўцы не вельмі імкнуліся, каб іх сыны ды дочкі вучыліся, казалі, што з навукі хлеб есці не будзеш, бо сялянскія дзеці не «выб'юцца ў людзі». Вядома, так лічылі не ўсе.

Я вучылася добра, мела добрую памяць. Падручнікаў і сшыткаў не хапала, але ж затое была бібліятэка. О, які гэта быў скарб! Я прыносіла кнігі, а мама іх чытала паміж вязаннем. Я вару ежу, а яна расказвае, аб чым прачытала.

Калі я перайшла ў сёмы клас, памерла бабуля. І я засталася за гаспадара ў хаце. Так мы і жылі, на мае плечы лёг клопат даглядаць маму, варыць ежу, наогул усё рабіць. Дапамагаў Шура, стрыечны мамін брат. Мама працавала дзень і ноч — вязала людзям. Кароўку мы ўжо не трымалі, былі толькі курачкі.

Гора нам было з аднавяскоўцамі. Яны казалі маме, каб яна не пускала мяне ў школу, маўляў, хай я буду дома і даглядаю яе. Маме і адказваць не было чаго, бо іх дзеці пры здаровых бацьках кінулі вучобу. Яна плакала, але ні разу не сказала мне пакідаць школу, бо вельмі хацела, каб я вучылася.

...Мама, можна лічыць, не мела адукацыі, а выхоўвала правільна. Яна заўсёды правярала мой дзённік і не толькі адзнакі, а і глядзела, каб запісаны былі ўсе заданні на заўтрашні дзень. Распытвала, аб чым я даведалася ў школе. А аднойчы быў цікавы выпадак. На ўроку батанікі нам расказалі, што кветкі бываюць мужчынскія і жаночыя, што яны апыляюцца. Ну, думаю, мама гэтага ніяк не можа ведаць. І калі я пра гэта ёй расказала, то яна мне цэлую навуку выклала: што расліны бываюць двухдомныя і аднадомныя, што каноплі — адна расліна — мужчына, а другая — жанчына. Я здзівілася, адкуль яна ўсё ведае.

Сярэднюю школу я скончыла без троек. Дырэктар школы Канстанцін Канстанцінавіч Махавікоў быў вельмі добрым і справядлівым чалавекам. На выпускным вечары ён запрашаў нас па адным і гутарыў, куды хто будзе паступаць. Я яму сказала, што хачу быць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

У нас быў цудоўны настаўнік Давыд Цімафеевіч Бірулёў, ён прывіў мне любоў да літаратуры. Вершы, абсалютна ўсе, чытаў па памяці, а на ўроках мовы выкарыстоўваў табліцы — парадыгмы, якія, відаць, сам прыдумваў. Мы ішлі не ад правіла да прыкладу, а, наадварот, мелі прыклад, ды яшчэ вершаваны, і па ім фармулявалі правіла.

Дырэктар ухваліў мае намеры і параіў ісці ў райкам камсамола, каб накіравалі працаваць піянерважатай, а паступаць параіў завочна, ён ведаў маю дамашнюю абстаноўку.

Так я і зрабіла. Паступіла на завочнае аддзяленне ў ВНУ і ўладкавалася на працу важатай. Выбрала, дзе бліжэй дамоў, усяго тры кіламетры — Бубнаўскую сямігодку.

І вось атрымала я першую заработную плату. Як сёння помню: купіла хлеба, селядцоў і цукру. Мама з радасці аж заплакала і сказала: «Ну, цяпер то я ўжо памру, бо калі чалавеку становіцца добра жыць, то ён памірае». Ёй добра жыць? Так, і сапраўды добра, бо яе мара збылася. У яе было толькі адно жаданне, каб я вучылася.

У маёй мамы быў цудоўны голас. Яна ў дзявоцтве спявала ў царкве на клірасе, ведала безліч песняў. Цяпер думаю, чаму я ў яе амаль нічога не распытала пра жыццё, які багаты матэрыял мела б. Тады было мне гэта не цікава, а потым — не вернеш, а памерла мама рана, у 42 гады, было хворае сэрца, ды і як яно магло быць здаровым у такім горы. Яна часта спявала песню, слоў якой я да сённяшняга дня так і не знайшла (астатнія песні пазнаходзіла, перапісала ў сшытак, які назвала «Песні мамы», пазнаёміла з імі сваіх дзяцей). Толькі і помню некалькі слупкоў:

Нарадзіла мяне маці

Раненька ў нядзелю,

Дала яна ліху долю,

Дзе яе я падзену.

Ой, пайдзі ты, ліха доля,

На луг папасіся,

Хоць на гадок, хоць на другі

Ад мяне адвяжыся

Я думала, ліха доля

На лузе пасецца,

Калі выйду, аглянуся,

А ж за мной валачэцца.

Яна яе часта спявала, калі была адна. Я падыходзіла да дзвярэй і бачыла, што мама плача. Потым памаленьку адчыняла дзверы: яна адразу сціхала і выцірала вочы. Я думала, як гэта можна спяваць і плакаць: песня для мяне, гэта песня, а як плачаш — гэта другое. Толькі потым, калі мамы не стала, зразумела, як гэта можна...

Яўгенія КУЛЕВІЧ,

в. Сялец, Смаргонскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».