Вы тут

Як прывучыць дзяцей прыбіраць за сабой цацкі


У нашай сям'і (як, думаю, у кожнай, дзе ёсць маленькія дзеці) была праблема «раскіданых цацак». Малыя гулялі са сваімі машынкамі, канструктарамі, галаваломкамі, кубікамі і перад сном пакідалі ўсё гэта на падлозе... І, як вы думаеце, хто за імі прыбіраў? Прывільна — мама.

Вядома, прасцей і хутчэй самой навесці парадак у дзіцячым пакоі. Я раней таксама так думала. Пакуль не зразумела: сёння гэта цацкі на падлозе, а заўтра — камусьці дастанецца неахайная жонка ці муж. Таму настойліва заклікаю ўсіх бацькоў знайсці паўгадзінкі вольнага часу, выдыхнуць і адчуць важнасць моманту. Найлепшы спосаб прывучыць дзяцей прыбіраць за сабой — захапіць іх гэтай, на першы погляд, сумнай справай. Вось некалькі прыкладаў сумесных гульняў, якія дапамаглі мне ў свой час.


Гульня 1. Следчыя

Скажыце дзіцяці, што яго любімы плюшавы мішка страціў сярод цацак бірульку і вельмі засмуціўся. «Давай яму дапаможам», — прапануйце малечы і пасля гэтых слоў самі пачніце падымаць цацкі і складаць іх у скрыню. Гледзячы на вас, дзіця таксама пачне шукаць бірульку. Непрыкметна падкладзіце «страту» пад апошнюю цацку. Малеча знойдзе яе і будзе радавацца. Няхай мішка падзякуе за знаходку.

Гульня 2. Запасы на зіму

«Давай уявім, што мы з табой у лесе. Ты — вавёрачка, а я — зайка. Нам трэба будзе рыхтавацца да зімы. Вавёрачка будзе збіраць арэшкі (кубікі), а зайка — смачную капусту (машынкі). У каго камора (кошык, скрыня) напоўніцца хутчэй, той і выйграў». Пры гэтым можна ўключыць вясёлую песеньку, якая падыме настрой вашаму жэўжыку і заадно разаўе музычны слых.

Гульня 3. Цур, я ў доміку

Для кожнага віду цацак можна прыдумаць сваю скрынку — домік. Назва залежыць ад вашай фантазіі — «Домік для мяккіх цацак», «Домік для кубікаў»... Можна аформіць іх разам з дзецьмі, выкарыстоўваючы выразаныя карцінкі з часопісаў ці проста каляровую паперу. Дзіця, якое зрабіла сваімі рукамі домік для цацак, будзе выкарыстоўваць яго па прызначэнні і пад вечар з задавальненнем прыбіраць туды сваіх цацачных сяброў.

Гульня 4. Будаўнікі і паштальёны

Прапануйце сыну пагуляць у будоўлю, каб ён быў у ролі пад'ёмнага крана, які дастаўляе ўсе цацкі ў патрэбныя месцы. А дачушка няхай часова пабудзе работніцай пошты, якая пакуе пасылкі. Вы нават не ўяўляеце, як дзяцей весяліць такая гульня!

Гульня 5. Хто хутчэй?

Уладкуйце «Алімпійскія гульні»: падзяліце пакой на дзве часткі і прыбірайце кожны сваю палову на хуткасць. Выйграе той, хто хутчэй прыбярэ сваю частку пакоя.

Гульня 6. Нам не страшны шэры воўк

Прапануйце дзіцяці раскласці ўсе цацкі па іх характарыстыках. Маленькія асобна ад вялікіх, мяккія — на адну паліцу, лялькі (салдацікі, робаты) — на іншую, кубікі — у адну скрынку, канструктар «Лега» — у іншую. Пацікаўцеся ў малечы: «Ці ёсць у цябе цацкі круглай (квадратнай, чырвонага колеру і г.д.) формы?» Ён іх адразу вам пакажа, а далей справа вашай фантазіі. Напрыклад: «Так, гэта чырвоная машынка. А дзе яе гараж?» (Дзе домік лялькі? Дзе жывуць мячыкі?) Калі ж дзіця толькі адказвае «Там!» і не спяшаецца саджаць ляльку на яе законнае месца, то можна ператварыць і гэта дзеянне ў гульню. Раскажыце, як лялька Маша вярталася «дадому» на паліцу, якія прыгоды з ёй адбыліся ў дарозе. Магчыма, ёй сустрэліся шэры воўк, Бармалей або Кашчэй Бессмяротны? Падкажыце дзіцяці, што ляльцы неабходна яго дапамога і суправаджэнне да «дома». І наступны раз яно само не захоча пакідаць любімага слоніка або ляльку сам-насам з сур'ёзнымі небяспекамі!

Гульня 7. Загадкі-збіралкі

Апішыце малому прадмет, які ён павінен знайсці: «Гэта чырвонае і круглае». Здагадаўся? Вядома, мяч. Давай яго хутчэй пакладзем у кошык. А цяпер трэба знайсці тое, чым можна пісаць і маляваць. Правільна, гэта ручкі і алоўкі. Іх паставім у спецыяльную шкляначку на стале.

Гульня 8. Госці для лялькі

У любімай лялькі Машы сёння свята? Выдатна, будзем сустракаць гасцей. А як жа запрасіць кагосьці ў дом, калі ў ім такі вэрхал. Хутчэй давай навядзем парадак у пакоі. Пасля таго як дзіця збярэ цацкі, зрабіце невялікае чаяванне з лялькамі.

Малечы імгненна ўключаюцца ў прапанаваныя бацькамі «конкурсы», нават няма неабходнасці абяцаць ім прызы. Шчыры ўдзел мамы ды адсутнасць у таты незадаволенага погляду, адцягненага ад «мега-важных» спраў, — лепшая ўзнагарода для дзіцяці! Калі вы ўсё ж такі хочаце паабяцаць які-небудзь заахвочвальны прыз — лепш, калі гэта будзе штосьці не матэрыяльнае. Напрыклад, прагляд мультфільма, сумесная прагулка, чытанне любімай казкі.

Калі вы вырашылі прывучаць малога да ўборкі, то гуляйце разам штодзень, праяўляйце фантазію і прыдумвайце новыя гульні. Пры гэтым не забывайцеся кожны раз хваліць дзіця: «Як добра ты ўсё прыбраў!» Пахвала — самая моцная матывацыя.

Ідэямі дзялілася мама са стажам Аляксандра ЗДОР

А як вы прывучылі сваіх дзяцей прыбіраць за сабой? Лістуйце!

Загаловак у газеце: Выхаванне гульнёй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».