Вы тут

Мінчанка выпускае аднолькавае адзенне для бацькоў і іх дзетак


Калі дзве дзяўчыны прыйшлі на мерапрыемства ў аднолькавых сукенках — гэта катастрофа. Іншая справа, калі падобна адзеліся мама з дачкой. Стыль famіly look вельмі папулярны за мяжой. Мінчанка Таццяна ШАПАВАЛАВА вырашыла, што беларусам таксама варта пераняць гэту модную тэндэнцыю, і пачала ствараць яркія камплекты ў адным стылі для бацькоў і іх дзетак. «Курыца Памада» — так небанальна маладая мама назвала сваю лінію адзення з вясёлымі прынтамі. Таццяна расказала нам, як, не маючы адукацыі дызайнера, запусціць сваю калекцыю, чаму сучасныя мамы не ходзяць у халатах і як выхаваць у дзіцяці пачуццё густу.


Та­кія світ­шо­ты з вя­сё­лы­мі прын­та­мі  па­ча­ла вы­пус­каць ма­ла­дая ма­ма.

Захапляцца стылем famіlу look Таццяна пачала яшчэ да нараджэння дачкі. Разам з мужам яны прыдумалі свой лагатып, зрабілі фірмовыя майкі. Падчас падарожжаў куплялі сабе аднолькавыя футболкі ў розных краінах — ужо назбіралася калекцыя.

Калі дзяўчына пайшла ў дэкрэтны водпуск, ёй не захацелася сядзець склаўшы рукі.

— У сучасных мам столькі часу вызваляецца праз тое, што ёсць усе выгоды: пральная машына, пыласос, — лічыць Таццяна. — Якраз тады мая сяброўка, якая жыве ў Кітаі, расказвала, што там сем'і любяць адзявацца падобна ці ў адным стылі. Ажно цэлыя камплекты прадаюцца для бабуль, дзядуляў, бацькоў і дзяцей. Я стала для сябе заказваць такія рэчы. У Мінску гэтага зусім не было. Толькі індывідуальны пашыў. Яшчэ, праўда, у атэлье Вольгі Барабаншчыкавай прадавалі сукенкі ў стылі famіly look, але гэта дарагія ўборы на выхад.

Тады Таццяна вырашыла стварыць сваю міні-калекцыю. У паўсядзённым стылі: сутыкнуўшыся з мацярынскім жыццём, зразумела, што зручнае адзенне на кожны дзень — найлепшы варыянт для жанчын з маленькімі дзецьмі. Матэрыялам выбрала футар (від баваўнянай тканіны). Ён бывае розным па саставе: і тонкі, і цёплы. Плюс карысны для цела і прыемны навобмацак.

Асноўнай фішкай сталі прынты. Іх Таццяна распрацоўвае сама: яшчэ ва ўніверсітэце яна закончыла курсы паліграфічнага дызайну, а ў дэкрэце засвоіла на прафесійным узроўні маляванне на камп'ютары. Адшываецца адзенне — пакуль гэта толькі світшоты (байкі) — на фабрыцы. Дзяўчына, якая да нараджэння дачкі працавала кіраўніком аддзела маркетынгу сеткі піўных рэстаранаў, прызнаецца, што ў канструяванні нічога не разумее, таму робіць толькі эскізы будучых рэчаў, а ўжо лякалы па іх рыхтуюць спецыялісты. Праўда, перад тым як паспрабаваць сябе ў якасці дызайнера, Таццяна праходзіла са стылістам майстар-клас, каб ведаць асноўныя правілы падбора адзення.

Тэмай малюнкаў першай калекцыі сталі героі дыснэеўскіх мультфільмаў, другой — лабірынты. Прынты на байках розныя, але дапаўняюць адну гісторыю. Як міні-гульня: мама можа адцягнуць увагу дзіцяці з дапамогай гэтых малюнкаў, супакоіць яго.

— Цяпер вельмі модна адзяваць дзіця па-даросламу. Нават славутасці так робяць. А мне гэта не падабаецца, — усміхаецца маладая мама, калі тлумачыць, чаму выбірае вясёлыя прынты. — Калі б я была дзіцем, я не хацела б, каб мяне так адзявалі. Бо вырасці мы заўсёды паспеем і панасіць такія рэчы — чорна-белыя, карычневыя — таксама. Таму спяшацца рабіць з маленькіх дзяўчынак жанчын не трэба. А наконт яркіх світшотаў для мам — здорава, калі дзіця бачыць, што побач з ім такія ж вясёлыя бацькі.

Тац­ця­на Ша­па­ва­ла­ва і яе двух­га­до­вая дач­ка Тая  лю­бяць адзя­вац­ца ад­ноль­ка­ва.

Пакуль марка «Курыца Памада» — штучная вытворчасць. Кожнай мадэлі адшываюць максімум 20 адзінак. Але яны разыходзяцца даволі хутка. Цяпер у праекта вялікая суполка ў «Інстаграме» — больш за 7 тысяч падпісчыкаў. Акрамя світшотаў, Таццяна плануе выпускаць у будучым сукенкі, байкі з капюшонамі.

— Пакуль я не пайшла ў дэкрэт, думала, што мамы — гэта жанчыны з тлустымі валасамі, у брудным халаце, якія нічога не паспяваюць. Але ў сучасных мам хапае вольнага часу, каб сачыць за сабой. Заўважыла, што яны такія красуні: усе падцягнутыя, стыльныя, — дзеліцца сваімі назіраннямі дзяўчына. — Цяпер жа ёсць магчымасць падбіраць сабе адзенне ў інтэрнэт-крамах і заказваць дастаўку на дом. У сэканд-хэндах можна «адкапаць» класныя рэчы. Жанчыны ў дэкрэтным, па-мойму, круцей выглядаюць, чым калі яны сядзелі ў офісе з ранку да вечара. З'яўляецца шмат натхнення.

Сама Таццяна за модай не сочыць. Але, кажа, напэўна, у яе ёсць чуццё: спадабаецца нешта, а праз некалькі месяцаў гэта ўжо становіцца папулярным.

Пытаемся: ці ёсць нейкія правілы пры састаўленні вобразаў у стылі famіlу look? «Мне здаецца, класна, калі гэта не інкубатар (усе ў клетку, напрыклад), а падобная каляровая гама ці стыль адзення. У таты матылёк з такой жа тканіны, як сукенка ў дачкі, ці ва ўсіх шапкі аднолькавыя», — раіць маладая мама.

Кажуць, пачуццё густу ў дзяцей трэба выхоўваць з маленства. У Таццяны на гэты конт ёсць сваё меркаванне.

— Паняцце стылю, моды вельмі невыразнае, — разважае яна. — Бачыш нейкага суперславутага стыліста і думаеш: «Я так ніколі не адзелася б!», але ён лічыцца прафесіяналам. Мне здаецца, моду ствараюць свабодныя і смелыя людзі, і я хацела б, каб мая дачка расла такой. Часта проста адчыняю шафу і прапаную ёй самой выбраць рэчы. Гэта часам, вядома, даходзіць да абсурду: Тая можа надзець сукенку ў гарошак, пад яе джынсы і дапоўніць камплект абручом з банцікам. Ці прыбрацца ў Мікі Маўса. Але гэта яе бачанне моды.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Уся сям'я — у адным стылі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.