Вы тут

Над Нёманам Элізы Ажэшкі


Нехта мо думае, што ў доўгія летнія падарожжы з начлегам на беразе рэчкі нас клічуць элегантныя істоты пад назвай камары. Хто ведае... Нехта мяркуе, што экскурсіі па мясцінах падарожжаў замаўляюцца намі дзеля мурашак, якія апантана паўзуць па скуры, варта толькі пачуць чарговы гістарычны аповед. Гэта праўда. Але ніхто не здагадваецца, што ў нашых падарожжах бываюць задзейнічаны яшчэ і не такія насякомыя. У тую летнюю вандроўку, якая асабліва ўспамінаецца цяпер, пад ціхі-ціхі, далікатна-празрысты палёт самых першых сняжынак, паклікалі нас матылькі.


Так вы­гля­даў дом у Мі­не­ві­чах, у якім Элі­за Ажэш­ка ад­па­чы­ва­ла і пра­ца­ва­ла лет­ні­мі ме­ся­ца­мі 1880-х. Яе акно вы­хо­дзі­ла на Нё­ман.

Нехта больш разумны скажа, што ніякія гэта не матылькі, а шчацінахвосткі — іншая, яшчэ продкавая форма крылатых насякомых, вядомая ажно з Дэвону. Звычайныя падзёнкі, мятлушкі-аднадзёнкі, чый масавы ўзлёт з воднай гладзі нагадвае белым марывам зіму пасярэдзіне лета. У тое падарожжа над Нёманам нас паклікалі менавіта яны.

Начытаўшыся публіцыстыкі Элізы Ажэшкі (пісьменніца, бавячы лета ў вёсках над Нёманам, пісала не толькі аповесці), я падумала: што калі...

Што калі праехацца яе вёскамі і пашукаць тых, каго яна апісвала ў артыкулах-рэпартажах... Ясная справа, у галовах людзей пашукаць, у іх памяці. Ну, або на могілкі завітаць... І заадно ўбачыць масавы вылёт падзёнак — з'яву, якая «мноствам снежных кропак віецца ў ружовым дымку» ў час, калі «незлічоныя зоркі і прамяністая мгла, што авейвае Млечны Шлях, на неба ўжо выступілі». Сказана — зроблена! Выпраўляемся на Мастоўшчыну.

Завітваем найперш (па дарозе ж) на магілы сястры і бацькі нашай слаўнай пані Элізы, якая, між іншым, двойчы канкурыравала за Нобелеўскую прэмію — то з Генрыкам Сянкевічам, то з Сельмай Лагерлёф, і хоць абодва разы «прайграла», але хіба гэта не тое самае, што адзін раз перамагчы? Ну амаль жа...

Лі­та­раль­на над Нё­ма­нам. Фо­та Ула­дзі­мі­ра Цвір­к.

Пра магілы пытаемся ў крайнім доміку вёскі Залесна. «Праедзеце нізкія елкі — зірніце направа: Паўлоўскія ўсе пахаваныя там», — з веданнем справы адказвае жвавая бабка, хоць паспела я толькі прамовіць: «Скажыце, калі ласка, дзе магілы...» Што ні кажы, а вясковы люд свае мясцінкі ведае, гэта не тое, што пра сядзібу, скажам, Ежы Кабылінскага выпытваць у сталічнага жыхара. Пра магілы Паўлоўскіх пытаць давялося, бо Арчы... О, гэты Арчы. Ён зноў заблукаў. Гэтым разам са спадарожнікамі не сварыўся, дык на табе: дасведчаныя крыніцы апынуліся не такімі дасведчанымі — каардынаты далі неўпапад.

Магілы бацькі Элізы Ажэшкі Бенедыкта Паўлоўскага (памёр, калі ёй было два гадкі) і старэйшай сястрычкі (памерла яшчэ падлеткам) трэба было мне бачыць, каб запэўніць нябёсы ў светлай здагадцы: часам, памёршы, можна толькі ўзмацніць прысутнасць сваю на зямлі. Калі б гэтыя двое жылі сабе і жылі, хто ведае, ці мелі б мы ў сваёй культурнай спадчыне Элізу Ажэшку? Не толькі ж «молат і кавадла» паўстання 1863-га зрабілі з яе пісьменніцу. Душэўны і духоўны перавароты адбыліся ў ёй значна раней — з пахавальнымі звонамі, відавочна. І вось цяпер заўзятая вандроўніца, аматарка твораў Ажэшкі, можа пакланіцца тым, да каго яе ўлюбёнка ішла ўсё жыццё. Ішла так, каб быць вартай сустрэцца з імі — вальтэр'янінам і адзінай сяброўкай дзяцінства.

Рамантыкам

З вёскі Паніжаны Эліза Ажэшка «выпісала» сабе для аповесці «Хам» галоўнага героя, Паўла Кабыцкага, і сына яго жонкі Франкі, Хтавіяна. Юбілейны нумар часопіса «Свет» за 1891 год, паказваючы прататыпаў твора, змясціў фотаздымак з подпісам: «Мужыцкая сям'я рыбака Казлоўскага з вёскі наднёманскай Паніжаны. Стары мужык з сеткай — герой аповесці Элізы Ажэшкі «Хам». Кабета ў чапцы — Улляна з той жа аповесці. Хлопец злева — Хтавіян, прыёмны сын Хама, дзіця яго жонкі Франкі». А пані Эліза ніколі і не хавала, што ўсе яе героі рэальна існуюць, хоць і маюць іншыя імёны.

Што далей? Далей літаральна над Нёманам, паводле аднайменнага твора: наш шэры човен сунецца ўздоўж берага, амаль што над ім навісаючы. Трошкі экстрыму па разбітай дажджом дарозе (называецца, выбралі дзень) — і мы ўжо ў вёсцы Міневічы, дзе некалі стаяў драўляны, на пяць пакояў, дом, што належаў панам Каменскім, якія здавалі яго на лета і цёплую частку восені пані Элізе з усёй яе «не сям'ёй». «Паколькі сям'і не маю, — пісала яна сябру, — то здалёк тая немалая колькасць асоб выглядаць можа дзіўна». Жыла яна тут з «нібыта сям'ёй», складзенай з «нібыта чужых», але «па сутнасці найдаражэйшых».

Што можам бачыць мы ў Міневічах, якія таго дома ўжо не маюць? Увогуле, ёсць тут славутасць, да якой імкнецца кожны турыст: магіла паўстанцаў 1863 года, апісаная ў рамане «Над Нёманам» з такім імпэтам, што чытач няхай там пра яе і чытае. Мы ж выпраўляліся шукаць людзей і спадзяваліся ўбачыць падзёнак. Апошняе магчыма толькі ноччу, ды дождж лье такі, што наўрад ці магчыма ўвогуле. Але чытач няхай верыць, што ўсё будзе добра. Пакуль жа пераступаем парог выпадковай хаты, каб даведацца, скажам, пра ведзьму Слабошыху. Апісваецца яна ў наднёманскіх артыкулах Элізы Ажэшкі як самая сапраўдная прадстаўніца «чартоўскага племені», «досыць злосная». Але ж гаспадыньку выпадкова выбранай хаты мы не палохаем, проста пытаемся пра жанчыну па прозвішчы Слабош, якая жыла тут даўно-даўно, а чым займалася — хіба, маўляў, важна? Адказ — агаломшвае трапнасцю! «Слабошыхі я, дзіцяткі, не ведаю, але да вайны тут жыў дзядзька Слабош, то пра яго ўсе казалі, што чытае ён... чорную магію».

Наступны ў плане пункт — Багатырэвічы таго ж Мастоўскага раёна, у час Элізы Ажэшкі — Гродзенскага павета Лунненскай воласці. Ёсць і тут славутасць, да якой імкнецца кожны турыст: магіла Яна і Цэцыліі, паводле легенды — першых людзей на гэтай зямлі. Легенда расказваецца тут ледзь не кожным. Мы ж зноў шукаем рэальнае — сляды герояў артыкулаў. Напрыклад, шляхціча Стралкоўскага, што меў сад, у які пані Эліза з таварышкамі хадзілі па агрэст і парэчкі. Гэты шляхціч меў дзіўную звычку на любое пытанне адказваць пытаннем: «Я ведаю?» «Калі яго ў самы поўдзень спытаць пра тое, дзень цяпер ці ноч, інакш не адкажа», — іранізавала пісьменніца. І ведаеш што? Знайшлі мы таго гумарыста Стралкоўскага! Лядоўня, якая і па сёння ў Багатырэвічах існуе (з паўкруглым скляпеннем, каменная), належала «пану, які меў велькі сад». А даведаліся мы пра гэта ад гаспадынькі зноў выпадкова выбранай хаты. Прозвішча гаспадынькі ведаеш, чытач, якім аказалася? Стралкоўская (праўда, па мужы). Містыкус звычаікус, так бы мовіць.

Паслядоўнікам

Праехаўшы ўздоўж Нёмана далей — даехаўшы да вёскі Паніжаны, вы можаце ўбачыць цэркаўку, якая пачынала будавацца тады, калі адпачывала тут Эліза Ажэшка. Перад уваходам у яе, абрамляючыся прыступкамі, ляжыць вялікі часаны камень. «Бацюшка наказваў не закрываць яго, таму што гэта ж рукамі людзі выцясалі. Хіба цяпер так можна выцясаць?» — кажа стараста царквы і вёскі Любоў Якімовіч. У гэтай царкве ўсё так, як было ў цэрквах пазамінулага часу. У тым сэнсе, што гэта сапраўдны партал у мінулае. Раю наведаць.

Недзе тут жа стаяў невялікі дамок, жыў у ім «пан Адам». «...і яна ўсё да яго хадзіла. А ён заўсягда замыкаўся, дык яна пастукае ў дзверы: «Пане Адаме, прошэ адэмкнуць». Ён тады: «А-а-а, это Элі-і-іза! Ты як прыедзеш, дык і з-пад пазногця выкалупнеш!» А яна пісала тут кнігу, то ўсё выспрашвала пра даўнія часы, каб яе напісаць. І ён, Адам той, усё ёй расказваў. І прыгаворваў: «Калі ажанюся, дык толькі з Элізай Ажэшкай».

Гэта ўжо іншая гаспадынька расказвае, Тэрэса Багатырэвіч. Такія вандроўкі мо больш цікавыя, чым «экскурсійныя». Тут і экскурсаводы больш апантаныя, і ўражанні больш жывыя.

А падзёнак мы, чытач, даруй за марную надзею, не ўбачылі: дождж працягваў лупіць рэчаіснасць. Людзям ад яго было нічога, а падзёнкам надвор'е не лётнае. Але пад раніцу, прачнуўшыся дзеля рыбы (трэба ж нешта здабыць на сняданак), назіралі мы нешта не менш цікавае. Нешта цалкам супрацьлеглае падзёнкам. Рукакрылыя нявызначаных відаў — мо нетапыры, мо кажаны, а мо шыракавушкі ці начніцы — кружлялі, ловячы насякомых, над самай вадой, у павольным паветраным вальсе. Як быццам яшчэ не хапала нам містыкі.

Падарожнічала Святлана ДЗЯНІСАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.