Вы тут

Мікалай Васілеўскі: Брэндам «Беларускае» карыстаюцца нават для падману


З журналістамі «Звязды» гутарыць дырэктар Лідскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Мікалай Васілеўскі.

Прадстаўляем суразмоўцу.

Родам з вёскі Дакудава Лідскага раёна. Цікавасць да прыбораў і наогул тэхнікі была з дзяцінства, і шлях у прафесію пачынаў з вучобы ў Гродзенскім прафесійным вучылішчы, дзе рыхтавалі метролагаў. Размеркаванне атрымаў на Лідскі лакафарбавы завод. Прафесія спадабалася, дазваляла падыходзіць да сваіх абавязкаў творча, і за кароткі тэрмін малады спецыяліст унёс каля трыццаці рацыяналізатарскіх прапаноў. Некаторыя актуальныя і цяпер.

Пасля службы ў арміі скончыў адзіны на той час у Саюзе профільны тэхнікум у Адэсе. Вышэйшую адукацыю па метралогіі атрымаў у Ленінградскім політэхнічным інстытуце ўжо пазней, падчас работы ў Лідскім ЦСМС. Бо з завода маладога спецыяліста запрасілі сюды начальнікам аддзела. Рост па прыступках службовай лесвіцы лагічна завяршыўся прызначэннем на пасаду дырэктара, на якой Мікалай Іванавіч па-ранейшаму дэманструе ўсё той жа творчы падыход.


— Мікалай Іванавіч, сёння мы падрабязна расказваем на старонках газеты пра лідскі завод гарачага цынкавання «Конус». Якія яшчэ прадпрыемствы вашага рэгіёна можна адзначыць за пастаянную работу над якасцю?

— Можна сказаць добрае слова пра сумеснае беларуска-польскае прадпрыемства СТАА «Бел-Пласт Інтэрнэшнл», што выпускае якасную ўпакоўку. Тут пастаянна ўдасканальваюць сваю работу і змяншаюць затраты. Укараняюць самыя навейшыя тэхналогіі, таму прадукцыя становіцца больш якаснай і таннай. Кіраўнік прадпрыемства ўзнагароджаны знакам «Лідар якасці». А прадпрыемства сабрала, лічыце, усе ўзнагароды краін СНД за якасць.

Грыміць па-ранейшаму ААТ «Лідскае піва», нарошчвае абароты. Вядзецца прэвентыўная мадэрнізацыя вытворчасці. ААТ «Лідская мука»: яго мука сапраўды нумар адзін, прадаецца «на раз».

ААТ «Лакафарба» зараз вельмі папулярная за кошт фталевага ангідрыду (гэта сыравіна для вытворчасці лакаў). Зараз тут будуюць другую чаргу адпаведнага цэха, бо прадукцыя нарасхват.

Сумеснае прадпрыемства «Белтэксоптык» выпускае дабротную аптычную тэхніку, больш за 90 працэнтаў яе ідзе на экспарт. У прадпрыемства цудоўны сацыяльны пакет.

Варта нагадаць ААТ «Лідаграпраммаш» (цяпер — філіял завода «Лідсельмаш»). Яго збожжаўборачныя камбайны «Ліда 1300», выпуск якіх у свой час быў наладжаны сумесна з славутай фірмай «Кейс» (а цяпер гэта ўжо «Ліда 1600), а таксама сеялкі і іншая сельскагаспадарчая тэхніка экспартуюцца ў Расію, Казахстан, Польшчу, Італію, Іран. А гэта найлепшае сведчанне якасці.

Альбо возьмем Мінойтаўскі рамонтны завод. Раней наглядаўся некаторы спад, цяпер усё выраўнялася. Прадукцыя ідзе ў Расію, Грузію, ва Украіну. Экспарт набірае абароты, зараз удзельная вага экспартных паставак — 39,9 працэнта.

— Давайце пагаворым пра ўдзел вашага калектыву ва ўсёй гэтай надзвычай важнай рабоце, асабліва ва ўмовах нарошчвання экспарту.

— Урад устанаўлівае пералік прадукцыі, якую павінен праверыць трэці бок, у асноўным на бяспечнасць. Трэці бок — гэта найчасцей мы. Праўда, зараз пералік прадукцыі, які мы павінны сертыфікаваць, зменшыўся, бо адначасова з практыкай сертыфікацыі з'явілася дэклараванне. Гэта калі кіраўнік прадпрыемства дэкларуе належную якасць сваёй прадукцыі ўласным дакументам, грунтуючыся на пратаколах праведзеных акрэдытаванымі органамі Дзяржстандарту выпрабаванняў. І гэтага як бы дастаткова для паспяховага прасоўвання тавару на рынку. А ў лістападзе распачалася практыка электроннага дэкларавання, калі прадпрыемства выконвае гэтую працэдуру на сваю рызыку, абыходзячы органы стандартызацыі. Ступень яго адказнасці ўзрастае.

Тым не менш работы нашым службам хапае. Па-ранейшаму сертыфікуем паслугі. Хоць яны цяпер не падлягаюць абавязковай сертыфікацыі, многія прадпрыемствы бытавога абслугоўвання працягваюць сертыфікаваць свае паслугі добраахвотна, бо такая сусветная практыка.

Вядзецца сертыфікацыя сістэм менеджменту якасці. Сёння мы маем справу з трэцяй версіяй сістэмы менеджменту якасці, якая грунтуецца на фундаменце першых дзвюх і патрабуе ў дадатак да ўсяго ўлічыць існуючыя рызыкі і напрацаваць мерапрыемствы для пагашэння такіх рызык, форс-мажорных абставін. А форс-мажору хапае — гэта і хістанні долара, і хістанні цаны на нафту, і складанасці ў міжнароднай сітуацыі... Вось зараз з гэтымі рызыкамі і працуем у першую чаргу. Бо любая вытворчасць павінна быць ад іх абаронена.

Мы за ўвесь час сертыфікавалі 59 прадпрыемстваў сваёй зоны на адпаведнасць дзеючых там сістэм менеджменту якасці міжнародным стандартам, а зараз пастаянна іх вучым, як прадбачыць магчымасць з'яўлення рызык, каб звесці да мінімуму непажаданыя наступствы. І дапамагаем перайсці на новую версію стандартаў ІSO.

Паверка нівеліраў  і тэадалітаў даручана  вопытнаму  інжынеру-метролагу  Валянціне  Шкутавай.

— І што ў выніку? Наколькі шырока ўкаранёна сістэма менеджменту якасці ў сямі раёнах вашай зоны абслугоўвання?

— Сістэма дзейнічае на ўсіх асноўных, буйных прадпрыемствах зоны абслугоўвання. І на тых, якія не надта на слыху, — на «Белкофе» ў Ашмянах, на «Ліор-Пластыку» — а гэта перапрацоўка рыбы ў Навагрудку, у шэрагу раённых арганізацый «Сельгастэхнікі», на Смаргонскім хлебазаводзе, на швейнай фабрыцы ў Навагрудку «Белкрэда», у Смаргонскім райпа, будаўнічых арганізацыях — пералік вялікі.

Некалькі прадпрыемстваў сертыфікаваны на HACCP. З распрацоўкай і ўкараненнем менавіта гэтых сістэм кіравання бяспечнасцю харчовых прадуктаў крыху складаней, бо патрабуецца вялікая мадэрнізацыя прадпрыемства, перш за ўсё забеспячэнне высокай культуры вытворчасці, захаванне санітарных нормаў, ледзьве не суцэльная герметызацыя прадпрыемства.

Не ўсюды пакуль можна дабіцца такой стэрыльнасці. Але за аналізам рызык і крытычных кропак харчовай вытворчасці — будучае, і ў гэтым кірунку трэба працаваць. У Лідзе HACCP пакуль атрымалі 9 прадпрыемстваў, пяць з іх — з нашым удзелам і дапамогай.

— Мікалай Іванавіч, лозунг «Купляйце беларускае» па-ранейшаму актуальны ці ён зняты з павесткі дня?

— Лічу яго актуальным. Тым больш што бясконцыя гандлёвыя войны перашкаджаюць нармальнаму экспарту нашых тавараў у бліжняе замежжа. Айчынныя вытворцы склалі там моцную канкурэнцыю мясцовым таваравытворцам, адсюль гэтыя нічым не падмацаваныя прыдзіркі. Брэнд «Беларускае» настолькі папулярны, што ім карыстаюцца нават для падману пакупніка. Часта фальсіфікаваную прадукцыю — такую, як сыры, масла, сухое малако, рэалізуюць пад маркай нашых беларускіх вытворцаў.

— Што новага за апошнія гады з'явілася ў рабоце лідскага цэнтра?

— Узялі больш выразны курс на абарону экалогіі. У свеце экалагічныя ўмовы пагаршаюцца — расце колькасць шкодных выкідаў, азонавы слой змяншаецца, прадукцыйнасць зямлі таксама, плюс парніковы эфект, і расце колькасць адходаў жыццядзейнасці чалавека. Сапраўдны галаўны боль любой дзяржавы. А значыць, і наш.

Мы пайшлі на арганізацыйныя меры — стварылі ў сябе новы аддзел, які займаецца інвентарызацыяй крыніц шкодных выкідаў, шумаў, выхлапаў, прамысловых сцёкаў. Тут ёсць дзе прыкласці намаганні, веды. Напрацоўваем вопыт, які спатрэбіцца ўсім. У ліку актуальных задач — распрацоўка тэхналагічных дакументаў і інструкцый па ўтылізацыі тых жа адходаў, распрацоўка праектаў санітарна-ахоўнай зоны прадпрыемстваў.

Трывожыць, што ў рэальным сектары скарачаюць службы стандартызацыі, метралогіі. А парк абсталявання, за якім патрэбен кантроль, расце.

Уладзімір Хількевіч

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.