Вы тут

Я заняты


Тралейбус... «Ба, я заняты, кажы хутчэй, што ты хацела», — злуецца ў слухаўку (пэўна, на сваю бабулю) малады чалавек з дрэдамi i праз секунду зноў утароплiваецца ў свой планшэт. I такiх хлопцаў i дзяўчат, жанчын i мужчын я бачу практычна штодзень па дарозе на работу. «Я заняты» — хвароба сучасных людзей. Гэты вiрус часам не абмiнае i мяне: здараецца, адкладваю сустрэчы з блiзкiмi людзьмi на панядзелак, забываюся палюбавацца на зоркi...


«Гэта ж жудасна! Што ж у Вас за жыццё, калi няма часу нават паглядзець на Вялiкую Мядзведзiцу», — дакорлiва пазiрае на мяне з манiтора камп'ютара настаўнiк Марын Мiрою — галоўны герой фiльма «Безыменная зорка».

I чамусьцi адразу ўзгадваецца дыялог памiж лётчыкам i Маленькiм прынцам:

— Я заняты сур'ёзнай справай.

— Ты размаўляеш, як дарослыя! Я ведаю адну планету, там жыве такi Пан з пунсовым тварам. Ён нiколi не нюхаў кветкi. Нi разочку не глянуў на зорку. Ён нiколi нiкога не любiў. I нiколi нiчога не рабiў. Ён заняты толькi адным: лiчэннем. Цэлымi днямi напралёт ён, як ты, паўтарае адно i тое ж: «Я чалавек сур'ёзны! Я чалавек сур'ёзны!» I проста ледзь не лопаецца ад гордасцi. Але гэта не чалавек, гэта — грыб!

...Бацька вярнуўся з працы позна, злы i стомлены. У дзвярах яго чакаў 5-гадовы сын:

— Тата, можна спытаць?

— Вядома, пытайся.

— Тата, колькi ты зарабляеш за гадзiну?

— Гэта цябе не тычыцца. А чаму ты, уласна, пытаешся?

— Мне проста трэба ведаць! Калi ласка, скажы: колькi ты зарабляеш за гадзiну?

— Ну, 20 долараў.

Малы апусцiў галаву i прамармытаў:

— Ого... Тат, а ты не пазычыш мне 10 долараў?

Бацька раззлаваўся:

— Ты спытаў толькi таму, што хацеў грошай на цацкi, комiксы або iншыя бескарысныя глупствы! За гэта зараз жа пойдзеш у свой пакой i ляжаш спаць! I падумай пра тое, якi ты эгаiст! Я кожны дзень з ранку да вечара працую, каб цябе кармiць!..

Маленькi хлопчык пайшоў у свой пакой i зачынiў дзверы.

Бацька сеў на канапу, уключыў тэлевiзар, але нiяк не мог супакоiцца — усё злаваўся на сына. Ды як той адважыўся задаць такое пытанне, толькi каб выпрасiць грошай?

Але праз гадзiну мужчына супакоiўся i задумаўся: можа, сыну сапраўды трэба купiць нешта за 10 долараў? У рэшце рэшт, ён рэдка просiць грошай. Бацька ўстаў, падышоў да пакоя сына i прыадчынiў дзверы.

— Ты спiш, сынок? — спытаў ён.

— Не, тат, не сплю, — адказаў хлопчык.

— Ты ведаеш, у мяне быў цяжкi дзень. Напэўна, таму я на цябе накрычаў. Ты прасiў
10 долараў — вось, трымай.

Хлопчык сеў на ложку i заўсмiхаўся:

— Дзякуй, тата, вялiкi дзякуй!

Затым хлопчык выцягнуў з-пад падушкi некалькi скамечаных купюр i павольна пералiчыў iх. Бацька зразумеў, што ў сына ўжо былi грошы, i зноў раззлаваўся.

— Калi ў цябе былi грошы, — спытаў бацька, — то чаму ж ты прасiў яшчэ?

— Таму што ў мяне было мала, але зараз хопiць. Тата, глядзi: у мяне ёсць 20 долараў. Можна мне купiць гадзiну твайго часу? Калi ласка, прыходзь заўтра дадому крыху раней. Я вельмi хачу, каб ты з намi павячэраў...

«Той дзень, лiчы, завянуў пустацветам,

Калi ты пяць хвiлiн пашкадаваў,

Каб дзецям паказаць куточак свету

I хараство людзей, i дрэў, i траў», — нагадвае нам Пiмен Панчанка, але...

«Мне няма калi», — пастаянна кажам мы. Некалi патэлефанаваць, напiсаць, пабачыцца з тым, хто чакае. Мы вечна занятыя, кудысьцi спяшаемся. «Добра», — адказвае час i знiкае... Часта назаўсёды.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».