Вы тут

З якімі пытаннямі ідуць на прыём да старшыні Мінаблвыканкама?


У Фёдара Голуба з Капыльскага раёна цікавы і нялёгкі лёс. Фёдар Карпавіч — непаўналетні вязень канцэнтрацыйнага лагера, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, інвалід ІІ групы. Пасля вайны аднаўляў народную гаспадарку, працаваў на розных пасадах. Усюды цанілі яго прафесіяналізм, адказнасць у выкананні сваіх абавязкаў. Ён заслужаны работнік прамысловасці БССР, атрымлівае асобую пенсію. Агульны працоўны стаж — 47 гадоў. Пражывае з жонкай Яўгеніяй Андрэеўнай у вёсцы Доўгае Капыльскага раёна. Да гэтага гаспадар працаваў на Любаншчыне.

У падсобным памяшканні ўстаноўлены вялікі кацёл на цвёрдым паліве. Ды абслугоўваць яго з улікам узросту і здароўя пенсіянеры не ў стане. Фёдар Карпавіч звярнуўся ў райвыканкам з просьбай аказаць яму дапамогу ва ўладкаванні на прысядзібным зямельным участку газавага рэзервуара. Але гэта дарагое задавальненне, толькі работы па ўстаноўцы цягнуць на 15 тыс еўра.


— У Любань мяне накіравалі ў 1977 годзе для ўводу ў дзеянне камбіната будаўнічых матэрыялаў. Тут мне выдзелілі дом, які затым дзяржава перадала бязвыплатна ва ўласнасць як ветэрану Вялікай Айчыннай вайны. У 1994-м я пайшоў на пенсію, а жыллё здаў у арэнду, аформіўшы адпаведны дагавор. Сам пераехаў на дачу ў Капыльскі раён, якую пабудаваў сваімі рукамі. Але ж, каб ведаў, што чакае, падаслаў бы саломкі, каб не балюча было падаць. Наймальнік падрабіў дакументы на продаж дома з маім подпісам. Махляр ужо памёр, дом пустуе, а я вымушаны жыць з жонкай на дачы. Мая спадарожніца жыцця з-за ўсёй гэтай гісторыі перанесла інсульт.

З такой крыўдай прыйшоў пенсіянер на прыём да старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры. Фёдар Карпавіч не пакідае надзеі даказаць, што ён стаў ахвярай аферыстаў.

Папярэдне ва ўсіх абставінах разбіраліся спецыялісты. Па іх словах, сітуацыя, сапраўды, неадназначная. Чалавек, якога Фёдар Карпавіч пусціў у свой дом на правах арэнды, прадаў яго нерухомасць. А затым новы ўласнік перапрадаў яго іншай асобе. Суды ўсіх інстанцый адхілілі іскавыя патрабаванні Фёдара Голуба і пакінулі здзелку куплі-продажу нерухомасці ў сіле. Тэрмін іскавай даўнасці мінуў, і сёння вярнуць жыллё былому гаспадару не прадстаўляецца магчымым.

Варта сказаць, што ў ветэрана ёсць дом плошчай 100 квадратных метраў у вёсцы Доўгае Капыльскага раёна. Але праблема ў тым, што ў ім холадна. Кацёл ацяпляе толькі кухню. У астатніх пакоях гаспадарам у халодную пару года знаходзіцца немагчыма. У падсобным памяшканні ўстаноўлены вялікі кацёл на цвёрдым паліве. Ды абслугоўваць яго з улікам узросту і здароўя пенсіянеры не ў стане. Фёдар Карпавіч звярнуўся ў райвыканкам з просьбай аказаць яму дапамогу ва ўладкаванні на прысядзібным зямельным участку газавага рэзервуара. Але гэта дарагое задавальненне, толькі работы па ўстаноўцы цягнуць на 15 тыс. еўра. А бюджэтам не прадугледжана будаўніцтва індывідуальных крыніц ацяплення для грамадзян. У Фёдара Карпавіча ёсць магчымасць падключыць электрычны тэн для абагрэву дома, але гэта таксама вельмі дорага.

Пенсіянер нават гатовы аддаць свой дом раёну ўзамен на сацыяльнае жыллё. Ды па законе такі падарунак райвыканкам не мае права прыняць.

Яму растлумачылі, што ў чарзе на атрыманне сацыяльнага жылля стаіць 161 чалавек. Гэта інваліды, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, многія з іх наогул не маюць ніякага кутка. І парушаць чаргу ніхто не будзе: няма такіх паўнамоцтваў.

Як варыянт, бацькі маглі б на зіму перасяліцца да дзяцей або ў дом кругласутачнага знаходжання. Але яны адмаўляюцца.

— Трэба пастарацца дапамагчы заслужаным людзям, — звярнуўся да старшыні райвыканкама Сямён Шапіра. — Знайдзіце чалавека, каб за пэўную плату распальваў кацёл два разы ўдзень: раніцай і вечарам. Дровы ў лясгасе, мяркую, знойдуцца.

Акрамя таго, кіраўнік цэнтральнага рэгіёна парэкамендаваў гаспадарам прадаць жыллё і купіць іншае або памяняць яго на больш цёплае і ўтульнае. «Толькі дарыць яго нікому не трэба. Дом у вас вялікі, каштуе нятанна. Магчыма, яго захоча прыдбаць шматдзетная сям'я», — выказаўся Сямён Шапіра.

— Што тычыцца любанскага дома, то рашэнне суда для мяне, як і любога чалавека, — закон, які належыць выконваць. Я не маю права ўмешвацца ў дзейнасць судовых органаў, — рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.

Ды заяўнік стаяў на сваім: «Я прыйшоў на прыём да вас невыпадкова. Вы шчыры і справядлівы чалавек, вы ж губернатар. Зрабіце так, каб прыехаў пракурор».

— Я не магу ўказваць пракурору, магу толькі папрасіць азнаёміцца з вашым пытаннем, — паставіў кропку ў размове Сямён Шапіра.

Як падалося, адказам пенсіянер застаўся задаволены.

І яшчэ адно жыллёвае пытанне давялося вырашаць кіраўніку сталічнай вобласці. Юлія Мамчыц з 2007 года мае статус сіраты і стаіць на адпаведнай чарзе. Разам з тым чакаць кватэры давядзецца яшчэ доўга. Дзяўчына працуе поварам, жыве на здымнай кватэры, на аплату якой ідзе значная частка зарплаты. За свае даходы яна не можа пабудаваць жыллё нават з дапамогай ільготнага крэдыту. Сямён Шапіра даручыў старшыні райвыканкама Анатолю Ліневічу вывучыць сітуацыю аб магчымым працаўладкаванні дзяўчыны ў адной з арганізацый, якая мае службовае жыллё.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Жыллёвае пытанне Фёдара Карпавіча

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.