Вы тут

Дарожныя службы краіны да зімы гатовыя


Даты ў календары і надвор'е часта не адпавядаюць адзін аднаму. Вось і ў гэтым годзе зіма паспрабавала ўступіць у свае правы ўжо ў пачатку лістапада. Гэта заспела знянацку шматлікіх удзельнікаў дарожнага руху як сярод вадзіцеляў, так і сярод пешаходаў. Як вынік — вялікая колькасць аварый: за мінулыя трохдзённыя выхадныя адбылося 34 ДТЗ, у якіх 11 чалавек загінулі і 35 атрымалі раненні. Пра тое, як звесці да мінімуму наступствы дрэннага надвор'я, расказалі прадстаўнікі ДАІ, дарожных службаў і прадпрыемства «Белтэхагляд».


Старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Станіслаў САЛАВЕЙ параіў вадзіцелям не цягнуць са зменай летняй гумы на зімовую. Нягледзячы на тое, што ў Правілах перыяд яе абавязковага выкарыстання абмежаваны рамкамі пары года — з першага снежня па канец лютага, — падумаць пра сваю бяспеку варта загадзя. Як толькі тэмпература ўсталёўваецца на ўзроўні васьмі градусаў цяпла і ніжэй, летняя гума, умоўна кажучы, дзеравянее, што адбіваецца на манеўранасці аўтамабіля. Каб адчуць асаблівасці «паводзін» машыны ў зімовае надвор'е, пасля выпадзення першага снегу варта паспрабаваць рэзка затармазіць на невялікай хуткасці. Розніца з сухім асфальтам будзе каласальная — гэта дапаможа настроіцца на новыя ўмовы.

У сувязі са скарачэннем светлавога дня, а таксама з'яўленнем гурбаў уздоўж дарог павялічваецца колькасць збітых пешаходаў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Многія чамусьці да гэтага часу лічаць, што флікеры — гэта забаўкі для дзяцей і падлеткаў. Хоць перамяшчацца без іх у цёмны час сутак уздоўж дарогі амаль тое ж самае, што ўвайсці ў клетку з тыграмі — гэта смяротна небяспечна! Не варта ігнараваць і такія простыя, але важныя правілы: ісці насустрач руху, ні ў якім разе не заходзячы за абмежавальную паласу.

Нярэдка вадзіцелі, якія збіваюць чалавека, знікаюць з месца здарэння. Робяць яны гэта дарэмна, бо калі б замест уцёкаў яны выклікалі хуткую дапамогу і ДАІ, то да адказнасці прыцягнуты не былі б, таму што ў большасці выпадкаў вінаватыя пешаходы. Калі ж вадзіцель збягае, то ён можа быць пакараны за тое, што скрыўся з месца ДТЗ і кінуў чалавека ў небяспецы.

Пры складаных прыродных умовах на службу заступае ўзмоцнены склад супрацоўнікаў ДАІ, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з планам «Надвор'е». Аднак пракантраляваць сітуацыю адначасова на ўсіх дарогах немагчыма, таму прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі просяць у выпадку выяўлення небяспечных участкаў паведамляць пра іх па нумары 102.

Калі ўзніклі непаладкі з аўтамабілем ці ўмовы надвор'я перашкаджаюць працягваць рух, па дапамогу таксама можна звярнуцца па адзіным нумары дарожнай службы — 125. Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей ЛЯВОНЧЫК, варта суадносіць неабходнасць паездкі на аўтамабілі з пагрозамі, якім вы можаце сябе падвергнуць. Інфармацыя аб розных узроўнях небяспекі — ад зялёнага да чырвонага — даецца нездарма. І, калі ўзровень пагрозы аранжавы, а тым больш чырвоны, варта некалькі разоў падумаць, перш чым адправіцца ў дарогу. На сайце ведамства можна прасачыць стан дарог па ўсёй Беларусі. Фатаграфіі, якія паступаюць з дарожна-вымяральных станцый, абнаўляюцца кожныя паўгадзіны.

Калі адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, то пасля выстаўлення знака аварыйнага прыпынку варта неадкладна адысці ад аўтамабіля на абочыну. Ва ўмовах дрэннай бачнасці чалавека на дарозе могуць проста не заўважыць.

Да зімовага сезона для ўтрымання дарог рэспубліканскага значэння гатовы 1800 адзінак тэхнікі, з якіх 690 — пескасолеразмеркавальнікі. Закуплена 350 тысяч тон процігалалёдных матэрыялаў і 8 тысяч тон соляў у чыстым выглядзе.

Па словах намесніка дырэктара прадпрыемства «Белтэхагляд» Міхаіла СВІСТУНА, у гэтым годзе скарацілася колькасць вадзіцеляў, якія падалі свой аўтамабіль для праходжання гэтай працэдуры. З-за тэхнічных непаладак адбываецца ўсяго каля 1% ад агульнага ліку ўсіх аварый, аднак наступствы ў гэтых выпадках часцей за ўсё вельмі цяжкія. На канец лістапада запланавана дэкада рэйдавых мерапрыемстваў па тэхаглядзе сумесна з ДАІ.

У цэлым, за апошнія 10 гадоў удалося істотна скараціць колькасць людзей, якія гінуць у ДТЗ. Калі ў 2006-м іх было больш за 1700, то летась — 644 чалавекі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Са стыхіяй на «ты»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.